Вы тут

Найлепшая памяць праз збор твораў пісьменніка Івана Навуменкі


Збор твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах пабачыў свет дзякуючы пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 2008 года і рыхтаваўся ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Была створана навукова-творчая група на чале з доктарам філалагічных навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпанам Лаўшуком. У складзе групы — кандыдаты філалагічных навук, старшыя навуковыя супрацоўнікі Уладзімір Чарота і Ігар Шаладонаў, навуковыя супрацоўнікі Інеса Баўтрэль, Аляксандр Лапата-Загорскі, Наталля Пыско, малодшыя навуковыя супрацоўнікі Кацярына Чарота і Кацярына Ермаковіч.


Як ішла работа над зборам твораў? Што было самым складаным, а дзе даследчыкаў чакалі неспадзяваныя літаратуразнаўчыя адкрыцці? Кіраўнік даследчай работы Сцяпан Лаўшук прапанаваў карэспандэнту «ЛіМа» паразмаўляць на гэтую тэму з укладальніцай двух тамоў Наталляй Пыско.

— Наталля Мікалаеўна, над якімі тамамі давялося працаваць Вам асабіста?

— У мяне быў чацвёрты і апошні, дзясяты. У чацвёрты том увайшла трылогія «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» і апошнія аповесці Івана Якаўлевіча — «Вір», «Помні Сталінград» і «Дзясяты клас». У дзясятым томе змешчана нашмат больш тэкстаў, і ён больш шматжанравы. Тут прадстаўлены адзіны закончаны драматургічны твор пісьменніка «Птушкі між маланак», а таксама вершы 1946—1950-х гадоў, якія дагэтуль друкаваліся толькі ў газетах.

Наступны вялікі пласт — гэта інтэрв’ю за 1963—2003 гады. Яны адлюстроўваюць творчую эвалюцыю аўтара, утрымліваюць шмат біяграфічных звестак. Іван Якаўлевіч расказваў пра свае творчыя задумы, здзяйсненні, грамадскую дзейнасць. Таксама ў том увайшлі анкеты з 1972 па 2003 год. Тут можна вылучыць «Адказ на пытанні анкеты, прапанаванай А. М. Адамовічам» (1977). Гэты тэкст цалкам публікуецца ўпершыню паводле аўтографа, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Увайшлі ў том выступленні пісьменніка на з’ездах славістаў, Саюза пісьменнікаў, на сесіі Мінскага абласнога савета дэпутатаў... У томе таксама прадстаўлены водзывы на дысертацыі. Вось тут І. Навуменка паўстае з нечаканага боку. Напрыклад, у напісаным у 1981 годзе водзыве на кандыдацкую дысертацыю Антаніны Шалемавай згадваюцца імёны забытых рэпрэсаваных беларускіх даследчыкаў Аляксандра Вазнясенскага, Міхаіла Піятуховіча, Яўгена Барычэўскага, Івана Замоціна і гаворыцца аб тым, што іх літаратуразнаўчую спадчыну неабходна ўвесці ў навуковы ўжытак. А гэта толькі пачатак васьмідзясятых гадоў! Самы нечаканы і арыгінальны тэкст у выданні — дзённікавыя запісы 1980—1993-х гг. Вельмі цікавы эпісталярый: лісты 1944—1992 гг. Найбольш адметнае тут — лісты з фронту 1944 года, якія Іван Навуменка пісаў да сябра Міколы Белага і да сваіх бацькоў, а таксама лісты да жонкі ў 1960—1980-я гг.

— Што падштурхнула Вас далучыцца да працы над зборам твораў? Наколькі Вы былі знаёмыя раней з творчасцю Івана Навуменкі?

— З Іванам Якаўлевічам часта сустракалася, калі была яго аспіранткай. Мая кандыдацкая дысертацыя была прысвечана Максіму Багдановічу, а менавіта творчасць гэтага паэта разглядаў у сваім літаратуразнаўчым даследаванні Іван Якаўлевіч, таму ў нас было шмат тэм для размоў.

