Гаворка пра патрыятычнае выхаванне вядзецца столькі, колькі існуюць установы адукацыі. Дзецям чытаюць вершы класікаў, распавядаюць пра народныя традыцыі, развучваюць песні, прысвечаныя любові да роднага краю, ладзяць экскурсіі ў краязнаўчыя музеі, прапаноўваюць пісаць сачыненні на тэму «Мая Радзіма»...
Усё гэта, безумоўна, дае плён, асабліва калі пашанцуе на неабыякавага настаўніка: дзеці ўспрымальныя да чуллівых слоў, прыгожых эпітэтаў, гатовыя вучыцца спазнаваць сваю радзіму, малую і вялікую, і любіць яе. Але часта бывае так, што патрыятычныя пачуцці, абуджаныя творам мастацтва ці родным краявідам, у дарослае жыццё пераносяцца своеасаблівай абстрактна-этнаграфічнай карцінкай, якая вісіць недзе ў куточку свядомасці і на якую зрэдзьчасу замілавана паглядаюць... Праўда ж у тым, што для таго, каб любоў да радзімы была па-сапраўднаму глыбокая і не залежала ад знешніх абставінаў, трэба добра ведаць свае карані: радавод, нацыянальную гісторыю, традыцыйны ўклад жыцця і мысленне народа.
У імклівым ХХ стагоддзі, калі розніца ў ладзе жыцця бацькоў і дзяцей была настолькі вялікая, што амаль цалкам парушыўся арганічны працэс перадачы культурнага досведу з пакалення ў пакаленне, асаблівае значэнне набывае захаванне нацыянальнай спадчыны на ўзроўні разумення і ведання сваіх традыцый. У гэтым кантэксце, асабліва сёлета (2018 год абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы) своечасовым і актуальным падаецца выданне «Народнай асветы» — кніга Міколы Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў».
Знаны беларускі пісьменнік знаёміць з традыцыйным сялянскім побытам ва ўсіх яго аспектах: сядзіба, гаспадарка, прылады працы, кухарства, адзенне, упрыгожанні, гульні, песні і, вядома ж, святы. Багата ілюстраваная, аздобленая аўтарскімі малюнкамі (Я. Ларчанкі, Н. Кузьмянковай, Т. Кудзінай) і арыгінальнымі фотаздымкамі (А. Сталярова, А. Дрыбаса, А. Галкоўскага), кніга дае магчымасць суаднесці апісанне з канкрэтнай выявай. І гэта вельмі важна, бо многія рэчы, якія яшчэ і пяцьдзясят гадоў таму былі звычайным хатнім начыннем, цяпер сапраўды сустрэнеш хіба ў этнаграфічным музеі. Дарэчы, у кнізе выкарыстаныя фотаздымкі калекцыі помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва, прадстаўленыя Музеем старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Хоць выданне адрасавана ў асноўным дзецям (з аднаго боку, як навучальны дапаможнік ці нават энцыклапедыя, з другога — як займальнае падарожжа ў глыбіні гісторыі), інфарматыўным будзе і для многіх бацькоў, асабліва маладога пакалення. Ці многія з пакалення сённяшніх дваццаці — дваццаціпяцігадовых бачылі ў бабулі на вёсцы кросны ці начоўкі? А хто ведае, як жаць лён, ткаць паясы, плесці лапці, біць лён і як працуюць жорны? Адметнасць кнігі ў тым, што аўтар усё апісанае бачыў на свае вочы, а ў нейкіх гаспадарчых справах і сам удзельнічаў. Прываблівае, што Мікола Маляўка не проста збірае факталогію, а дзеліцца сваімі ўспамінамі: «Доўга працавалі, спрыялі людзям у нашых сенцах жорны. Круцілі іх і мае бацькі, і сваякі, і суседзі». Сапраўды, школьніка, асабліва гарадскога жыхара, уразіць тое, што згадвае, напрыклад, Якуб Колас у «Новай зямлі».
Чым жа адрозніваецца новая кніга ад дзіцячай энцыклапедыі? Бо ўсё ж багацце факталагічнага матэрыялу і падрабязнасць тлумачэння кожнага прадмета, з’явы, сімвала характарызуе навуковы падыход. У тэксце шмат лірычных і жартоўных вершаў аўтара, показак, загадак, а ў канцы кожнага тэматычнага раздзела — пытанні, адказаць на якія змогуць толькі ўважлівыя. Дзякуючы вялікай колькасці яркіх ілюстрацый, чытаць гэтую кнігу можна нават зусім малым, якія толькі пачалі размаўляць: яны з задавальненнем паразглядаюць малюнкі. Даросламу ж застанецца адказваць на бясконцыя пытанні «А што гэта? А для чаго гэта?». Калі прадметы традыцыйнага побыту будуць пазнавальныя з дзяцінства, гэта ўжо добры пачатак.
Мабыць, настаўнікі ўсё часцей сутыкаюцца з тым, што сучасным школьнікам пры вывучэнні твораў класічнай беларускай літаратуры даводзіцца даваць шмат дадатковых тлумачэнняў, акурат таму, што ім не зразумелыя многія побытавыя дэталі. Гэта адбіваецца на разуменні мастацкай задумы, а можа ўзнікнуць і пэўнае непрыманне, раздражненне. Таму кніга Міколы Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў» — незаменны дапаможнік! І для настаўнікаў, і для самастойных вучняў.
Ва ўступным слове, «Запеўцы», аўтар тлумачыць: «Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта. Але ведаць, як жалі нашы бацькі, нашы дзяды-прадзеды, трэба. Каб не рвалася па-жывому кроўная сувязь пакаленняў, каб каранілася і галінілася, вечна зелянела радаводнае дрэва кожнай сям’і». Важны не толькі адукацыйны складнік, справа не толькі ў вывучэнні пэўных сацыяльна-культурных рэалій. Лад жыцця мае наўпроставую сувязь з ладам мыслення. Для таго, каб разумець, як жылі нашы продкі, трэба ведаць не толькі, як яны працавалі, апраналіся, чым частаваліся і як бавілі час, але і як глядзелі на свет, каго шанавалі, ад каго засцерагаліся, што лічылі пачэсным, а што — ганебным. Менавіта ўсведамленне гэтага дае трывалую глебу пад нагамі, тое важнае маральна-этычнае багацце, якім можна запоўніць свой духоўны куфар. І кніга Міколы Маляўкі, думаецца, найперш пра гэта. Ёсць тут, вядома, і асабістыя настальгічныя ноткі, бо аўтар, ствараючы кнігу, не мог не прыгадваць беларускую вёску, якую памятаў і якая незваротна змянілася: «Як птах, вяртаюся вясною з гарадскога выраю і я, сын сваёй вёскі над Нёманам. Вяртаюся ў родны свет дзяцінства, на сядзібу, якая засталася ў спадчыну ад бацькоў». У кожным радку — цеплыня, пяшчота, любоў да роднага краю, «высокая, як неба». Адчуўшы, разумееш: менавіта гэта было галоўнай задачай усіх стваральнікаў кнігі — перадаць у спадчыну любоў і павагу да роднага краю.
Жана КАПУСТА
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?