22 Верасень, субота

Вы тут

Чэмпіянат свету па хакеі стартуе заўтра ў Даніі


82-і чэмпіянат свету па хакеі стартуе заўтра ў Даніі. Гэтая краіна ўпершыню становіцца гаспадыняй сусветнага першынства ў згаданым відзе спорту. Дарэчы, рашэнне аддаць чэмпіянат датчанам было прынята на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея ў 2014 годзе ў Мінску, тады за гэта права змагалася яшчэ і Латвія.


Матчы чэмпіянату свету пройдуць у двух гарадах — Капенгагене і Хернінгу, турнір будзе згуляны па ўжо звыклай схеме: 16 зборных разбіты на дзве групы і на першым этапе згуляюць па кругавой сістэме. Каманды, якія занялі першыя чатыры месцы, выходзяць у плэй-оф, а каманды, якія занялі восьмыя месцы, вылятаюць у першы дывізіён чэмпіянату свету 2019 года. Сёлета ў турніры бяруць удзел дружыны з трох кантынентаў — 13 з Еўропы, дзве з Паўночнай Амерыкі і адна з Азіі.

Зборная Беларусі згуляе ў групе А разам з камандамі Расіі, Швецыі, Чэхіі, Швейцарыі, Славакіі, Францыі і Аўстрыі. Матчы гэтай групы пройдуць у Капенгагене на галоўным стадыёне турніру — «Роял-Арэне». Ён змяшчае 12,5 тысячы гледачоў, быў адкрыты зусім нядаўна — у пачатку 2017 года, аднак ужо паспеў прыняць буйны спартыўны турнір — чэмпіянат Еўропы па плаванні на кароткай вадзе.

Цікавасць да хакея ў Даніі зараз неверагодна высокая — білеты на матчы сваёй каманды ў Хернінгу раскупілі яшчэ восенню. Па традыцыі, спачатку ў продаж паступілі пакеты білетаў на ўсе матчы папярэдняга раўнда адной зборнай, такі пакет каштаваў ад 117 да 450 еўра, а пакет на ўсе гульні плэй-оф — ад 350 да 1800 еўра. Цяпер даступныя білеты толькі на асобныя матчы.

Афіцыйным талісманам сусветнага першынства ў Даніі стала качка, імя якой выбіралі галасаваннем сярод балельшчыкаў. Качка Даклі — гэта на самай справе малады лебедзь, чый вобраз навеяны казкай Андэрсана «Брыдкае качаня».

Плэй-оф чэмпіянату свету пачнецца 17 мая. Хернінг і Капенгаген прымуць па два чвэрцьфінальныя матчы, а пачынаючы з паўфінальнай стадыі ўсе сустрэчы будуць праходзіць у Капенгагене.

Зборная Беларусі адправілася ў Данію ў сераду, яна пачне сваё выступленне матчам з чэмпіёнамі свету мінулага года — зборнай Швецыі.

— Заўсёды складана фарміраваць фінальны ростар. Мы не маглі выкарыстоўваць некаторых вопытных ігракоў: Касціцыны траўміраваныя, Стась не можа прыехаць. Выбралі маладых хакеістаў, якія гараць жаданнем гуляць, жывуць гэтым і хочуць выступаць на чэмпіянаце свету, — адзначыў галоўны трэнер зборнай Дэйв Льюіс. — Вынік у гульні можа быць розны, але я буду дамагацца таго, каб хлопцы выкладваліся цалкам на лёдзе, адстойваючы гонар краіны. Самае галоўнае — нацэльвацца на вароты і дамагацца найлепшага выніку.

У мінулым вядомы хакеіст, а цяпер адзін са спецыялістаў Федэрацыі хакея Беларусі Аляксей Калюжны адзначыў, што цяперашні турнір у Даніі стане адным з самых моцных за апошнія гады. «Прыедуць вельмі шмат хакеістаў з НХЛ, якія з вядомых прычын не ўдзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі. Таму сусветны форум будзе мацнейшы ўзроўнем, чым лютаўскія Гульні. Беларусам прыйдзецца вельмі цяжка, але трэба шукаць варыянты, пазітыў і перамагаць».

— На чэмпіянаце свету на нас будзе вялікая адказнасць. Мы едзем туды змагацца за радзіму, за сваю краіну. Настройваемся гуляць да канца з кожным сапернікам. Можам змагацца за выхад у чвэрцьфінал. Гэта рэальна, — пракаментаваў абаронца Дзмітрый Корабаў.

14-ы год запар зборная Беларусі выступае ў наймацнейшым дывізіёне, за гэты час найлепшым вынікам нашых хакеістаў на чэмпіянаце свету было 6-е месца ў 2006 годзе ў Рызе, найгоршым — 14-я месцы ў 2011, 2012, 2013 гадах. Нагадаем, на леташнім чэмпіянаце свету ў Францыі нашы хакеісты былі трынаццатымі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Склад зборнай Беларусі:

галкіперы — Іван Кульбакоў, Віталь Трус, Міхаіл Карнавухаў; абаронцы — Сцяпан Фалькоўскі, Уладзімір Дзянісаў, Раман Дзюкаў, Яўген Лісавец, Крысціян Хенкель, Мікіта Усціненка, Павел Варабей, Дзмітрый Корабаў; нападаючыя — Павел Развадоўскі, Сяргей Дрозд, Арцём Дзямкоў, Джэф Плат, Ягор Шаранговіч, Аляксандр Мацярухін, Максім Сушко, Шарль Лінгле, Аляксандр Паўловіч, Арцём Леўша, Аляксандр Кітараў, Арцём Кіслы, Яўген Кавыршын, Артур Гаўрус.

Расклад турніру:

4 мая: Швецыя — Беларусь (21.10), 5 мая: Францыя — Беларусь (17.10), 7 мая: Беларусь — Расія (17.10), 9 мая: Швейцарыя — Беларусь (17.10), 11 мая: Беларусь — Чэхія (21.10), 12 мая: Аўстрыя — Беларусь (17.10), 15 мая: Беларусь — Славакія (17.10), 17 мая — чвэрцьфіналы
(Капенгаген, Хернінг), 19 мая — паўфіналы (Капенгаген), 20 мая — матч за бронзу, 20 мая — фінал.

Група В: Канада, Фінляндыя, ЗША, Германія, Нарвегія, Латвія, Данія, Рэспубліка Карэя.

Загаловак у газеце: Шукаць варыянты, пазітыў і перамагаць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.