Вы тут

Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі пройдуць у беларускіх ВНУ


7 мая ва ўнутраным дворыку Белдзяржуніверсітэта ( вул. Бабруйская, 5а)  у 11 гадзін распачнецца акцыя, на якую запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія раней працавалі ва ўніверсітэце.


У гэты дзень унутраны дворык будзе аформлены ў стылі ваенных гадоў. Маскіровачная сетка, брызентавая палатка, матацыкл-МТ і баявая машына пяхоты створаць атмасферу таго часу. Імправізаванай сцэнай стане кузаў легендарнай “палутаркі”, з якой больш як 70 гадоў таму выступалі на фронце артысты перасоўных тэатраў і канцэртных брыгад. Сваімі выступленнямі акцёры і музыканты ўздымалі баявы дух салдат.

Праграмай прадугледжана музычна-паэтычная пастаноўка “Каб памяталі ...”, прысвечаная Хатынскай трагедыі. Музычныя кампазіцыі прагучаць у выкананні Народнай харавой капэлы і вакальнай студыі БДУ. Акампанаваць будзе духавы аркестр Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС. Акрамя таго, студэнты БДУ выступяць з паэтычнымі і празаічнымі творамі аб крывавых падзеях 40-х гадоў.

У рамках мерапрыемства адбудуцца ўрачысты марш курсантаў ваеннага факультэта БДУ і ўскладанне кветак да мемарыяльнага знака ў памяць студэнтам і выкладчыкам БДУ, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Да вайны ў структуру БДУ ўваходзілі 6 факультэтаў і 33 кафедры. Тады ў ВНУ налічвалася 1400 студэнтаў, 151 навуковы работнік, 210 чалавек адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу і 90 вучэбна-дапаможнага. У  першыя дні вайны каля 450 студэнтаў і выкладчыкаў добраахвотнікамі пайшлі на фронт. Эвакуявацца паспелі толькі 620 чалавек. Большасць выкладчыкаў і студэнтаў, што засталіся ў горадзе, сталі актыўнымі ўдзельнікамі падпольнага і партызанскага руху. З ліку студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ дванаццаці прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Сёння ў ВНУ засталося 18 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце 7 мая пройдзе акцыя “Мы памятаем! Мы ганарымся!” Яе ўдзельнікі (навучэнцы педагагічных класаў, студэнты і работнікі БДПУ) аб’яднаюцца пад лозунгам “Чытайце самі, чытайце разам з намі!”. Яны будуць чытаць вершы і прозу аб Вялікай Айчыннай вайне і творы, напісаныя ў гады ваеннага ліхалецця.

Плануецца, што ў акцыі прымуць удзел таксама малалетнія вязні нямецка-фашысцкіх лагераў: першы дэкан фізічнага факультэта з 1974 па 2003 года, прафесар кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта Уладзімір Якавенка (працуе ў БДПУ 56-ты год), метадыст музычна-педагагічнага факультэта (цяпер — факультэта эстэтычнай адукацыі) Галіна Андрашына  (працавала ў БДПУ 43 гады), старшыня Савета ветэранаў БДПУ Валерый Алавянікаў  і іншыя.  Мерапрыемства пройдзе ў вучэбным корпусе №1 (вул.Савецкая ,18, пачатак у 14  гадзін).

Акрамя таго ў рамках акцыі пройдзе выстаўка кніг і матэрыялаў “Подзвіг народа вечны…”, прэзентацыя фатаграфій ваенных гадоў. У чытальнай зале бібліятэкі будзе працаваць тэматычная фотазона “За Радзіму” (калекцыя экспанатаў ваенных гадоў, сабраная супрацоўнікамі БДПУ).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.