Да таго ж я была студэнткай яго сына, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Паўла Іванавіча Навуменкі. У працэсе падрыхтоўкі збору твораў мы сустракаліся, ён прадстаўляў матэрыялы. Дачка Валерыя Іванаўна істотна дапамагла пры напісанні каментарыяў. Увогуле супрацоўніцтва са сваякамі Івана Якаўлевіча было вельмі цікавае і плённае.

— Якія засталіся ўражанні пра Івана Навуменку?

— Іван Якаўлевіч заўсёды быў добразычлівы. З ім цікава было размаўляць. Ён шмат расказваў пра свайго ўнука, які жыве ў Маскве, — сына яго малодшай дачкі Таццяны. Але калі я працавала над выданнем, то ўявіць Івана Якаўлевіча як асобу можна было найперш дзякуючы лістам і дзённікам рознага перыяду.

— Многія згадваюць пісьменніка як чалавека строгага, патрабавальнага...

— Мне здаецца, ён толькі з выгляду быў такі грозны. Нездарма кніга ўспамінаў пра І. Навуменку, якую рыхтавалі яго калегі, сябры, вучні, атрымала назву «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні». Хто з ім блізка кантактаваў, той адчуваў гэтую «летуценнасць».

У адным з выступленняў на з’ездзе Саюза пісьменнікаў ён разважаў пра тое, ці захоўваюцца трывалыя маральна-этычныя прынцыпы ў новым часе. Для яго гэта было вызначальным жыццёвым крытэрыем. Я вывучала эсэістыку як жанр, таму вельмі добра памятаю, як у канцы 1990-х з’явілася шмат дзённікаў, мемуараў, успамінаў, — пісьменнікі нібыта «самараспраналіся»... Іван Якаўлевіч рабіў гэта ў большай ступені праз сваю творчасць і заўсёды заставаўся адданым высокім маральнаэтычным ідэалам, нават пэўнаму ідэалізму. Магчыма, менавіта праз гэта ён падаваўся многім залішне строгім.

— Ці акцэнтаваў Іван Навуменка ў інтэрв’ю пэўныя грамадскія праблемы, якія мелі месца ў 1970—1980-я гады?

— Для яго заўсёды актуальным заставаўся жыццёвы досвед, атрыманы падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай тэме пісьменнік не здраджваў ніколі і нават у анкетах 1970—1980-х гг. дзяліўся творчымі планамі: што і калі збіраецца напісаць пра вайну. Балючай праблемай быў для яго распад СССР. Інтэрв’ю другой паловы 1990-х — пачатку 2000-х вылучаюцца, з аднаго боку, рэтраспектыўнасцю, а з іншага — вастрынёй і праблемнасцю. У іх адчуваецца расчараванне ў сучаснасці, хаця вера ў чалавека застаецца нязменнай. Іван Якаўлевіч перажываў з нагоды знікнення вялікай дзяржавы. І ў той жа час ён быў патрыётам, бязмежна адданым роднай Беларусі.

У многіх анкетах, інтэрв’ю Іван Навуменка падкрэсліваў, што пісьменніцкая праца для яго — галоўнае духоўнае апірышча. Ён вельмі балюча ўспрымаў зніжэнне ролі пісьменніка ў грамадстве. Паводле меркавання Івана Якаўлевіча, для пісьменнікаў у савецкай дзяржаве былі створаны выдатныя ўмовы, нават няглядзячы на тое, што немагчыма было жыць з адной пісьменніцкай працы. «Даводзіцца хадзіць на службу», — як ён пра гэта піша. Пісьменніку час ад часу неабходныя творчыя камандзіроўкі: наведаць сваю вёску, дакрануцца да вытокаў, пахадзіць па сваёй зямлі і напісаць твор... Жывучы ў горадзе, забываешся на тое, што цябе сілкавала, што давала натхненне. У той час Іван Навуменка бачыў у гэтым праблему многіх пісьменнікаў.

