Вы тут

Эмоцыі — пасля рынга


Згодна з умовамі нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў завершаны. Пакуль у рэдакцыі разглядаюцца апошнія паступіўшыя па часе работы (а па нязменнай ужо шматгадовай традыцыі некаторыя з пачаткоўцаў адправілі іх ледзьве не ў самы апошні тэрмін), «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае друкаваць найлепшыя матэрыялы, што былі дасланыя раней. Канчатковыя вынікі конкурсу будуць падведзены пазней, тады ж мы назавём і імёны пераможцаў. Таму сачыце за дадаткам!

Пакуль жа хочам павіншаваць усіх удзельнікаў нашага творчага спаборніцтва. Спадзяёмся, што і навічкі-дэбютанты, і сталыя ўдзельнікі конкурсу, якія бяруць у ім удзел на працягу апошніх двух-трох гадоў, атрымалі для сябе карысны досвед, а хто збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі — умацаваліся ва ўласным выбары, паспытаўшы прафесійнага «хлеба» на нашай імправізаванай «кухні», пляцоўцы для самавыяўлення беларускамоўных маладых творцаў пад назвай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»


Раней бокс быў выключна мужчынскім відам спорту. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі брытанская феміністка, жанчына-пэр, баранеса Эдыт Самерскіл выступала за забарону бокса з-за яго жорсткасці. Што ж казаць пра жаночыя баі?


Віталіна Вірынская

Многія лічаць, што прадстаўніцы прыгожага полу — істоты слабыя, якія не могуць дэманстраваць сваю сілу нароўні з мужчынамі. Я прытрымлівалася такога ж меркавання, пакуль не пазнаёмілася з юнымі маладзечанскімі спартсменкамі.

Вікторыя Мандрык займаецца тайскім боксам два гады. «На старце» яе мама была супраць такога хобі. «Махаць кулакамі — гэта не для дзяўчат», — паўтарала яна. Але бачачы непадробную цікавасць дачкі, дазволіла ёй схадзіць на трэніроўку.

— Я прыйшла ў спартыўны клуб «Гладыятар» і ўбачыла дзяўчыну, якая з азартам і бляскам у вачах калаціла баксёрскую грушу, — успамінае Віка.

Гэта была Віталіна Вірынская, бронзавы прызёр чэмпіянату свету па тайскім боксе, сяміразовая чэмпіёнка Беларусі па ўшу.

— Многія дзяўчаты прыходзяць толькі для таго, каб зрабіць забаўнае сэлфі, — заўважыла Віталіна.

Таму сама аддае перавагу трэніроўкам з юнакамі, у іх сапраўды можна набрацца досведу, яны могуць дапамагчы парадай, паказаць, як трэба рабіць тое ці іншае практыкаванне.

Трэніруецца два-тры разы ў тыдзень па дзве гадзіны. Парным спарынгам папярэднічае размінка з гантэлямі, скакалкай. А ў самым канцы баксёры звычайна качаюць прэс, ногі, шыю.

— Спецыяльнай дыеты я не прытрымліваюся, бо заўсёды знаходжуся ў патрэбнай вазе. Адзінае правіла — ніякага курэння і спіртных напояў, — сцвярджае суразмоўніца.

Спорт, вядома ж, загартоўвае характар, але прырода бярэ сваё. На рынгу Віталіна моцная, упэўненая, актыўная, а ў звычайным жыцці можа быць добрай, далікатнай і нават сентыментальнай.

— Мяне можа расчуліць сумны фільм, кранальная гісторыя, — прызнаецца дзяўчына. — На рынгу я ніколі не плакала, нават калі былі траўмы. А пасля бою, калі ніхто не бачыць, магу даць волю пачуццям.

У стылі адзення спартсменка не губляе жаноцкасці: робіць макіяж, манікюр, любіць насіць сукенкі і абутак на высокіх абцасах. Як і любая дзяўчына, марыць пра вялікую сям'ю.

Зразумела, што бокс робіць людзей мацнейшымі, але не пазбаўляе пры гэтым дзяўчат прыгажосці, далікатнасці і чуласці.

Аліна Шумель, вучаніца 10 класа гімназіі № 10 г. Маладзечна.

Пра аўтара

Аліне 16 гадоў. Пра сябе яна кажа, што ў яе было шмат розных захапленняў: танцы, музыка, акцёрскае майстэрства. Але потым дзяўчына аддала перавагу журналістыцы і ў будучым хоча звязаць з ёй сваё жыццё.

— Люблю фатаграфаваць прыроду, людзей, звяроў. Мае фотаработы неаднойчы займалі прызавыя месцы ў раённых і абласных конкурсах, — падзялілася Аліна яшчэ адным сваім захапленнем, якое можа быць карысным у будучай прафесіі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.