Вы тут

Тлумачым, што можа змяніцца ў Працоўным кодэксе


Падчас водпуску дазволяць працаваць у іншай кампаніі поўны дзень, дыстанцыйныя работнікі змогуць разлічваць на бальнічныя, а адзінокім татам нельга будзе неабгрунтавана адмовіць у заключэнні дагавора. Такія папраўкі плануюць унесці ў Працоўны кодэкс, які дэпутаты разгледзяць на бягучай сесіі. Чым выклікана неабходнасць змен, расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Гарантыі для ўсіх

Сярод прапаноў — замацаваць у кодэксе паняцце «дыстанцыйная работа».

— Актыўнае развіццё ІТ-тэхналогій дазваляе арганізоўваць працу, не ствараючы канкрэтнага працоўнага месца. Гэта задавольвае і наймальніка, і работніка, бо ён дастаткова свабодна можа распараджацца сваім часам, — кажа начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна МАСЛОЎСКАЯ.

Цяпер са спецыялістамі, якія выконваюць заданні дыстанцыйна, заключаюць грамадзянска-прававы дагавор. Пасля паправак у кодэксе яны змогуць разлічваць на працоўны дагавор, а значыць і на тыя гарантыі, якія даюцца штатным работнікам. Першае — забеспячэнне мінімальнага заробку (ён складае 305 рублёў). Другое — аплатны водпуск: 24 каляндарныя дні асноўныя плюс ад аднаго да пяці дзён дадатковых. Трэцяе — бальнічны.

Працоўны дагавор будзе заключацца пры асабістай прысутнасці работніка. Далейшыя перамовы (аб умовах працы, выніках выкананай работы) і дакументазварот з наймальнікам могуць весціся па электроннай пошце. Спосаб і перыядычнасць працоўных кантактаў будуць вызначацца ў кантракце. Графік работы таксама прапісваецца бакамі на выбар. Пры гэтым працягласць працоўнага часу не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень. Усё, што больш, мусіць аплачвацца адпаведна. Але звышурочная работа не можа быць неабмежаванай — максімум 10 гадзін на тыдзень і 180 у год.

— Людзі будуць мець права выбіраць: заключаць грамадзянска-прававы або працоўны дагавор. Але першы скіраваны на выкананне разавай работы, а другі мае на ўвазе пастаянныя і працяглыя адносіны, — заўважае Валянціна Маслоўская.

Дарэчы, паняцце «надомная праца» ў кодэксе даўно існуе. У чым адрозненне ад дыстанцыйнай? Надомны работнік прывязаны да канкрэтнага месца — месца жыхарства або гаража, майстэрні (і бакі, заключаючы дагавор, гэта агаворваюць). Той, хто працуе дыстанцыйна, больш вольны ў гэтым плане: выконваць заданні ён можа хоць на лецішчы, хоць у іншым горадзе.

Працоўныя рукі «ў арэнду»

Наймальнікам хочуць таксама дазволіць пераводзіць супрацоўнікаў на іншую работу ці да іншага наймальніка на тэрмін да шасці месяцаў на працягу года. Зрабіць гэта можна будзе з пісьмовай згоды работніка.

— Часта на перыяд падбору кандыдата на нейкую вакансію наймальнік пераводзіць на гэту пасаду іншага спецыяліста як выконваючага абавязкі. І не факт, што, калі патрэбнага работніка знойдуць, таго, хто выконваў яго абавязкі, пакінуць на прадпрыемстве. Таму мы хочам урэгуляваць гэты момант, — тлумачаць у ведамстве. — Калі работніка часова пераводзяць на пасаду, якая аплачваецца ніжэй, то за ім будзе захоўвацца заробак, як на папярэднім месцы. Іншымі словамі, супрацоўнік не панясе ніякіх страт. А наймальнік тым часам падбярэ належнага кандыдата.

Што да часовага пераводу да іншага наймальніка, то гэта актуальна, напрыклад, для галіны будаўніцтва. Часам адзін наймальнік адпраўляе сваю брыгаду да іншага на перыяд выканання пэўнага аб'ёму работ. Такім чынам фірма можа не набіраць штат, калі працоўныя рукі патрэбны на непрацяглы тэрмін.

Яшчэ адна прапанова — дазволіць падчас водпуску на асноўным месцы працаваць па сумяшчальніцтве поўны дзень.

— Больш за ўсё гэта датычыцца сітуацый, калі педагогі ўладкоўваюцца летам выхавацелямі ў дзіцячыя лагеры.
У настаўнікаў водпуск вялікі — 56 каляндарных дзён. Але па цяперашнім заканадаўстве яны могуць працаваць у гэты час у іншым месцы толькі палову дня. Гэта не падыходзіць ні педагогам, ні кіраўніцтву лагераў, — апісвае сітуацыю Валянціна Маслоўская. — Верагодна, правам працаваць у водпуску па сумяшчальніцтве захочуць скарыстацца не толькі настаўнікі.

Такая магчымасць застанецца і за работнікамі, якія знаходзяцца ў вымушаных водпусках па ініцыятыве наймальніка. «Мы прапануем больш гнуткасці ў працоўных адносінах, усё, каб наймальнік мог хутка рэагаваць на змены ў эканоміцы і вытворчасці, каб кадры выкарыстоўваліся рацыянальна», — адзначаюць у міністэрстве.

Фота БЕЛТА

Больш часу для вучобы

Чакаецца яшчэ некалькі змен у водпусках. Тым, хто завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю, на час установачнай і лабараторна-экзаменацыйнай сесій прапануюць даваць водпуск да 30 каляндарных дзён. Цяпер столькі дзён даюць толькі на трэцім і наступных курсах, а на першым і другім максімум — 20 дзён.

Пашыраць пералік сітуацый, калі заключаецца тэрміновы працоўны дагавор. Напрыклад, з тымі, хто ўладкоўваецца па сумяшчальніцтве са згоды бакоў, з тымі, каго бяруць на выбарныя пасады, на час выканання сезонных работ.

Сярод прапаноў — забараніць неабгрунтавана адмаўляць у заключэнні працоўнага дагавора адзінокім татам. Цяпер гэта норма датычыцца толькі адзінокіх маці. Неабгрунтавана адмовіць нельга будзе таксама выпускнікам ліцэяў, каледжаў і ўніверсітэтаў, якія адносяцца да катэгорыі сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, асоб з асаблівасцямі развіцця.

Даведка

Апошнія змены ў Працоўны кодэкс уносіліся ў 2014 годзе. Колькасць дазволеных звышурочных гадзін павялічылі са 120 да 180 у год, а ІП і мікраарганізацыям далі права заключаць тэрміновыя працоўныя дагаворы. Тады ж работнікам, што знаходзяцца ў вымушаных водпусках, дазволілі працаваць па сумяшчальніцтве поўны дзень. Змены датычыліся таксама сацыяльных водпускаў без захавання заробку: па рашэнні наймальніка яны могуць быць дадзены на неабмежаваны тэрмін.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Працаваць у водпуску... дазваляецца?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.