25 Верасень, аўторак

Вы тут

За што прыйдзецца раскашэліцца трымальніку карткі


Мы ўжо шмат казалі пра перавагі банкаўскіх картак. І зручныя яны, і бяспечныя, і нават умеюць прыносіць дадатковы прыбытак. Але, як вядома, у любога медаля ёсць адваротны бок. У нашым выпадку такім бокам можна назваць платнасць, як саміх картак, так і паслуг, якія банкі аказваюць кліентам-трымальнікам.


Калі платная карта таннейшая

На самай справе, разнастайных камісій існуе вельмі шмат. Аднак гэта не азначае, што яны штодня будуць пераследаваць па пятах трымальніка звычайнага «пластыку». Мабыць, першыя выдаткі, з якімі можа сутыкнуцца патэнцыйны гаспадар карткі, — гэта плата за яе выпуск і абслугоўванне.

Трэба разумець, што ў шэрагу выпадкаў картка можа дастацца вам, што называецца, бязвыплатна, гэта значыць дарма. Так, напрыклад, традыцыйна бясплатна выдаюцца базавыя зарплатныя карткі. Некаторыя банкі ў рамках акцый або проста па дабрыні душэўнай прапануюць аформіць бясплатна ашчадныя карткі, звычайныя дэбетовыя ці нават крэдытныя.

Але ёсць карткі, якія каштуюць вялікіх грошай. Пры афармленні такога «пластыку» трэба разумець, за што вы плаціце, аналізаваць пакет дадатковых паслуг, які можа быць уключаны ў кошт карткі.

Адпаведна, правіла нумар адзін: перад тым, як унесці плату за выпуск і абслугоўванне карткі, высветліце, ці належаць вам «у даважку» нейкія дадатковыя бясплатныя паслугі або бонусы, і пралічыце, наколькі яны могуць пакрыць сабой расходы, звязаныя з выпускам і абслугоўваннем. Напрыклад, калі вы афармляеце кабрэндынгавую картку за 10 рублёў, якая дае вам зніжку 10 % у вашым любімым супермаркеце, відавочна, што першапачатковыя выдаткі адаб'юцца лёгка і даволі хутка. Такім чынам, не заўсёды бясплатная картка таннейшая за платную.

Другі важны аспект — падыходы банка да збірання платы за абслугоўванне карткі. Многія банкі спаганяюць з кліента плату адразу за ўвесь тэрмін дзеяння карткі. У той жа час ёсць банкі, якія прапануюць паслугу рэгулярнага ўнясення плацяжу — напрыклад, штогадовага або штомесячнага.

Пры гэтым зважайце, што кошт карткі пры адначасовай аплаце і пры аплаце «ў растэрміноўку» можа адрознівацца. Падумайце, ці гатовыя вы пераплачваць за магчымасць уносіць плату за картку часткамі, а не адразу.

Не хадзіце ў касу

Вельмі распаўсюджаная камісія — за выдачу наяўных. Звычайна плата за зняцце гатоўкі ў сетцы банка-эмітэнта не спаганяецца. Пры гэтым трэба не забыцца ўдакладніць у вашага банка, ці ёсць у яго партнёрскія праграмы з іншымі банкамі, у рамках якіх можна здымаць наяўныя бясплатна і ў банкаматах «чужых» банкаў.

Вядома, і тут магчымыя варыянты. Так, напрыклад, большасць банкаў спаганяе камісію пры зняцці наяўных з крэдытнай карткі нават у «родным» банкамаце. У рамках зарплатных праектаў часам сустракаюцца варыянты, калі зняцце наяўных без камісій у «чужых» банкаматах немагчыма ў прынцыпе — гэта азначае, што арганізацыя, у якой вы працуеце, выбрала самы танны тарыфны план і, верагодна, плаціць банку мінімальную камісію за залічэнне сродкаў на картку. У той жа час ёсць праграмы, у рамках якіх зняцце наяўных без камісій магчыма ў любым банкамаце і нават за мяжой.

