Вы тут

Адметная дзясятка ўдзельнікаў сёлетняга «Еўрабачання»


Ужо заўтра міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне» афіцыйна адкрыецца ў Лісабоне. Усе 43 яго ўдзельнікі ўжо прыбылі, агледзелі горад, апрабавалі сцэну падчас рэпетыцый і далі першыя прэс-канферэнцыі. А ў аўторак, 8 мая, вызначыцца першая дзясятка шчасліўцаў, якія трапяць у фінальны канцэрт. Супервайзеры абяцаюць як заўжды відовішчнае і высокатэхналагічнае шоу, поўнае сюрпрызаў для публікі. Напярэдадні «Звязда» склала спіс з 10 яркіх, правакацыйных і цікавых канкурсантаў, якіх мы ўбачым і пачуем на 63-м конкурсе.


Рамэа і ружа

У ну­ма­ры ALEKSEEV'а хло­пец спя­вае, дзяў­чы­на тан­цуе, а ру­жа стра­ляе.

Свая кашуля да цела бліжэй, таму пачнём з выканаўцы, які сёлета прадстаўляе Беларусь — 24-гадовы ўкраінскі спявак ALEKSEEV. Прадзюсар артыста Алег Баднарчук, вядомы сваімі маштабнымі пастаноўкамі ўкраінскіх і расійскіх поп-артыстаў, прыдумаў зусім іншую канцэпцыю прадстаўлення песні «Forever», чым мы бачылі ў нацыянальным адборы.

Цяпер няма ніякіх святлодыёдаў, затое ёсць люстэркі і рухомая платформа. Пастаноўка зроблена ў бела-чырвоных колерах, а адным з галоўных элементаў яе стала ружа — напачатку кветка нібыта лунае ў паветры, а напрыканцы «страляе» і раніць шыпамі спіну выканаўцы. Мікіту Аляксееву ў нумары асісціруе дзяўчына з дзіўным танцам у стылі кантэмп. «Забаўна і нечакана», — так найчасцей ацэньваюць гэта выступленне фанаты конкурсу, блогеры і замежныя журналісты. Зрэшты, на прагнозы букмекераў эфектнасць нумара паўплывала мала: пасля першых рэпетыцый яны прадракаюць ALEKSEEV'у толькі 20-е месца сярод 43 удзельнікаў.

Тут вам не цацкі

Эпа­таж­ная із­ра­іль­цян­ка Не­та з цац­ка­мі-ко­ці­ка­мі.

Нумарам адзін у спісе фаварытаў па-ранейшаму ідзе ізраільская спявачка Netta з песняй «Toy» («Цацка»). 25-гадовая Нета Барзілай — яскравы прыклад таго, як працуе формула «талент плюс упартасць». Атрымаўшы ў дзяцінстве грунтоўную музычную адукацыю, пасля службы ў арміі (між іншым, у войсках ВМФ) Нета зноў вярнулася да свайго захаплення музыкай, заснавала гурт імправізацыйных спеваў, актыўна гастралявала па краіне і за яе межамі і праводзіла семінары для маладых музыкаў. Адметнай фішкай Неты стала выкарыстанне вакальнага лупера — спецыяльнай прылады, якая дазваляе выкарыстоўваць шматлікія галасавыя эфекты (дубліраванне, накладанне, закальцоўванне і г. д.)

Сёлета неардынарная спявачка выйграла рэаліці-шоу «Наступная зорка» і атрымала права прадстаўляць краіну на «Еўрабачанні». А песня яе, якая набрала на YouTube ўжо амаль 18 мільёнаў праглядаў і стала вірусным хітом, нясе насамрэч сур'ёзны пасыл — яна звязаная з рухам супраць сексуальных дамаганняў. Нават «квахтанне» на пачатку песні, гаворыць Нета, мае свой сэнс — яно «парадзіруе голас баязліўца і крывадушніка, які абыходзіцца з вамі як з цацкай».

Двойчы ў адну раку

Нарвежац з беларускімі каранямі Аляксандр Рыбак, які ў 2009-м феерычна выйграў конкурс з максімальнымі на той момант баламі за ўсю гісторыю, вернецца сёлета. І зноў пад нарвежскім сцягам. У звыклым вобразе — на першы погляд крыху нязграбны, але надзвычай абаяльны і дружалюбны скрыпач, спявак, а на гэты раз яшчэ і танцор. Дарэчы, у конкурсным нумары скрыпка, як і іншыя інструменты, будзе ўяўнай, намаляванай з дапамогай спецэфектаў. Букмекеры лічаць, што ў цэлым гэта заяўка як мінімум на другое месца, а то і перамогу ў конкурсе.

