Вы тут

У Слаўгарадзе абмеркавалі ўзаемадзеянне ў мясцовым самакіраванні


На дэпутатаў мясцовых Саветаў сёння ўскладаюцца вялікія спадзяванні, неабходна, каб іх роля і значнасць у грамадстве адчувальна павысіліся і ўзмацніліся. Яны павінны быць бясспрэчнымі лідарамі і аўтарытэтамі. З такім пасылам звярнуўся да народных абраннікаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў Слаўгарадзе.

Тэмай размовы стала павышэнне ролі органаў мясцовага самакіравання ў рашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця. У Слаўгарад былі запрошаны старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Удзел у пасяджэнні прынялі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук. Разам з дэпутатамі парламента ў Слаўгарад прыехалі прадстаўнікі міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў. Аналагічныя пасяджэнні ў будучыні пройдуць для дэпутатаў Мінскай і Віцебскай абласцей, а потым — Гродзенскай і Брэсцкай.


Свята-Петра-Паўлаўскі храм-помнік у в. Лясная Слаўгарадскага раёна.

Без фармалізму

Спікер верхняй палаты парламента адразу ж заклікаў дэпутатаў да канструктыўнага дыялогу, максімальнай шчырасці і адкрытасці.

— Нам важна ведаць, што неабходна зрабіць дадаткова на ўзроўні рэспублікі або вобласці для таго, каб падняць эканоміку раёнаў на належны ўзровень, — адразу ж абазначыў ён арыенціры. — Хацелася б пачуць, што наконт гэтага думаюць дэпутаты.

У складзе мясцовых Саветаў дэпутатаў у маштабах Беларусі сёння працуе больш за 18 тысяч чалавек. Гэта рэзерв, на які ўскладаюцца велізарныя надзеі.

— Выступаючы з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, Прэзідэнт казаў аб паступовым пашырэнні паўнамоцтваў, дадатковых функцыях Саветаў, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Гэта ўсё павінна рабіцца паступова, эвалюцыйна. Хто б што ні казаў, а патэнцыял дэпутатаў і старастаў вёсак сёння запатрабаваны. І вельмі добра, што людзі ідуць да дэпутата. Бо гэта здымае нагрузку з вышэйстаячых выканаўчых органаў улады. Плюс яшчэ ў тым, што дэпутат жыве ў той жа вёсцы, горадзе, што і яго выбаршчык, а значыць, ведае яго надзённыя праблемы не па чутках.

Найбольш актыўныя і амбіцыйныя дэпутаты будуць разглядацца ў якасці рэзерву кадраў.

— Мы часам кажам, што ў нас ёсць прабуксоўкі з кадравай палітыкай, няма належнага выяўлення таленавітых людзей, але сярод дэпутатаў, якія цяпер прыйшлі, шмат перспектыўных кіраўнікоў, — канстатаваў старшыня Савета Рэспублікі. — Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце рэкамендавана правесці спецыяльны семінар, каб выявіць з дэпутатаў гарадскога і раённага ўзроўню кандыдатаў на больш высокія пасады.

Станоўчы вопыт

Дзень правядзення пасяджэння супаў з сумнай датай трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Слаўгарадскі раён на Магілёўшчыне адзін з найбольш пацярпелых ад катастрофы. 19 яго населеных пунктаў спынілі сваё існаванне, колькасць насельніцтва скарацілася з 24 тысяч чалавек амаль удвая. Узніклі праблемы з працаўладкаваннем людзей, умовамі іх пражывання. Пераадолець цяжкасці дапамаглі не толькі дзяржпраграмы, але і ініцыятыўнасць на месцах, пошукі новых формаў і спосабаў існавання. Сёння раён з'яўляецца адным з узорных па арганізацыі занятасці і самазанятасці насельніцтва. Кіраўнік парламента не хаваў, што менавіта гэты вопыт стаў вырашальным пры выбары месца правядзення пасяджэння.