У нашай краіне, калі вы здымаеце грошы ў «чужым» банкамаце, банк-экваер (гэта значыць банк, якому належыць банкамат) камісію не бярэ. Камісію вы плаціце эмітэнту. Аднак за мяжой часта спаганяецца яшчэ і камісія банка-экваера. Гэта значыць, вы можаце заплаціць падвойную камісію — банку-эмітэнту карткі і банку-экваеру. Звычайна на экране банкамата з'яўляецца папярэджанне, што з вас будзе спісана нейкая сума. Але не заўсёды і не ўсюды. Таму лепш загадзя высветліць, ці спаганяе замежны банк-экваер нейкія камісіі.

Акрамя банкаматаў, існуюць пункты выдачы наяўных, прасцей кажучы — аддзяленні банкаў. І часта дзеянне партнёрскіх праграм не распаўсюджваецца на выдачу гатоўкі ў касе.

Калі ў вас так званыя аб'яднаныя сеткі банкаматаў з іншым банкам, гэта не азначае, што вы зможаце бясплатна атрымаць грошы яшчэ і ў пункце выдачы наяўных «дружалюбнага» банка. Справа ў тым, што аперацыйныя выдаткі на ўтрыманне пунктаў выдачы наяўных вышэйшыя, чым на ўтрыманне банкаматаў. Таму ўводзіцца так званая забаронная камісія. Акрамя таго, пры выдачы грошай у касе звычайная падвойная камісія — камісія банку-эмітэнту і банку-экваеру.

У шэрагу банкаў існуе магчымасць зняцця гатоўкі з рахунку без карткі, па пашпарце. Напрыклад, калі вы забыліся ці згубілі сваю картку. У гэтым выпадку таксама трэба быць гатовым да таго, што банк возьме плату за свае паслугі. Тут магчымыя розныя варыянты — напрыклад, банк можа дазваляць адну такую аперацыю ў месяц бясплатна.

Таму правіла нумар два — удакладняйце ў банку ўсе нюансы, звязаныя з камісіямі за выдачу наяўных у сваіх і чужых банкаматах, у касах банкаў і за мяжой. Пры замежнай паездцы ўдакладняйце, ці спаганяецца ў мясцовых банкаматах і касах камісія з боку банка-экваера. Зрэдку можна сутыкнуцца з камісіяй не толькі за зняцце, але і за ўнясенне сродкаў на рахунак, так што гэты момант таксама варта загадзя ўдакладніць.

Насуперак стандартам

Пры аплаце карткай тавараў або паслуг у краме, рэстаране, цырульні і іншых прадпрыемствах гандлю і сэрвісу камісія не спаганяецца. Гэта агульнапрыняты стандарт.

Аднак трэба ведаць, што часам з камісіяй пры аплаце тавараў і паслуг карткай можна сутыкнуцца ў інтэрнэт-крамах. У нас у краіне — гэта вельмі рэдкі выпадак, аднак у свой час такія сітуацыі мелі месца і лепш загадзя пераканацца, што інтэрнэт-крама не бярэ камісій пры аплаце тавараў плацежнай карткай.

За мяжой такое сустракаецца не толькі ў інтэрнэце, але і ў рэальным жыцці. Акрамя таго, існуе другая частка безнаяўных плацяжоў — камунальныя паслугі, якія аплачваюцца праз касы банкаў, інфакіёскі, інтэрнэт-банкінг і іншыя каналы. Звычайна за аперацыі, якія праводзяцца праз АРІП, не спаганяецца ніякіх камісій, аднак і тут магчымыя варыянты.

Такім чынам, правіла нумар тры: не турбуйцеся аб камісіях пры аплаце тавараў у супермаркеце за вуглом або камунальных плацяжоў праз інтэрнэт-банкінг. Аднак, калі вы вырашылі аплаціць нейкія паслугі карткай у касе «чужога банка», набыць які-небудзь тавар у інтэрнэт-краме ці разлічыцца «пластыкам» за мяжой, загадзя пераканайцеся, што вам не прыйдзецца плаціць камісію.

Танна і хітра

У многіх трымальнікаў плацежных картак рэгулярна ўзнікае неабходнасць ажыццявіць перавод грашовых сродкаў з карткі на картку. Напрыклад, з зарплатнай карткі «перакінуць» сродкі на ашчадную. У большасці выпадкаў за перавод з карткі на картку ў рамках аднаго кліента і аднаго банка аплата не спаганяецца. Але гэта, усё ж, не агульнапрыняты стандарт.

