Вы тут

Калі аб'яднаюцца Паўночная і Паўднёвая Карэі?


Сёння КНДР перайшла на адзіны з Паўднёвай Карэяй час. Стрэлкі гадзіннікаў тут перавялі на 30 хвілін наперад. Такое рашэнне днямі прыняў прэзідыум Вярхоўнага народнага сходу краіны. Як вядома, розніца ў часе паміж краінамі ўзнікла 15 жніўня 2015 года, калі КНДР перавяла стрэлкі на паўгадзіны назад з нагоды гадавіны вызвалення Карэі. Таксама стала вядома, што дзяржавы паўвострава дэмантуюць устаноўленыя на мяжы гучнагаварыцелі для вядзення «псіхалагічнай вайны». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Паўднёвай Карэі. З іх дапамогай гэтая краіна транслявала навіны, песні папулярных карэйскіх выканаўцаў і крытыкавала рэжым КНДР. Паўночная Карэя, у сваю чаргу, крытыкавала ўрад у Сеуле і прапагандавала сацыялістычную сістэму. Гэта першыя крокі па рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых на саміце, за ходам якога без перабольшання сачыў увесь свет, яго ўжо ахрысцілі гістарычным. Што прынясе Карэйскаму паўвостраву «новая эпоха міру»?


Сасна міру

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — паўднёвакарэйскага прэзідэнта Мун Чжэ Іна і яго паўночнакарэйскага калегі Кім Чэн Ына — прайшла ў памежным населеным пункце Пханмунджом, размешчаным на паўднёвакарэйскай тэрыторыі. Аглядальнікі адзначылі, што абодва лідары трымаліся падкрэслена добразычліва. Яны паціснулі адзін аднаму рукі над раздзяляльнай паласой, якая ў гэтым месцы аформлена ў выглядзе паўметровага бетоннага парапета, і Кім Чэн Ын пераступіў цераз яе, стаўшы, такім чынам, першым паўночнакарэйскім лідарам, які ступіў на зямлю Рэспублікі Карэя. Поціск рукі палітыкаў пры гэтым, як падлічылі журналісты, доўжыўся 30 секунд. Кім Чэн Ын прапанаваў калегу перайсці на паўночнакарэйскі бок мяжы і таксама зрабіць некалькі здымкаў. Дагэтуль падобныя сустрэчы на вышэйшым узроўні праводзіліся толькі двойчы, у 2000-м і 2007 гадах. Тады з паўднёвакарэйскімі лідарамі сустракаўся Кім Чэн Ір — бацька Кім Чэн Ына. Папярэднія саміты праходзілі ў Пхеньяне.

Перамовы ў Пханмунджоме былі напоўнены сімвалічнымі жэстамі. Так, лідары дзвюх Карэй пасадзілі на дэмаркацыйнай лініі сасну, якая ўвасабляе імкненне дзвюх дзяржаў «да міру і росквіту». Пры пасадцы «дрэва міру» Кім і Мун выкарыстоўвалі глебу з гары Халасан у Паўднёвай Карэі і вулкана Пэктусан у Паўночнай Карэі. Раздзяляльную паласу кіраўнікі дзвюх краін перасягнулі, трымаючыся за рукі. Прайшоўшы ў будынак, які носіць сімвалічную назву — Дом міру, Мун Чжэ Ін заклікаў паўночнакарэйскага прэзідэнта разам несці «мір і росквіт» народам дзвюх краін. Таксама ён адзначыў, што дэмаркацыйная лінія з гэтага моманту стала не сімвалам разладу, а сімвалам міру. Кім Чэн Ын у сваю чаргу заявіў, што прыехаў на саміт з «адчуваннем пачатку новага гістарычнага этапу ў адносінах дзвюх краін». Праз некалькі гадзін стала вядома, што лідары дзяржаў не падманулі чаканняў журналістаў і грамадскасці. Па выніках перамоў было дасягнута пагадненне, якое абяцае стаць паваротным пунктам у гісторыі падзеленага паўвострава.

