24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Накіды да кнігі, якая наўрад ці будзе напісана


Калі-небудзь я, напэўна, напішу пра гэта кнігу. Сцішыцца боль, эмоцыі зменяцца на халодныя разважанні, усё стане на свае месцы. Мітуслівыя трывожныя дні і бяссонныя роспачныя ночы складуцца ў тры тыдні, праведзеныя ў адным з самых цяжкіх аддзяленняў сталічнай бальніцы, і стануць проста лічбамі ў календары жыцця, красавіком 2018 года, пазначаным цьмяна-чорным, антрацытавага адцення колерам. І паслужлівая прафесійная памяць (вось яна, здрадлівая чалавечая натура: нават у роспачнай трывозе назіраеш і запамінаеш) лепш за любы нататнік нагадае пачутае, убачанае, адчутае, перажытае. Гэткія важныя для любога аўтара дэталі, якія, калі пастарацца, складуцца ў адзін выразны пазл, і яго аддрукуюць, пераплятуць у вокладку, паставяць на паліцу кнігарні, і які-небудзь самотны бібліяфіл выпадкова возьме яго ў рукі і нават пагартае і пачытае некалькі сказаў. І яго, раптам здарыцца, нават зацікавіць тое, што я калі-небудзь напішу.

Я напішу, напрыклад, пра тое, што ў бальніцы толькі два самыя яркія колеры — чырвоны і белы. Чырвоным засцерагальным святлом успыхвае надпіс «Не ўваходзіць!» на ўсіх кабінетах, дзе праводзяцца якія-небудзь даследаванні. Белым халодным-халодным, ледзяным колерам гарыць у канцы доўгага калідора шыльда над рэанімацыяй.

Белыя глухія дзверы заўжды замкнутыя знутры — уваход пабочным там забаронены ў любы час сутак, і сцюдзёная шыльда нагадвае аб гэтым таксама кругласутачна. Зона адчужэння, калідор паміж гэтым і іншым светам, па якім дарога і ў адзін, і ў другі бок аднолькавая, і, пэўна, толькі хтосьці адзін нябачны вырашае, у якім напрамку кожнаму, хто туды трапляе, рухацца... Паказальнікі выхада, традыцыйна пафарбаваныя ў зялёны, у бальніцы чамусьці не падсвечваюцца. Той, каму суджана адсюль выйсці, знойдзе іх і без дадатковай падказкі.

Яшчэ я абавязкова напішу пра тое, што такое сапраўднае каханне і якімі моцнымі і кранальнымі могуць быць нашы мужчыны. Пра саракагадовага Сяргея, які дзяжурыў каля ложка безнадзейна хворай жонкі круглыя суткі, карміў яе з лыжачкі, падстаўляў судна, не даючы гэта рабіць санітаркам, выконваў усе капрызы сваёй Святланы. Пра адчайную радасць на яго твары, калі ў адзін дзень жонка змагла ўстаць і з яго дапамогай зрабіць два крокі па палаце, пра яго «Мы з табой яшчэ патанцуем!», у якім было столькі надзеі. Пра яго спалатнелы твар і нежывыя бляклыя вочы, калі ўрачы выставілі яго з палаты, а праз нейкі час выйшлі адтуль самі, апусціўшы рукі... А яшчэ я напішу пра шасцідзесяціпяцігадовага Міхаіла, які прыходзіў да сваёй прыкутай да ложка Ірыны па тры разы на дзень, прыносіў ёй з дому ежу, мяняў ёй падгузкі, мыў. А дома ляжала таксама прыкаваная да ложка дзевяностагадовая жончына маці, якую таксама трэба было даглядаць. Бабулю ўрэшце прывезлі ў тую ж бальніцу, дзе яна праз некалькі гадзін сканала, і ён з сынамі займаўся пахаваннем недзе на Палессі, але ўсё роўна прыходзіў да жонкі і нічога ёй не казаў, толькі быў яшчэ больш пяшчотны з ёю і вочы ў яго неяк дзіўна блішчэлі...

Яшчэ я напішу пра санітарку Элу, якая спачатку даглядала тут хворага бацьку, дзеля чаго вымушана была кінуць працу, а потым, калі бацькі не стала, так і засталася.

Пра яе спагаду і разуменне, пра тое, як яна спакойна адказвае на пытанне, якое задаюць, пэўна, усе, каму лёсіць бліжэй пазнаёміцца з гэтым страшным аддзяленнем: «Як вы тут працуеце?» Яна паціскае плячыма, сумна ўсміхаецца: «Хтосьці ж і тут павінен людзям дапамагаць...» Пра яе самы страшны ўласны кашмар: у чатырнаццаць гадоў яна знайшла ў ванным пакоі павешаную маці і нават праз доўгія дзесяцігоддзі, змяніўшы некалькі кватэр, яна не можа зайсці ў ванную, не азірнуўшыся на правы кут. Яна дзеліцца гэтым асабістым болем з тымі, хто, ужо не могучы глядзець, як мучыцца родны чалавек, бяздумна блукае па цьмяным калідоры. Яна, пэўна, верыць: ад усведамлення, што балюча камусьці яшчэ, гэтаму, бяздумнаму, стане хоць на каліва лягчэй.

І пра Вялікдзень у бальнічнай палаце я напішу таксама. Пра накрыты там святочны сняданак, які не распачыналі, пакуль не скончыліся ранішнія кропельніцы, пра кволыя ўсмешкі на белых тварах, пра адчуванне вялікага шчасця, бо самы блізкі чалавек, які быў ужо за мяжой, апрытомнеў, пахрыстосаваўся з табой і нават пакаштаваў велікодны пачастунак.

І ўжо тады, у тую хвіліну, прыйшло разуменне, што гэты Вялікдзень, колькі б ні мінула гадоў, будзе асаблівым у храналогіі жыцця, бо тады родны чалавек яшчэ быў побач і да яго можна было дакрануцца і пачуць яго голас...

Праз нейкі час я, напэўна, і праўда здолею сабраць гэты пазл і напісаць кнігу. А хутчэй за ўсё, нічога не атрымаецца. Папераджальным чырвоным зноў успыхвае грознае «Не ўваходзіць!», пранізліва-ледзяным гарыць круглыя суткі шыльда ў канцы цёмнага калідора. А надпіс «Выхад», пафарбаваны ў колер надзеі, тут не падсвечваецца...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Антрацытавы красавік

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.