— Наколькі вялікую цікавасць выклікаюць у даследчыкаў зборы твораў беларускіх пісьменнікаў?

— Вядома, да шматтомных збораў твораў літаратуразнаўцы і мовазнаўцы звяртаюцца пастаянна. Ёсць многа навуковых прац, прысвечаных розным тэксталагічным аспектам збораў твораў. На жаль, патрабаванні да аб’ёму не дазволілі нам уключыць у дзясяты том варыянты і розначытанні, выяўленыя ў працэсе працы над тэкстамі. Але ў тамах 1—9 такія падраздзелы ёсць, і па іх можна прасачыць, як працаваў Іван Якаўлевіч над сваімі творамі, над мовай — патрапіць у творчую лабараторыю. Напрыклад, кніжны варыянт аповесцей, змешчаных у чацвёртым томе, вельмі адрозніваецца ад часопісных першапублікацый.

— У чым складанасць падрыхтоўкі дзясятага тома ў параўнанні з іншымі?

— У чацвёртым томе былі мастацкія творы — гэта корпус вывучаных тэкстаў, вядомыя публікацыі. Бяры, параўноўвай, падрыхтоўвай. А ў дзясяты том увайшлі пераважна творы, якія раней не публікаваліся. Таму вялася вялікая пошукавая праца. Асноўная архіўная спадчына І. Навуменкі знаходзіцца ў БДАМЛМ, значная частка — у нашчадкаў, і яны дазволілі пакарыстацца гэтымі матэрыяламі. Іван Якаўлевіч захоўваў тое, пад чым стаяў яго подпіс, хоць матэрыялы не былі сістэматызаваны.

Мы ездзілі ў Васілевічы, на радзіму Івана Навуменкі, натхняцца. Былі ў школе, дзе ён вучыўся, у бібліятэцы, якая носіць яго імя. Адшуквалі першыя інтэрв’ю і вершы, раскіданыя па розных газетах, часопісах. Гэта вялікі аб’ём работы. Аднак ёсць перспектывы і для далейшай пошукавай працы. Напрыклад, захаваліся цікавыя лісты да Івана Якаўлевіча ад украінскіх даследчыкаў. Суаўтар Івана Навуменкі па аповесці «Капитан Степь уходит в разведку» Віктар Мамантаў жывы да гэтага часу, праўда, мы не змаглі своечасова звязацца з ім, каб падрыхтаваць яго ўспаміны, даведацца пра лёс лістоў, атрыманых ім ад Івана Якаўлевіча. Як ужо адзначалася, не ўвайшлі ў дзясяты том розначытанні і варыянты... У гэтым няма нічога незвычайнага. Колькі разоў, напрыклад, перавыдаваліся зборы твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а ўсё яшчэ знаходзяцца іх новыя тэксты!

— У аўтараў, якія сышлі з жыцця 10—20 гадоў таму, захаваўся папяровы архіў — важная крыніца інфармацыі для тэкстолагаў. Як зменяцца падыходы да працы праз 50 гадоў, калі будуць існаваць толькі электронныя архівы?

— Жывая матэрыя знікае, сціраецца, хаця можна захаваць безліч файлаў і потым іх параўноўваць гэтак жа, як і рукапісы. Я ў свой час працавала ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, мела цесныя кантакты з пісьменнікамі і ведаю, што творцы па-рознаму падыходзяць да ўпарадкавання асабістых архіваў. Ёсць пісьменнікі, якія не захоўваюць рукапісаў, а ёсць такія, як Ніл Гілевіч: ён па-навуковаму дакладна сістэматызаваў усе свае матэрыялы. Беларускія тэкстолагі пакуль не сутыкаліся з праблемай апрацоўкі электронных архіваў. Гэта будзе прынцыпова новы досвед.

Яўгенія ШЫЦЬКА, Алеся ЛАПІЦКАЯ, Жана КАПУСТА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».