Ракетны жарт

Карэйскія лідары пацвердзілі, што агульнай мэтай дзвюх краін з'яўляецца правядзенне працэсу дэнуклеарызацыі на Карэйскім паўвостраве, як адзначаецца ў «Пханмунджомскай дэкларацыі аб міры, росквіце і аб'яднанні Карэйскага паўвострава». Гэта азначае, што ўлады КНДР далі прынцыповую згоду на ліквідацыю ядзернай зброі. Аглядальнікі адзначылі, што ў пачатку перамоў Кім Чэн Ын быў прыкметна напружаны і нават дазволіў сабе «ракетны жарт»: паабяцаў Мун Чжэ Іну, што прасочыць за тым, каб ракетныя выпрабаванні не праводзіліся раніцамі і не перашкаджалі спаць суседзям на поўдні.

«На Карэйскім паўвостраве больш ніколі не будзе вайны, пачалася новая эпоха міру», — адзначаецца ў тэксце дэкларацыі. У дакуменце таксама падкрэсліваецца, што дзве дзяржавы «працягнуць актыўны дыялог на ўсіх узроўнях, уключаючы вышэйшы». Акрамя таго, бакі дамовіліся стварыць зону бяспекі ў Жоўтым моры.

Лідар КНДР Кім Чэн Ын падчас сустрэчы з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам заявіў, што ў выпадку падпісання пагаднення з ЗША аб заканчэнні вайны ў ядзерным узбраенні не будзе неабходнасці. Яго словы прывёў прэс-сакратар Муна Юн Ён Чхан падчас прэс-канферэнцыі па выніках перамоў, перадае РІА Навіны. «Калі нашы сустрэчы з ЗША будуць частымі, і ў будучыні будзе пабудаваны давер і дасягнута пагадненне аб недатыкальнасці і аб заканчэнні вайны, навошта ж мець ядзернае ўзбраенне і жыць у цяжкіх умовах?», — працытаваў Юн Ён Чхан заяву Кім Чэн Ына. Кіраўнік Паўночнай Карэі таксама адзначыў,
што, «нягледзячы на тое што ён заўсёды выступаў супраць ЗША, людзі зразумеюць, што ён не з'яўляецца тым, хто скінуў бы ядзерную зброю на ЗША, Паўднёвую Карэю ці краіны Ціхаакіянскага рэгіёна».

Паўночная Карэя паабяцала дэмантаваць ядзерны палігон. Працэс дэмантажу пачнецца ў маі і будзе публічным — на палігон запросяць экспертаў па бяспецы і журналістаў. «Некаторыя кажуць, што абсталяванне на палігоне не працуе, але вы ўбачыце, што яно ў добрым стане», — заявіў Кім.

Мадэль Кіма

Сярод матываў дзеянняў паўночнакарэйскага лідара эксперты называюць неабходнасць дамагчыся змякчэння санкцый дзеля актывізацыі эканамічнага развіцця краіны. Заявы Пхеньяна аб ядзерным раззбраенні — гэта такі меседж для ЗША, заўважыў gazeta.ru колішні пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Карэя Глеб Івашанцаў. «Кім Чэн Ын зразумеў, што стварыў той патэнцыял, які можа стрымаць ЗША. І таму ён вырашыў, што цяпер ядзерныя выпрабаванні можна прыпыніць і пераключыць сродкі на развіццё эканомікі», — адзначыў дыпламат.

Як вядома, пасля прыходу да ўлады пяць гадоў таму лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын адкрыта паставіў эканамічны рост у шэраг прыярытэтаў — нароўні з распрацоўкай ядзернай зброі. Вынікам сталі паступовыя рынкавыя рэформы, якія прывялі да хуткага росту прыватных прадпрыемстваў і ўзроўню жыцця, адзначаюць эксперты. Фактычна лідар Паўночнай Карэі выбраў мадэль, якой у апошнія дзесяцігоддзі прытрымліваліся Кітай і В'етнам. Яны імкнуліся да эканамічнага росту з дапамогай рынкавых рэформаў, але захоўвалі жорсткі палітычны кантроль. Кім Чэн Ын таксама правёў шырокія рэформы ў сельскагаспадарчай і прамысловай галінах, надаўшы аб'ектам гаспадарання больш самастойнасці. «Самы галоўны міф аб Паўночнай Карэі — гэта тое, што там усім кіруе дзяржава, — кажа Андрэй Абрахамян з кампаніі Choson Exchange, якая падтрымлівае паўночнакарэйскіх прадпрымальнікаў, — Вобраз Кіма асацыюецца з эканомікай, і гэта ўвязваецца з павышэннем якасці жыцця і спажывецкіх тавараў».