Калі ж гаворка ідзе пра перавод сродкаў з карткі аднаго банка на «пластык» іншага, то ў большасці выпадкаў згаданая паслуга будзе платная. Тут усё вельмі зменліва. І інфармацыю аб камісіях за пераводы паміж карткамі неабходна ўдакладняць у банку.

Звярніце ўвагу, што ў выпадку пераводу сродкаў з крэдытнай карткі па зразумелых прычынах будзе спаганяцца камісія, параўнальная з камісіяй за зняцце наяўных.

Расплата за бессэнсоўныя дзеянні

З камісіяй можна сутыкнуцца не толькі пры зняцці гатоўкі ў банкамаце, але і пры праглядзе балансу. Пераважная большасць банкаў устанаўлівае камісію за прагляд балансу ў чужой сетцы. Таксама неабходна ведаць, што ў многіх банках прагляд балансу ў сетцы партнёраў таксама платны, нават нягледзячы на тое, што наяўныя там можна здымаць без камісій.

Некаторыя банкі практыкуюць тарыфную палітыку, пры якой кліенту даецца магчымасць некалькі разоў на дзень паглядзець баланс бясплатна, а пачынаючы, напрыклад, з трэцяга разу — з аплатай камісіі. Прычым шматразовы прагляд балансу можа быць платным нават у вашым родным банкамаце банка-эмітэнта.

На самай справе, увод такіх камісій цалкам апраўданы, лічаць фінансісты, асабліва ў выпадку буйных банкаў з вялікай эмісіяй і чэргамі каля банкаматаў. Многія людзі маюць маніякальную схільнасць да прагляду балансу пасля кожнай аперацыі. Падышлі да банкамата — паглядзелі баланс, знялі наяўныя — паглядзелі баланс, аплацілі мабільны тэлефон — і зноў паглядзелі баланс. Каб выключыць такія паводзіны і мінімізаваць чэргі, банкі ўводзяць забаронную камісію на шматразовы прагляд балансу.

Такім чынам, правіла нумар чатыры: удакладніце ў банку інфармацыю пра плату за прагляд балансу ў банкаматах банка-эмітэнта і іншых банкаў, праз інтэрнэт-банкінг і іншыя каналы дыстанцыйнага абслугоўвання. Не варта таксама кожныя пяць хвілін правяраць баланс карткі без важкіх на тое прычын.

Камісія за SMS, новы ПІН і хуткі «пластык»

Аналагічная сітуацыя і з SМS-абвесткай: у некаторых банках дадзеная паслуга бясплатная, у некаторых — платная. Звычайна гэтая плата невялікая (каля рубля ў месяц) і цалкам апраўданая — SMS-ка з'яўляецца эфектыўным інструментам барацьбы з махлярствам, і, акрамя таго, дазваляе кантраляваць баланс рахунку практычна ў рэжыме рэальнага часу.

Часам можна сутыкнуцца з платай за разблакіроўку карткі, як правіла за разблакіроўку па трохкратна няправільна ўведзеным пін-кодзе. Некаторыя банкі аказваюць такую паслугу бясплатна ў тым выпадку, калі кліент самастойна блакуе картку праз інтэрнэт-банкінг.

Існуе шэраг нестандартных для рынку паслуг, такіх як, напрыклад, змена пін-кода. Банкі пазіцыянуюць гэта як дадатковую паслугу. Калі вас не задавальняе выдадзены пін-код,
у некаторых банках яго можна змяніць, але за пэўную плату. Часта банкі бяруць грошы за тэрміновы выраб карткі. Зразумела, што бізнес-працэсы пры тэрміновым вырабе яе ўскладняюцца, і за гэта трэба плаціць.

Наўрад ці ўяўляецца магчымым згадаць усе існуючыя тарыфы па картках, ды і вялікай неабходнасці ў гэтым няма. Галоўнае — перад тым, як аформіць банкаўскую картку, падумайце, якія паслугі будуць запатрабаваныя менавіта вамі, і высветліце, якую плату за іх спаганяе той ці іншы банк. Нягледзячы на наяўнасць велізарнай колькасці разнастайных камісій, пры правільным падыходзе да выбару прадукту большасці з іх можна пазбегнуць.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: А можна і бясплатна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.