— Я добра памятаю, як у 1986—1987 гадах тут перасялялі вёскі, людзі не ведалі, куды ехаць, што рабіць з асабістымі гаспадаркамі, — кажа Міхаіл Мясніковіч. — Але станоўчая работа Савета дэпутатаў і выканкама на адну агульную мэту дала свой вынік. Тут правільна рашалі пытанні мінімізацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Вопыт Слаўгарада можна тыражаваць і браць на ўзбраенне іншым.

Ускладанне кветак да мемарыяла каля алеі пахаваных вёсак Слаўгарадскага раёна, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.

Узгадаваць усебакова развітую асобу

Слаўгарадская школа № 1, якую наведалі дэпутаты, самая вялікая ў раёне. Тут вучыцца больш за 730 дзяцей. Пазалетась завяршылася маштабная рэканструкцыя ўстановы, якая вялася па чарнобыльскай праграме. Быў пабудаваны яшчэ адзін корпус са спальнымі пакоямі для вучняў малодшых класаў. Дырэктар школы Ігар Кавалёў расказаў пра тое, як школа ўдзельнічае ў праектнай дзейнасці. Некалькі гадоў таму тут з прыцягненнем сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі адкрыўся цэнтр рэсурса- і энергазберажэння «ЭкаСлаў». Эканамічны і экалагічны эфект дапамагаюць падлічыць спецыяльныя трэнажоры. Цэнтр разлічаны на адукацыю не толькі школьнікаў, але і ўсяго тутэйшага насельніцтва.

Падчас размовы пра ролю школы ў выхаванні ўсебакова развітой асобы дэпутаты закранулі балючыя пытанні — пра збор сродкаў бацькамі на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, прафарыентацыю школьнікаў, якасць адукацыі.

— У нас на падыходзе новы Кодэкс аб адукацыі, зараз ідзе яго абмеркаванне, у тым ліку і ў парламенце, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Нам цікава даведацца, што трэба закласці ў новую рэдакцыю кодэкса акрамя таго, што там ужо ёсць.

Дэпутатам гарадскіх і раённых Cаветаў прапанавана абмеркаваць гэтыя пытанні разам са спецыялістамі на месцах і прапрацаваць ідэі, якія можна было б рэалізаваць на рэспубліканскім узроўні.

Будучыня за ініцыятыўнымі

Музей пад адкрытым небам, сырная крама, дзіцячы цэнтр лагічнага мыслення — гэта толькі некалькі ініцыятыў, якія былі рэалізаваны на тэрыторыі раёна. На выстаўцы-прэзентацыі ў аграгарадку Лясная з гэтымі і іншымі праектамі была магчымасць пазнаёміцца бліжэй. Пра ўстойлівае развіццё сельскіх тэрыторый Слаўгарадскага раёна праз занятасць і самазанятасць насельніцтва расказаў дырэктар мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра» Віталь Варабей. Дарэчы, першы дырэктар гэтага фонду Таццяна Гурына калісьці ініцыявала адраджэнне традыцыі сыраварэння. Сёння слаўгарадскія сыравары вядомыя далёка за межамі раёна. Пры дапамозе фонду ў раёне развіваюцца аграэкатурызм, рамесніцтва, прадпрымальніцкая дзейнасць.

Прадстаўнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг «Наватэль» Алена Кавалёва расказвае пра магчымасці развіцця і добраўпарадкавання сельскіх тэрыторый.

На выстаўцы дэпутаты змаглі ўбачыць перспектыўныя праекты ў сферы малога і сярэдняга бізнесу.

— У сакавіку ў нас адкрылася новае прадпрыемства «СлаўЛёнЭкспарт», — прадставіў «навінку» намеснік старшыні па эканоміцы Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта. — Асноўным відам яго дзейнасці стане вырошчванне лёну для далейшай рэалізацыі льновалакна на экспарт у Расію, Еўропу і Кітай. Культура для Слаўгарадскага раёна пакуль новая, таму сёлета для пачатку будзе засеяна 150—200 гектараў, яшчэ каля 100—150 гектараў адведзена пад грэчку і райграс. Грошы ў эканоміку раёна інвестуе шклоўскае прыватнае прадпрыемства «ЛёнЭкспартШклоў». Калі справы пойдуць добра, абяцаюць падключыцца кітайскія інвестары.

