Вы тут

Музыка — яе «цудоўнае далёка»...


Згодна з умовамі нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў завершаны. Пакуль у рэдакцыі разглядаюцца апошнія паступіўшыя па часе работы (а па нязменнай ужо шматгадовай традыцыі некаторыя з пачаткоўцаў адправілі іх ледзьве не ў самы апошні тэрмін), «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае друкаваць найлепшыя матэрыялы, што былі дасланыя раней. Канчатковыя вынікі конкурсу будуць падведзены пазней, тады ж мы назавём і імёны пераможцаў. Таму сачыце за дадаткам!

Пакуль жа хочам павіншаваць усіх удзельнікаў нашага творчага спаборніцтва. Спадзяёмся, што і навічкі-дэбютанты, і сталыя ўдзельнікі конкурсу, якія бяруць у ім удзел на працягу апошніх двух-трох гадоў, атрымалі для сябе карысны досвед, а хто збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі — умацаваліся ва ўласным выбары, паспытаўшы прафесійнага «хлеба» на нашай імправізаванай «кухні», пляцоўцы для самавыяўлення беларускамоўных маладых творцаў пад назвай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»


Арына Воляк — вучаніца адзінаццатага класа сталічнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка па класе харавога дырыжыравання — марыць, вядома, пра сцэну. «Я планую сваё жыццё звязаць з музыкай, — кажа дзяўчына. — Хачу паступаць на опернага вакаліста». Яе куміры — Ганна Нятрэбка і Ала Пугачова. Апроч таго, Арына ведае некалькі моў, шмат падарожнічае і захапляецца фатаграфіяй.


Каледж дзяўчына лічыць не проста ўстановай адукацыі, а сям'ёй, дзе кожны настаўнік мае свой адменны падыход да вучняў і з'яўляецца для іх не толькі педагогам, але і сябрам. У такім месцы немагчыма не прасякнуцца любоўю да музыкі.

— У нас часта праходзяць «капуснікі», для якіх мы рыхтуем выступленні, — расказвае Арына. — Апошні, у якім брала ўдзел, быў прысвечаны Дню ўсіх закаханых. Я і мае аднакласнікі ўзялі інструменты і прыдумалі сцэнкі, музычныя нумары. Падчас такога вечара можа нават атрымацца якая-небудзь новая песня. Мы адна сям'я.

Любоў да музыкі ў Арыны прачнулася рана. «Мама расказвала, што першым маім гукам была нейкая нота, але я вельмі сумняваюся, што гэта праўда», — кажа дзяўчына. На яе вельмі паўплываў дзядуля, які вадзіў унучку па вёсцы, заводзіў у хаты да суседзяў і прасіў выканаць песню ці расказаць верш. За гэта юная артыстка атрымлівала цукеркі. У тры-чатыры гады ведала амаль усе песні, якія спявалі дарослыя.

— Як трапіла ў оперны тэатр? Гэта вельмі цікавая гісторыя. Была на вяселлі свайго брата, а дзяўчына, з якой ён жаніўся, хадзіла ў дзіцячую студыю пры тэатры, вучылася там на вакалістку. Я спявала на гэтым вяселлі, а ўжо на наступны дзень мы з мамай паехалі на праслухоўванне ў тэатр. Нам раілі пачакаць год, аднак і я, і мама ўсведамлялі, што не зможам чакаць. І мяне праслухалі. Потым не толькі спявала разам з іншымі дзецьмі, але і выконвала сольныя нумары ў некаторых операх: партыю пастушка ў оперы Джакама Пучыні «Тоска» і невялікую арыю ў «Макбеце» Вердзі. Некалькі разоў сыходзіла са студыі з-за вялікай нагрузкі ў каледжы, але ў выніку вярнулася і не шкадую, — расказвае суразмоўніца.

Але тэатр оперы і балета — не адзінае месца, дзе выступае юная артыстка. Ужо ў 11 гадоў Арына выконвала невялікую ролю дзяўчынкі са сну ў пастаноўцы «Вестсайдская гісторыя» ў Беларускім музычным тэатры. У чэрвені 2016 года Арына брала ўдзел у канцэрце, які трансляваўся па тэлебачанні. Там было шмат беларускіх артыстаў: Алена Ланская, Аляксандр Ціхановіч, Ядвіга Паплаўская, Ксенія Сітнік і іншыя.

— У каледжы я спявала сола. Паглядзець на наш хор прыйшла дырыжор з кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і сказала, што ёй патрэбна дзяўчынка для ўдзелу ў канцэрце. Наша хормайстар патэлефанавала мне: трэба тэрмінова спяваць. Папрасілі выканаць «Прыгожае далёка»... Пазней мне падабралі партнёра, хлопчыка з музычнай школы, з якім я і зараз падтрымліваю стасункі. Таксама ўдзельнічала ў зборным хоры, а гэта некалькі сотняў дзяцей з усёй краіны. Было вельмі цікава папрацаваць з Інэсай Бадзякай, кіраўніком кафедры харавога дырыжыравання. Яна чалавек з характарам, спачатку нават страшна было. Работа на тэлебачанні была надзвычай складаная: табе ўвесь час кажуць глядзець у адну кропку, нельга паказваць лішнія эмоцыі. Было страшна і нязвыкла, але гэта велізарны досвед для мяне.

Бацькі ніколі не спрабавалі адгаварыць Арыну ад любімага занятку, разумеючы, як складана ёй будзе без музыкі. «Калі людзі лічаць, што музыка — пустое марнаванне часу, ім проста не трэба займацца гэтым. Многія бацькі спрабуюць адгаварыць дзяцей ад творчых прафесій, бо жадаюць усяго самага лепшага для іх. Проста трэба знайсці «кропкі судакранання». Ты павінен займацца тым, што табе сапраўды падабаецца».

Вакальнае мастацтва трывала «засела» ў душы дзяўчыны і не збіраецца яе пакідаць.

Анастасія Сурынава, вучаніца 10 «А» класа гімназіі № 8 г. Мінска.

Пра аўтара

Анастасія вельмі любіць класічны і музычны тэатр, сама займаецца ўжо дзявяты год у тэатральнай студыі.

— Магчыма, таму я абрала гераіняй матэрыялу маю сяброўку і калегу Арыну, — расказала 15-гадовая аўтарка. — У мяне было шмат варыянтаў будучай прафесіі: рэжысёр музычнага тэатра, урач, гід. Але зараз я скіраваная паступаць на журфак і спадзяюся, што гэта маё. У вольны час люблю гуляць з сябрамі, вывучаць новыя месцы ў родным горадзе, чытаць або глядзець фільмы. Мой упадабаны жанр — мюзіклы, асабліва брадвейская класіка.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.