21 Верасень, пятніца

Вы тут

Юнакі — прадпрымальнікі


Згодна з умовамі нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў завершаны. Пакуль у рэдакцыі разглядаюцца апошнія паступіўшыя па часе работы (а па нязменнай ужо шматгадовай традыцыі некаторыя з пачаткоўцаў адправілі іх ледзьве не ў самы апошні тэрмін), «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае друкаваць найлепшыя матэрыялы, што былі дасланыя раней. Канчатковыя вынікі конкурсу будуць падведзены пазней, тады ж мы назавём і імёны пераможцаў. Таму сачыце за дадаткам!

Пакуль жа хочам павіншаваць усіх удзельнікаў нашага творчага спаборніцтва. Спадзяёмся, што і навічкі-дэбютанты, і сталыя ўдзельнікі конкурсу, якія бяруць у ім удзел на працягу апошніх двух-трох гадоў, атрымалі для сябе карысны досвед, а хто збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі — умацаваліся ва ўласным выбары, паспытаўшы прафесійнага «хлеба» на нашай імправізаванай «кухні», пляцоўцы для самавыяўлення беларускамоўных маладых творцаў пад назвай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»


Старшакласнікі з Маладзечна Аляксандр Траска і Ягор Кавалёў год таму сталі вырабляць на продаж розныя драўляныя рэчы. Калісьці Саша займаўся ў гуртку «Юны ўмелец». З тых часоў у яго засталася не толькі прылада для выпальвання, але і вялікая любоў да апрацоўкі дрэва.


Спачатку гэтая задума здавалася неверагоднай, але першыя магніты ў форме мішак, эскіз якіх юнакі знайшлі ў інтэрнэце, раскупілі даволі хутка.

— Тады мы думалі, што гэта дробязь, але потым зразумелі: трэба бачыць вынік у малым, бо менавіта ён матывуе ісці да самай вялікай мары, — успамінае Аляксандр.

Бацькі падтрымалі пачынанне дзяцей: дапамаглі абсталяваць майстэрню, закупіць матэрыял. Продаж вырабаў «Trее mаkеrs» (так сябры назвалі сваю справу) пайшоў у гару. Усё, што выходзіць з рук хлопцаў, — кухонная дошка або падстаўка для сурвэтак, магніт ці бірулька — атрымліваецца сапраўды якаснае. Часам здараюцца незвычайныя заказы, напрыклад, лялечны домік для Барбі і Кена. Тады майстры праяўляюць усю сваю фантазію і творчасць, каб падарунак малому атрымаўся насамрэч арыгінальны.

Па словах юных прадпрымальнікаў, людзям падабаецца тое, што яны робяць, і яшчэ ніхто не адмаўляўся ад заказу. Асабліва дзякавалі за калаж з фотарамак у выглядзе дрэва, які стаў годным аздабленнем кватэры.

— Мы заўсёды стараемся рабіць нешта новае і актуальнае, — тлумачыць Ягор, — спрабуем знайсці падыход да кожнага пакупніка, ставім сябе на яго месца.

Нядаўна ў сяброў з'явілася магчымасць прадаваць свае вырабы не толькі ў Маладзечне, але і ў Мінску. Зрабіць заказ можа абсалютна кожны, для гэтага дастаткова азнаёміцца з каталогам і напісаць адміністратарам.

Дзякуючы цярпенню, уседлівасці і мэтанакіраванасці маладыя людзі змаглі дамагчыся немалых поспехаў. Першыя даходы пайшлі на набыццё больш якасных матэрыялаў, розных інструментаў для апрацоўкі дрэва, у тым ліку і станка. Пакуль хлопцы працуюць удваіх, час ад часу змяняючы адзін аднаго: адзін выпілоўвае, другі афармляе, затым наадварот.

З выбарам будучай прафесіі суразмоўнікі пакуль не вызначыліся, таму пра асноўны абавязак — вучыцца — яны не забываюць. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць замежным мовам, бо лічаць, што ў будучыні гэта ім спатрэбіцца. У напружаным графіку юных бізнесменаў знаходзіцца час і для іншых захапленняў. Напрыклад, Ягор любіць маляваць і адпачываць за праглядам вострасюжэтных фільмаў, а Саша іграе на баяне і гуляе ў валейбол. Калі ж хлопцы збіраюцца разам, то імкнуцца не губляць ні хвіліны: распрацоўваюць новыя ідэі, выконваюць заказы, разбіраюць памылкі. Усё гэта набліжае маладых людзей да іх запаветнай мэты — стварыць дабрачынны фонд, які яны будуць забяспечваць сродкамі, атрыманымі ад продажу вырабаў.

— Хочацца быць карысным тым, хто з якіх-небудзь прычын мае патрэбу ў дапамозе, — кажа Ягор.

Усё роўна, чым будуць займацца нашы героі ў далейшым, зразумела адно: у такіх прадпрымальных юнакоў усё атрымаецца.

Ірына Бубнова, вучаніца 11 класа СШ № 12 г. Маладзечна

Пра аўтара

— Хутка канец навучальнаму году, і таму ўсе мае думкі, напэўна, як і ва ўсіх маіх аднагодкаў, — пра паступленне, — падзялілася сваімі хваляваннямі наша аўтарка. — Кожная хвіліна на рахунку, аднак я стараюся знаходзіць час для хобі і чытання. Духоўнаму станаўленню дапамагае мая любімая сучасная паэтка Астахава. Яе вершы незвычайна пачуццёвыя і эмацыянальныя, яны здольныя падтрымаць, натхніць і абнадзеіць.

У Ірыны гэта ўжо другая дасланая «проба пяра», што, нагадаем, умовамі нашага творчага конкурсу не забараняецца. Праз два тыдні аўтарцы споўніцца 18 гадоў.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!