Адным з цікавых праектаў, якія рэалізуюцца зараз у раёне, абяцае стаць шматфункцыянальны комплекс. Ён размесціцца на плошчах былога Дома быту. Першы паверх будзе выкарыстаны пад кавярню і рэстаран, на другім размесцяцца прадпрымальнікі, якія спецыялізуюцца на аказанні насельніцтву бытавых паслуг, на трэцім — міні-гасцініца з нумарамі люкс, паўлюкс. У праект плануецца ўкласці не менш за 300 тысяч долараў. Інвестары — маскоўская кампанія. Чакаецца, што з уводам аб'екта ў дзеянне будзе створана 36 працоўных месцаў.

Наогул, па інфармацыі Слаўгарадскага райвыканкама, на 1 красавіка ў раёне дзейнічалі 141 прадпрымальнік, 8 сялянска-фермерскіх гаспадарак,
42 арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу. Акрамя гэтага, 17 чалавек — у сферы самазанятасці. Сярод іх швачка, тамада, спецыялісты па аказанні сельскагаспадарчых паслуг.

Занятасць — перш за ўсё

У Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт паставіў мэту да 2025 года дасягнуць узроўню ВУП у памеры 100 мільярдаў долараў.

— За апошнія 8 гадоў нам трэба практычна падвоіць ВУП. Гэтыя тэмпы будуць закладзены ў прагнозе і бюджэце ўжо пачынаючы з наступнага года, — паведаміў дэпутатам Міхаіл Мясніковіч. — Асабліва хачу звярнуць увагу старшынь раённых Саветаў на выкананне палажэння Дэкрэта № 1 аб занятасці. У адпаведнасці з дэкрэтам старшыні Саветаў фактычна паўсюль узначалілі спецыяльныя раённыя камісіі. І трэба шмат высілкаў для таго, каб дайсці да кожнага чалавека, паглядзець, каб усё было аб'ектыўна. Калі чалавек сапраўды мае патрэбу ў працаўладкаванні або перападрыхтоўцы, яму неабходна дапамагчы.

За апошнія гады ў беларускай эканоміцы стала працаваць на 230 тысяч чалавек менш. Таму пытанні, звязаныя з занятасцю насельніцтва, вельмі важныя. Трэба шукаць новыя формы. Старшыні Саветаў дэпутатаў разам са старшынямі выканкамаў павінны абмеркаваць, за кошт чаго гэта можна зрабіць. У Слаўгарадзе добра пастаўлена работа па Дэкрэтах № 1 і № 7. Міхаіл Мясніковіч выказаў словы ўдзячнасці слаўгарадскім калегам за тое, што «яны паказалі нам новыя формы занятасці».

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч пабываў на ўроку малявання ў Слаўгарадскай сярэдняй школе № 1.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Часта даводзіцца чуць, што роля Саветаў дэпутатаў некалькі прыніжана. Але, магчыма, гэта адбываецца не столькі з-за таго, што нешта не так на заканадаўчым узроўні, колькі ад пасіўнасці саміх дэпутатаў. Сёлета абрана больш за 18 тысяч дэпутатаў мясцовых Саветаў. Прыйшло шмат амбіцыйных, актыўных людзей, якія імкнуцца зрабіць нешта добрае і карыснае. Трэба па максімуме выкарыстоўваць гэты патэнцыял. Жыццё мяняецца вельмі імкліва, узнікаюць новыя задачы, новыя падыходы ў іх рашэнні, і неабходна адпаведная вучоба. Сёння грамадства дастаткова адукаванае, і калі раней чалавек, які меў пэўную адукацыю або пасаду, успрымаўся як усебакова падрыхтаваны, то сёння тыя, хто звяртаецца да гэтых кіраўнікоў, прыблізна самі такога ж узроўню. І хацелася б ад кіраўніка гарадскога ці раённага Савета атрымліваць нейкую дадатковую інфармацыю, дадатковыя веды. Таму старшыні Саветаў і дэпутаты павінны быць у найвышэйшай ступені кампетэнтныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Размова па сутнасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.