Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Бяспека і бестурботнасць

На Століншчыне з пачатку года восем дзяцей атрымалі траўмы з-за недагляду сваіх бацькоў, паведамляе газета «Навіны Палесся». Малы, напрыклад, улез у таз з гарачай вадой. У выніку яго прывезлі ў бальніцу з апёкамі першай і другой ступені. Вясновы агарод таксама ператвараецца ў «міннае поле»: адно дзіця з'ела пратраўленае насенне капусты, другое выпіла ўгнаенне. Абое трапілі ў рэанімацыю.

Дарэчы, па статыстыцы, штогод некалькі хлопчыкаў і дзяўчатак трапляюць у бальніцу з-за пакінутых на падлозе каструль і тазоў з гарачай вадой ці супам. Сярод простых, але важных правілаў бяспекі — не пакідаць кубкі, талеркі і чайнікі на краі стала, не захоўваць хімічныя рэчывы ў пластмасавых бутэльках з-пад газіроўкі і ўвогуле ставіць іх у недаступныя для дзяцей месцы.


Даходы і цэны

Падчас Першамая мы віншуем людзей працы, а ёсць тыя, хто імкнецца штодзень абараняць іх інтарэсы. Старшыня Кармянскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Любоў Ларчанка расказала карэспандэнту газеты «Зара над Сожам», як сёння паляпшаюцца ўмовы працы.

Адзін з напрамкаў — маніторынг кошту прадуктаў. «Мы аналізуем рэальныя цэны ў крамах і супастаўляем іх з тымі даходамі, якія атрымліваюць людзі, — тлумачыць Любоў Ларчанка. — Маніторынг цэн на харчаванне на дадзены момант праводзіцца ва ўсіх раёнах і 10 гарадах абласнога падпарадкавання, або ў 274 крамах па 98 таварных пазіцыях. Мы звярнулі ўвагу на тое, што сярэдні заробак па краіне за жнівень 2017-га — люты 2018-га вырас нязначна — на 0,7 %, а кошт набору неабходных прадуктаў спажыўкошыка — на 7,7 %. Акрамя таго, падаражэлі і паслугі. Прафсаюзы праінфармавалі пра гэта ўрад, а таксама дэталёва абмеркавалі гэтую тэму падчас пасяджэння Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльна-эканамічных пытаннях. Таксама мы заўважылі, што ёсць дастаткова вялікі разрыў ва ўзроўні даходаў паміж рэгіёнамі краіны. У мінулым годзе найбольш праблемнымі з-за нізкіх заробкаў і сярэдніх цэн былі некаторыя раёны Брэсцкай і Віцебскай абласцей. У лютым 2018 года мы ўбачылі, што пералік такіх раёнаў, на жаль, павялічыўся».


Шанц на звычайнае жыццё

Сям'я Ірыны і Мікалая Макаўчыкаў узяла на патранатнае выхаванне Антона і Яраслава са спецшколы-інтэрната. Пра тое, як змянілася іх жыццё, яны расказалі Ваўкавыскай раённай газеце «Наш час».

Штогод 500—600 сірот у Беларусі знаходзяць сваю новую сям'ю, але дзецям-інвалідам шчасціць значна радзей. Ірына — мама трох дачок і бабуля чатырох унукаў — працуе поварам у спецшколе, адкуль і забрала хлопчыкаў. Яна жыве з Мікалаем 16 гадоў, але пара не думала афіцыйна афармляць свае адносіны, пакуль ім не запалі ў сэрцы спачатку Антон, а потым і Яраслаў.

Амаль адразу Мікалай пачаў вазіць іх у аквапарк. Першы раз хлопчыкі так баяліся, што Антон увесь адведзены час прасядзеў у джакузі, так і не паддаўшыся на ўгаворы акунуцца ў басейне. Зараз разам з Яраславам яны ныраюць і плаваюць, катаюцца з горкі, гуляюць з мячом, нічога не баючыся. Мікалай усё больш пераконваецца, што такіх дзяцей трэба выводзіць «з падполля» і паказваць людзям, што яны «такія ж класныя і вясёлыя».

Назіраючы за імі дома, Макаўчыкі адзначаюць, што, калі б дзеці жылі ў сям'і з нараджэння, усё было б па-іншаму. Проста з-за «платоў» сірочых устаноў, сваёй вымушанай ізаляцыі яны ўспрымаюць свет крыху інакш. Мікалаю і Ірыне не так важна, што іх дзеці ніколі не паступяць у ВНУ: яны атрымалі шанц на простае шчаслівае жыццё.


Па дарозе з песняй

Раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці стартаваў у Мёрскім раёне. Яго дэвіз — «Жыццё маё песняй спавіта». Карэспандэнты газеты «Міёрскія навіны» завіталі туды і падзівіліся на народныя таленты.

Напрыклад, клуб «Надзея», якім кіруе Аліна Капуста, на конкурс падрыхтаваў абрад «Багач». У тэатралізаванае дзеянне ўпляталі танцы і песні. «Нам падабаюцца праграмы, дзе нумары знітоўваюцца ў адно цэлае. Калі ўсё зразумела без вядучых, — гаворыць актывістка самадзейнасці Лідзія Бабарнёва. — Пастаянна ўдзельнічаю ў аглядах-конкурсах і заўсёды хвалююся. Вось перажываю, каб словы не забыць». Танец з ручнікамі, абрад з караваем-багачом і жытнёвым вянком, песні жаночай вакальнай групы і салісткі Анастасіі Няміры, музычнае папуры ад ансамбля «Павятчанка» — усё склалася ў гарманічную па гуках і фарбах карціну.

Іншыя таксама спявалі, паказвалі сцэнкі. А калектыў Паташнянскага СК прысвяціў сваё выступленне памяці актыўнага ўдзельніка мастацкай самадзейнасці Аляксандра Гайдзеля. Іх каманда дружная і збольшага сямейная. Асноўная частка калектыву — бацькі Сяргей і Вольга Шукі, якія былі вядучымі, і дочкі Дар'я, Яўгенія і Сафія, якія спявалі.


Будзе новая крама?

У Аршанскім раёне рэалізуюць эксперыментальны праект па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання сельскіх жыхароў. Праект прадугледжвае замену асноўнага гандлёвага аператара — Аршанскага райпо, расказвае «Аршанская газета».

На дадзены момант крамы ў аграгарадках Барздоўка, Крапіўна, Межава і ў вёсцы Савішчына перададзены ў арэнду гандлёваму дому «Орыс». Усе астатнія — «Еўрагандлю». Усяго ў сельскай мясцовасці па планах павінны працаваць 39 крамаў «Еўрагандлю», а таксама шэсць аўталавак гэтага гандлёвага аператара будуць абслугоўваць жыхароў па чатырнаццаці маршрутах тры разы на тыдзень.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».