Вы тут

Павысіць якасць жыцця на аснове канкурэнтаздольнасці эканомікі


Павысіць якасць жыцця на аснове канкурэнтаздольнасці эканомікі — такую нязменную мэту агучыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па рашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. На ёй былі абмеркаваны бягучыя паказчыкі, а таксама канкрэтныя ідэі і надзённыя пытанні.


Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, рост цэн на нафту нам на карысць, бо мы вырабляем нафтапрадукты і прадаём іх на сусветным рынку. Даражэй наша краіна стала прадаваць і мінеральныя ўгнаенні, у тым ліку калійныя. Усё гэта дазваляе разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт, але Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае: «Які перыяд часу гэта будзе цягнуцца, зразумела, ніхто не ведае. Але вечна гэта не будзе дакладна. Неабходна літаральна паспець выцягнуць максімум выгады з кан'юнктуры, якая склалася, і захаваць апераджальную дынаміку ва ўсіх сферах».

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, існуюць розныя меркаванні наконт таго, каму падтрымка бюджэту найбольш неабходная. «Рэальны сектар будзе цягнуць, вядома ж, коўдру на сябе, як гэта ў нас часта бывае. Фінансісты скажуць, што неабходна перш за ўсё скарачаць дзяржаўны доўг. Маю пазіцыю чулі не толькі вы, але і ўвесь народ: бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікаў, падтрымку найбольш уразлівых слаёў насельніцтва».

Урад мае намер прадоўжыць падтрымліваць прадпрыемствы, але Прэзідэнт ставіць пытанне, на якія мэты накіраваны прапановы па гэтай практыцы. «Нам патрэбны прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннага сілкавання з дзяржбюджэту», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Менавіта вытворчасць сама павінна зарабляць грошы і накіроўваць іх у бюджэт, а не наадварот. Гэта датычыцца і тых, дзе была прафінансаваная мадэрнізацыя.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў прэм'ер-міністра далажыць, як будуць расці даходы насельніцтва і як павышаць эфектыўнасць бюджэтнай сістэмы для забеспячэння сацыяльных стандартаў, а таксама аб тым, ці дастаткова мер для скарачэння дзярждоўгу. Міністр эканомікі праінфармаваў, што неабходна сёння для апераджальнага эканамічнага росту. Пасля нарады прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў і міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі расказалі журналістам, на якія моманты звярнулі ўвагу падчас абмеркавання.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што Прэзідэнту далажылі аб асноўных выніках першага квартала 2018 года. Сапраўды, мы маем станоўчую дынаміку ў эканамічным развіцці краіны і даходная частка бюджэту выконваецца лепш, чым гэта прадугледжана законам аб бюджэце. Урад прапанаваў падыходы, як скарыстацца гэтымі звышзапланаванымі даходамі. Першы квартал дае падставу аптымістычна паглядзець на выкананне бюджэту 2018 года, лічыць прэм'ер-міністр.

Наконт праблем з некаторымі прадпрыемствамі Андрэй Кабякоў растлумачыў, што, перш за ўсё, яны звязаныя з даволі вялікай крэдытнай запазычанасцю з-за мадэрнізацыі. Бізнес-планы не ў поўным аб'ёме спрацавалі, і на кожным такім прадпрыемстве будзе вывучацца індывідуальная сітуацыя: неабходна высветліць прычыны і следства памылак. Што датычыцца кіраўніцтва прадпрыемстваў, якія не выканалі ўмовы дзяржпадтрымкі, працягваць працаваць на сваіх пасадах яно не будзе. Гэта прынцыповая пазіцыя, падкрэсліў кіраўнік урада. Дзяржава, на думку Андрэя Кабякова, павінна прымаць меры, каб прадпрыемствы працавалі эфектыўна. Пытанне — якія меры? Гэта зноў жа індывідуальны набор для кожнага выпадку.

Па сярэдняй заработнай плаце прэм'ер-міністр адзначыў, што ў сакавіку яна склалася на ўзроўні 927 рублёў па краіне. Робіцца ўпор на тыя арганізацыі, дзе заробак мае сур'ёзнае адхіленне ад тысячарублёвага ўзроўню, каб рэалізаваць комплекс мер, якія дазволяць выправіць сітуацыю. Задача няпростая, але, як лічыць Андрэй Кабякоў, яна павінна быць вырашана, каб людзі не з'яджалі ў іншыя рэгіёны ці краіны.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні да беларускага народа і парламента паставіў задачу да канца 2025 года мець ВУП $100 млрд. (Сёлета чакаецца ВУП на ўзроўні $60 млрд.) Гэта лічба каласальная, але няма нічога немагчымага, лічыць Уладзімір Зіноўскі. Міністэрства эканомікі ўвесь мінулы год і ў пачатку гэтага займаецца распрацоўкай плана індустрыялізацыі краіны, калі да кожнага з 118 раёнаў будуць прывязаныя пэўныя інвестыцыйныя праекты. У гэтым плане пакуль 1740 праектаў, і ў ліпені на пасяджэнні Прэзідыума савета Міністраў плануецца яго разгледзець. Калі план будзе здзейснены, дасягнуць лічбы ў $100 млрд цалкам рэальна, лічыць міністр эканомікі.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Эканоміка — для кожнага

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.