Вы тут

Сусвет дзяўчыны з ружовымі валасамі


Згодна з умовамі нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў завершаны. Пакуль у рэдакцыі разглядаюцца апошнія паступіўшыя па часе работы (а па нязменнай ужо шматгадовай традыцыі некаторыя з пачаткоўцаў адправілі іх ледзьве не ў самы апошні тэрмін), «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае друкаваць найлепшыя матэрыялы, што былі дасланыя раней. Канчатковыя вынікі конкурсу будуць падведзены пазней, тады ж мы назавём і імёны пераможцаў. Таму сачыце за дадаткам!

Пакуль жа хочам павіншаваць усіх удзельнікаў нашага творчага спаборніцтва. Спадзяёмся, што і навічкі-дэбютанты, і сталыя ўдзельнікі конкурсу, якія бяруць у ім удзел на працягу апошніх двух-трох гадоў, атрымалі для сябе карысны досвед, а хто збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі — умацаваліся ва ўласным выбары, паспытаўшы прафесійнага «хлеба» на нашай імправізаванай «кухні», пляцоўцы для самавыяўлення беларускамоўных маладых творцаў пад назвай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»


Вось як бывае: ты ходзіш у школу і нават не падазраеш, што зусім побач вучацца крэатыўныя і творчыя равеснікі. Вучаніцу адзінаццатага класа маладзечанскай СШ № 2 Анастасію Васілеўскую я заўважыла зусім нядаўна. Маю ўвагу прыцягнуў не столькі ярка-ружовы колер валасоў дзяўчыны, колькі яе цікаўны і ўпэўнены позірк.


Здаецца, што навуку і мастацтва цяжка сумясціць. Але мая сённяшняя гераіня разбурыла гэты стэрэатып, атрымаўшы другое месца ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых малюнкаў «РRОнавуку». У намінацыі «Касмічнае падарожжа» журы высока ацаніла Насціну работу, выкананую ў графічным стылі. А прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе настаўніца матэматыкі, якая даведалася аб незвычайным таленце сваёй вучаніцы.

Маляваннем Насця захапляецца ўжо дзевяць гадоў. У дзяцінстве галоўнымі персанажамі ўвесь час былі лялькі. Малявала вельмі шмат і літаральна на ўсім, да чаго магла дацягнуцца, таму бацькі вырашылі аддаць дачку ў мастацкую школу.

— Маляванне дапамагае аддацца эмоцыям і пачуццям, а яшчэ гэта выдатны спосаб пераносіць уражанні на паперу, — з захапленнем расказвае дзяўчына. — А на творчасць мяне натхняюць работы фатографаў, такіх як Томас Хепкер і Гары Груер. У асноўным усе мае малюнкі выкананы ў стылі графікі і рэалізму.

Кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Вось і Насця не выключэнне. Акрамя малявання яна захапляецца харэаграфіяй, з'яўляецца ўдзельніцай розных танцавальных конкурсаў і фестываляў. Перавагу дзяўчына аддае такім папулярным кірункам, як Hір Hор і Tесhnо.

Таксама Насця вучыцца ў музычнай школе, іграе на двух інструментах: гітары і ўкулеле (гэта маленькая гавайская гітара). Са слоў дзяўчыны, незвычайнае гучанне апошняй з'яўляецца выдатным сродкам ад стрэсу і стомленасці, паляпшае настрой, і без гэтага атрыбута не абыходзіцца ні адна вечарынка.

Яшчэ Анастасія імкнецца перадаць свой унутраны свет, складаючы вершы і апавяданні. У дзявятым класе стала пераможцай раённага конкурсу «Слова — маладым» у намінацыі «Гэта мяне хвалюе».

— Ужо тады я цікавілася сацыялогіяй і ўзаемаадносінамі паміж людзьмі, — прыгадвае Насця. — А цяпер мяне гэта яшчэ больш хвалюе, бо я стала дарослай, і некаторыя мае погляды на жыццё змяніліся.

Адзінаццацікласніца марыць стаць архітэктарам.

— Я б хацела спраектаваць вялізныя будынкі ў стылі рацыяналізму: арт-прасторы, бібліятэкі, бізнес-цэнтры, — дзеліцца суразмоўніца.

Цяпер яна не толькі актыўна малюе, распрацоўвае чарцяжы, але і старанна рыхтуецца да выпускных іспытаў. Школьніца ўдала сумяшчае хобі і вучобу, а веды засвойвае хутка і лёгка.

— Адзінае, чаго мне не хапае, гэта большай свабоды для творчасці і рэалізацыі ўсіх праектаў, якія прыходзяць у галаву. Ну, і колькасці гадзін у сутках, іх занадта мала для мяне, — жартуе дзяўчына.

Мне спадабалася яе мэтанакіраванасць. Яна ўжо шмат чаго дамаглася, але пастаянна ставіць перад сабой усё новыя задачы. У найбліжэйшай будучыні Анастасія Васілеўская плануе паступіць ва ўніверсітэт, адкрыць персанальную выстаўку і перамагчы на чэмпіянаце па танцах «BІZОN» у Мінску.

Карына Міклушыс, вучаніца 10 класа СШ № 2 г. Маладзечна

Пра аўтара

— Я хачу стаць журналістам, — расказала пра сябе Карына, якой нядаўна споўнілася 16 гадоў. — Асноўныя крытэрыі ў выбары будучай прафесіі — цікаўнасць і камунікабельнасць. Мне падабаецца кантактаваць з людзьмі, даведвацца пра іх інтарэсы, звычкі, густы і мары. Таму ў мяне і не зусім звычайнае хобі — посткросінг (абмен паштоўкамі). Дзякуючы гэтаму захапленню я знайшла сяброў у розных кутках свету, напрыклад, у Паўночна-Афрыканскай Рэспубліцы, Балгарыі, Германіі. У мяне вялікія планы, а найбліжэйшыя з іх — паступленне на факультэт журналістыкі. Для дасягнення гэтай мары я прыкладаю намаганні ўжо цяпер.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.