Вы тут

Вопыт самазанятасці ў Слаўгарадскім раёне разглядаецца як наватарскі


Сёння вопыт арганізацыі самазанятасці і занятасці насельніцтва ў Слаўгарадскім раёне разглядаецца ў межах краіны як наватарскі. Яшчэ падчас выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Магілёве старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Святлана Язерская падрабязна расказала, на чым будуецца ў раёне работа па дэкрэтах Прэзідэнта № 1 «Аб садзейнічанні занятасці» і № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».


Заахвочваюць грамадзян рознымі спосабамі — гэта кірмашы вакансій, індывідуальная работа, сходы, адзіныя дні інфармавання і гэтак далей. Адзін з эфектыўных метадаў — садзейнічанне жыхарам раёна ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Яны праходзяць перанавучанне, забяспечваюцца фінансавай падтрымкай і адкрываюць сваю справу. З пачатку года ў раёне ўжо зарэгістравана сем індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца гандлем, аказваюць паслугі насельніцтву. Ёсць добры вопыт па садзейнічанні самазанятасці насельніцтва пры падтрымцы міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Брэндам раёна стала хатняе сыраварэнне. Створаны спажывецкі сельскагаспадарчы кааператыў «Гіжэнскі аграрый» (у яго сёння ўваходзіць 15 сыравараў), які пры падтрымцы праграмы малых грантаў ПРААН/ГЭФ рэалізуе праект «Падтрымка хатняга сыраварэння як альтэрнатыўнай формы занятасці на і паблізу ад асабліва ахоўных тэрыторый Слаўгарадскага раёна». Сёлета ў Лясной у будынку, які не выкарыстоўваўся, адкрываецца сырная лаўка, дзе з'явіцца міні-музей сыру. Тут жа будзе адбывацца рэалізацыя сырнай і тварожнай прадукцыі з каровінага і казінага малака, правядуць і майстар-класы. Слаўгарадскія сыравары — галоўныя героі створанага ў раёне гастранамічнага фестывалю «Гаспадарчы сыр», які пройдзе сёлета 26 мая ў Слаўгарадзе ўжо сёмы раз. Сёння ў раёне налічваецца каля 40 хатніх гаспадарак, якія ствараюць сыр для сябе і на рэалізацыю.

Працягваецца ажыццяўленне трохгадовага праекта «Ад вытокаў да развіцця», які фінансуецца Еўрапейскай камісіяй ЕС на суму больш за 400 тысяч еўра. У яго рамках падтрымана 47 ініцыятыў мясцовых жыхароў, накіраваных на аказанне турыстычных паслуг, стварэнне аграсядзіб. Пры фінансавай падтрымцы Праграмы развіцця ААН у вёсцы Пацяраеўка на тэрыторыі былой гідрастанцыі прадпрымальнік Фёдар Бондараў адкрыў турыстычны комплекс «Маленькія дзівы» для адпачынку дзяцей і дарослых. На базе яго функцыянуе ўнікальны «Дзіцячы цэнтр лагічнага мыслення», які таксама быў рэалізаваны ў рамках праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

Рэалізацыя ўсіх гэтых праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі была б немагчымая без непасрэднага ўдзелу ў працэсе дэпутатаў. Толькі на тэрыторыі Лапаціцкага сельсавета было падтрымана восем ініцыятыў. «Пры гэтым сельсавет з'яўляецца гарантам рэалізацыі гэтых праектаў, — кажа старшыня сельскага Савета дэпутатаў Сцяпан Байцоў. — Праз нас праходзяць усе пытанні, якія датычацца іх фінансавання і ўстойлівага развіцця». Дэпутат падкрэслівае карысць такіх праектаў, бо яны дапамагаюць развівацца малым населеным пунктам і, галоўнае, прывучаюць моладзь да сельскай працы.

— Пры фінансавай падтрымцы праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» ПР ААН створаны клуб майстроў-рамеснікаў «Майстры Слаўгарадчыны», — удакладняе старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Сёння на тэрыторыі раёна працуе 31 рамеснік. Для далейшага развіцця прадпрымальніцтва мы плануем рэалізаваць праект «МОСТ як пілотная экабізнес-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага росту» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай камісіі на суму 600 тысяч еўра. Ён прадугледжвае мерапрыемствы па развіцці тэрыторыі левабярэжжа ракі Сож і стварэнне сёлета Цэнтра сельскага прадпрымальніцтва ў вёсцы Старая Каменка. Прадаўжэннем гэтага праекта стане яшчэ адзін — «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў працаўладкавання ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці», у якім будуць задзейнічаны яшчэ чатыры раёны паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны. Гэта дасць магчымасць толькі ў Слаўгарадскім раёне падтрымаць 10 прадпрымальніцкіх ініцыятыў.

Нэллі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Слаўгарадскі феномен

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.