Генеральная рэпетыцыя

Абедзве Карэі захаваюць сваю незалежнасць, але пяройдуць ад палітыкі канфрантацыі да супрацоўніцтва. У перспектыве краіны таксама маюць намер падпісаць мірны дагавор. Як вядома, Карэйская вайна 1950—1953 гадоў, у якой з аднаго боку ўдзельнічалі Паўднёвая Карэя і ЗША, а з другога — КНДР і Кітай, завяршылася падпісаннем перамір'я. Тэхнічна Поўнач і Поўдзень дагэтуль знаходзяцца адно з адным у стане вайны.

Кім Чэн Ын, выступаючы ў Пханмунджоме, адзначыў, што ў будучыні Паўночная і Паўднёвая Карэя павінны зноў стаць адзінай дзяржавай. Зараз, лічаць аналітыкі, ёсць усе перадумовы таго, што гэта эпахальная для Карэйскага паўвострава падзея ўсё ж адбудзецца. Як расказала ў інтэрв'ю RT дацэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Ланцова, і на Поўдні, і на Поўначы даўно распрацоўваюцца формулы аб'яднання паўвострава. «Ёсць дзве асноўныя канцэпцыі. Першая мае на ўвазе паглынанне адной краіны іншай у выніку пэўных узрушэнняў. Другая мадэль, якая існуе і на Поўначы, і на Поўдні, мае на ўвазе паэтапную канфедэрацыю. Відавочна, што гэта вельмі доўгі працэс, магчымы толькі пры рэалізацыі сумесных эканамічных праектаў. Аднак ва ўмовах санкцый рэалізаваць гэтыя праекты немагчыма, таму першачарговая задача звязана з паступовым зняццем санкцый з КНДР. Але тут усё залежыць ад ЗША, — падкрэсліла Ірына Ланцова. — На ўзроўні афіцыйнага дакумента гэтае палажэнне зафіксавана. У той частцы дэкларацыі, дзе гаворка ідзе пра перамовы па ўсталяванні міру на Карэйскім паўвостраве, гаворыцца пра неабходнасць правядзення трохбаковых і четырохбаковых сустрэч. У першым выпадку маецца на ўвазе фармат «дзве Карэі плюс ЗША», у другім — той жа склад плюс Кітай. Гэта ўжо крок наперад».

Ці будуць увасоблены на практыцы заяўленыя карэйскімі лідарамі планы, стане ясна на працягу найбліжэйшых месяцаў, лічаць эксперты. Вельмі вялікую ролю адыгрывае асобасны фактар: КНДР прадстаўляе малады і амбіцыйны лідар, які разумее, што краіне патрэбны перамены, а ў Паўднёвай Карэі да ўлады летась прыйшоў палітык леваліберальнага кшталту, таксама нацэлены на дыялог. Дарэчы, для паўночнакарэйскага лідара саміт у Пханмунджоме стаў «генеральнай рэпетыцыяй» перад сустрэчай з Дональдам Трампам. Калі яна адбудзецца (сустрэчу мяркуецца правесці ў маі ў тым жа  Пханмунджоме), Кім Чэн Ын стане першым лідарам КНДР, які сустрэнецца з дзеючым прэзідэнтам ЗША. Да гэтага магчымасць правядзення падобнага саміту абмяркоўвалася яшчэ ў гады прэзідэнцтва Біла Клінтана ў канцы 1990-х, аднак тады сустрэча так і не адбылася. Пры Джорджу Бушу адносіны з КНДР былі жорстка замарожаныя. Дарэчы, у 2009 годзе Клінтан — на той момант ужо былы прэзідэнт — усё ж такі даехаў да Пхеньяна, каб дамагчыся вызвалення двух амерыканскіх журналістаў.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Вяртанне паўвострава

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг