Вы тут

Чароўнае дваццатае стагоддзе ў прозе Макса Шчура


Цікавасць да тых літаратурных твораў, у якіх прачытваюцца добра знаёмыя кожнаму сучасныя рэаліі, застаецца нязменнай. Тым больш калі гаворка ідзе не пра пазнавальную геаграфію, а пра тыповы партрэт героя пэўнай эпохі. Напрыклад, такога як Васільевіч — адзін з «Галерэі знаёмых вар’ятаў» Макса Шчура. Перакананая: кожны чытач абавязкова прыгадае свайго Васільевіча. Альбо нават і пазнае ў ім сябе самога.


«Галерэя знаёмых вар’ятаў» — адзін з раздзелаў кнігі прозы «Галасы» (Выдавец А. Янушкевіч, 2017). Акрамя згаданага Васільевіча, там багата розных дзівакоў. Напрыклад, Сніч — прафесійны стваральнік літаратурных сноў, які не выдумляе іх, а сапраўды... сніць. Каб усё пасапраўднаму і без падману. Альбо, скажам, Кнігалюб, які ледзь не трапляе ў рэальную сетку ловаў прывіднай былой гаспадыні кнігі...

Чым жа на іх фоне вылучаецца Васільевіч, якога нават і вар’ятам назваць не выпадае — настолькі ён звычайны? У гэтым персанажы аўтару ўдалося сабраць у адно цэлае ўсё самае трагікамічнае ў беларускай рэчаіснасці за апошняе трыццацігоддзе, што яшчэ як след не асэнсавана мастацкай літаратурай. Сам па сабе персанаж камічны, аўтар не прыхоўвае нават і сарказму, аднак у некаторых момантах гэтага няшчаснага Васільевіча з яго інфантыльнай бездапаможнасцю нават і шкада.

Зусім не камічны трагізм гэтага героя ў тым, што ён жыве, па сутнасці, у своеасаблівым вакууме, абмежаваным свеце літаратурнай прасторы, не разумеючы, што гэты свет — толькі маленькая частка нацыянальнага космасу, што па-за ім існуюць іншыя стасункі, іншыя правілы ўзаемадзеяння і нават іншыя каштоўнасці. Усе героі з «Галерэі знаёмых вар’ятаў» жывуць у выдуманым свеце, існым толькі ў іх галовах, аднак Васільевіч — рэальны. Ён проста адзін з нас.

Творы з другога раздзела — «Урокі гісторыі» — дакладна прымусяць абазнанага чытача прыгадаць «План Бабарозы» Паўла Касцюкевіча. Асабліва аповед пра бабулю. Аўтар нібы стараецца быць аб’ектыўна-адстароненым, звязваць розныя сюжэтныя лініі паводле законаў жанру, дзе настальгічныя ноткі прадугледжаныя канонам. Аднак за гэтай шырмай — асабісты боль ад перажытага (ці неперажытага) расстання з блізкімі людзьмі. Часавая адлегласць дазваляе аўтару многія факты біяграфіі бабулі і дзядулі апісваць з іроніяй, менавіта іронія як жыццёвая філасофія гарманізуе апавядальную плынь, уздымае сямейныя згадкі да ўзроўню глыбокай псіхалагічнай прозы. Зрэшты, чытачу не так важна, наколькі рэальныя героі і гісторыі, што з імі адбываліся, значна большую каштоўнасць мае праўда мастацкая.

Мабыць, менавіта яе крыху не стае ў іншых апавяданнях з гэтага цыкла — «Уратаванне» і «Вяртанне волі». Макс Шчур увесь час нібы знаходзіцца на скрыжаванні розных стыляў: іранічна-рэалістычнага і псіхалагічнафантастычнага. І калі ў творах, што падпадаюць пад першае азначэнне, мы ўбачым знаёмыя твары і мясціны, нейкай дзівоснай пісьменніцкай вудай выцягнутыя з нашай штодзённасці, то праз творы другога кшталту мы атрымліваем магчымасць зазірнуць у патаемныя глыбіні падсвядомасці самога пісьменніка. Цікава паразважаць над тым, як у адным аўтары ўжываюцца два гэтыя абсалютна розныя мастацкія светы.

Магчыма, адказ на гэтае пытанне — у фантастычным апавяданні «Інтэрв’ю з ведзьмаком». Нацыянальны каларыт, гісторыя літаратуры, асноўныя «кіты» беларускай нацыянальнай ідэі, рэфлексіі творчага чалавека, асэнсаванне пісьменніцкага таленту... Такі стракаты букет у адным творы. Галоўны герой (вампір з рэдкім прозвішчам Лысагорскі) быў знаёмы з Нямцэвічам, удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, ствараў разам з Агінскім песні, з’ехаў на эміграцыю і вярнуўся ў Рэч Паспалітую разам з войскамі Напалеона, напісаў «Тараса на Парнасе»... Само сабой, быў знаёмы з Каліноўскім. Вядома, чым бліжэй да ХХ стагоддзя, тым больш герой удзельнічаў у літаратурных справах, прызнаўся нават, што «фалькларысты... пачалі вывучаць яго творчасць пад выглядам народнай — Насовіч, Сержпутоўскі, Шэйн, Карскі...», а пазней «сядзеў, дарэчы, яшчэ з адным геніем, Коласам... Насіў яму весткі й прысмакі з волі, перакінуўшыся ўначы кажаном, — Колас спаў як забіты і штораніцы толькі дзівіўся, адкуль зноў узялося сала, ды яшчэ загорнутае ў ліст з Мікалаеўшчыны...».

Адным словам, пасля ўсіх сур’ёзных псіхалагічна-мастацкіх даследаванняў на папярэдніх старонках можна ўволю насмяяцца. Нават нягледзячы на тое, што для журналіста, які прыйшоў браць інтэрв’ю ў ведзьмака Лысагорскага, твор заканчваецца трагічна: вампір раскрывае яму ўсе таямніцы, але наўзамен забірае жыццё. Вядома, цікава вось так транзітам у абліччы несмяротнага (але нацыянальна заангажаванага) вампіра праехацца па роднай гісторыі. Гэта, з аднаго боку, і пародыя на актуальнасць зомбі-сюжэтаў, узрошчаных на добрым веданні беларускай гісторыі, з другога боку — нязлосныя кпіны з такой жа несмяротнай сканцэнтраванасці інтэлігенцыі на нацыянальных міфах, а школьным настаўнікам — крэатыўны дапаможнік для правядзення віктарыны «Дзе праўда, а дзе падман?».

Калі ж чытач, збянтэжаны разнастайнасцю настрояў аўтара, задасца пытаннем, у якім з гэтых твораў Макс Шчур сапраўдны, шчыры, то адказ, мабыць, у апошнім раздзеле «Асабістае, залішне асабістае». Чалавек у вечным падарожжы, самотны нават побач з сябрамі і каханай, заглыблены ў сябе, але бездапаможны перад стэрэатыпнасцю мыслення большасці, які хоча слухаць унутраны голас, але чуе ўвесь час зманлівыя падказкі дрэнных анёлаў... Такім бачыцца герой трох апавяданняў «Ружовае піва», «Чалавек з футаралам», «На вяршыні». Гранічная шчырасць на працягу апавядання, пяшчотныя лірычныя ноткі ў апісаннях пачуццяў (чаго амаль не сустрэнеш у папярэдніх творах!) прымушаюць выкінуць на паперу тое, што, магчыма, не так і проста адкрываць.

Ну, і, вядома, рэфлексіі на тэму творчасці (куды ж без іх!): «Усяго некалькі разоў за жыццё я адчуваў сябе пісьменнікам. Першы раз — калі мне з нічога ніякага замовілі эсэ. Другі — калі адзін вар’ят-калекцыянер даслаў мне ліст з просьбаю аб аўтографе. Трэці — калі мне з Амерыкі па пошце ўпершыню прыйшоў альманах з маім аповедам. Штораз гэтае адчуванне хутка мінала. Цяпер я, наадварот, ніяк не магу ад яго пазбавіцца, як ні спрабую». Такія невялікія рэмаркі ў творах сучаснай літаратуры непазбежныя. Добра, калі яны арганічна ўпісваюцца ў тэкст, а не выглядаюць штучнымі какетлівымі адступленнямі. І якія б сумневы ні выказваў сам аўтар, яго пісьменніцкае майстэрства — на высокім узроўні. Добра прадуманыя мастацкія дэталі (як, напрыклад, гітара ў велізарным футарале, са згадкі пра якую распачынаецца і заканчваецца апавяданне «Чалавек з футаралам»), багацце мовы (чаго ў творах сучасных аўтараў ужо і не чакаеш), іранічная адстароненасць ад падзей свайго жыцця (дзякуючы чаму аўтар становіцца паўнавартасным персанажам, а не ценем ці двайніком), уменне стварыць вобраз з некалькіх выразных штрыхоў, апісаць сітуацыю нешматслоўна, але красамоўна... І якім бы фантастычным ні быў сюжэт, карані яго ўсё адно сягаюць або ў беларускую, або ў чэшскую абсалютна сапраўдную рэальнасць.

Яскравая карціна «канца чароўнага дваццатага стагоддзя, нарадзіцца і жыць у якім аўтару гэтак пашанцавала» — па сутнасці, аўтарскае рэзюмаванне ўласнай творчай канцэпцыі. Вельмі каштоўна мець такую літаратурную карціну.

Як некаторыя лектары для таго, каб падтрымліваць цікавасць аўдыторыі цягам усёй прамовы, выкарыстоўваюць хітрыкі прамоўніцкага майстэрства, змяняючы тэмбр голасу, стыль падачы матэрыялу, так і чытач кнігі Макса Шчура, пераходзячы па старонках з беларускай вёскі 1940-х у Аргенціну, з Мінска 1990-х — у віртуальную рэальнасць, з лабірынтаў біяграфіі героя — у цэнтр Прагі, будзе ўвесьчасна пачувацца заінтрыгаваным.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?