Кампазіцыя «That's How You Wrіte А Song» («Вось як трэба пісаць песню») — своеасаблівая падказка таленавітым людзям, як важна верыць у сябе, не баяцца занатоўваць свае ідэі і крок за крокам рэалізоўваць іх. Калі ласка, перадайце хто-небудзь гэты рэцэпт нашым беларускім артыстам, якім год ад году нешта перашкаджае «парваць» залу.

Вярблюда выклікалі?

У клі­пе Чэ­хіі зды­маў­ся  жы­вы вярб­люд, а на сцэ­ну пла­ну­ец­ца вы­вес­ці  3D-пра­ек­цыю.

Адным з самых эпатажных удзельнікаў называюць прадстаўніка Чэхіі, мультыінструменталіста Ёзэфа Мікаласа, які плануе выступіць на конкурснай сцэне... з вярблюдам. Праўда, не жывым (гэта забаронена правіламі шоу), а 3D-карцінкай.

Уласна, вярблюд у нумары — гэта толькі сімвал, але сімвалізуе ён чамусьці не вынослівасць або, скажам, наплявальніцкае стаўленне да ўдараў лёсу, а толькі немудрагелістасць песні. Аднак, паводле прагнозаў букмекераў, Чэхія з песняй «Lіe to Me» («Схлусі мне») мае ўсе шанцы ўвайсці ў топ-10 лідараў конкурсу.

Усюдыісны Кіркораў

Кароль расійскай поп-сцэны не раз заяўляў, што хворы на «Еўрабачанне» даўно і надоўга, і шмат гадоў удзельнічаў у конкурсе то як кампазітар, то як прадзюсар артыстаў з розных постсавецкіх краін. Не стане выключэннем і бягучы год — сёлета Філіп Бядросавіч напісаў песню для малдаўскага трыа DoReDos і падтрымлівае сваіх падапечных на ўсіх этапах, уключаючы рэпетыцыі ў Лісабоне.

Артысты выступяць ва ўборах колераў нацыянальнага сцяга. Усе яны «жывуць» на сцэне ў адмысловым белым доме, паказваючы ў яго вокнах і дзвярах розныя забаўныя позы. Нумар, заўважым, ставіў Фокас Евангелінас — чалавек, які з'еў не аднаго сабаку на еўравізійных пастаноўках для Сяргея Лазарава, Ані Лорак, Дзмітрыя Калдуна, Хелены Папарызу, Дзімы Білана і іншых.

Робаты атакуюць!

Ці­ка­ва, хто ў ка­ман­дзе Сан-Ма­ры­на дык­туе пра­ві­лы: дзяў­ча­ты ці ро­ба­ты?

Прадстаўніцы Сан-Марына, падобна, «троляць» сваю ізраільскую канкурэнтку: каманда прывезла на «Еўрабачанне» робатаў з патэтычнымі плакатамі «Я не твой робат!» і «Ты выйдзеш за мяне замуж?» Цалкам магчыма, што ў канчатковай версіі сцэнічнага нумара робат нават прапануе заручальны пярсцёнак камусьці з выканаўцаў.

Пасыл песні ў іх таксама падобны — пра тое, што тэрба цаніць і шанаваць унікальнасць кожнага чалавека і нельга здзекавацца з таго, хто чымсьці адрозніваецца ад іншых. «Мы такія, якімі хочам быць, і будзем падымацца кожны раз, калі ўпадзём», — спяваюць Джэсіка і Джэніфер, поўныя рашучасці падтрымаць падлеткаў і дарослых, хто так ці інакш зведаў цкаванне навакольных.

Мінус тры

Грузінскаму этна-джазаваму калектыву ІRІAO дзеля «Еўрабачання» давялося ахвяраваць некалькімі музыкантамі: паводле правілаў конкурсу, на сцэне могуць знаходзіцца толькі шэсць чалавек, а ў гурце іх васьмёра. Аднак канфлікту не здарылася: артысты самі вызначылі, што выступяць у складзе трох вакалістаў, басіста і барабаншчыка.

Песня гурта — «пра той момант, калі вы забываецеся на ўласныя клопаты і працягваеце руку дапамогі іншым, атрымліваючы ў адказ цёплыя эмоцыі». Нумара ў Грузіі як такога няма, але вакальна выступленне бездакорнае, адметнае «фірменным» мужчынскім шматгалоссем.

Вікінг з вялікім сэрцам

Прадстаўнік Даніі Ёнас Расмусен знешне — сапраўдны суровы вікінг, руды і зарослы барадой па вушы. Дэкарацыі для конкурснага нумара ў яго адпаведныя: цемра, паруснікі, завіруха... А вось песня, напісаная шведскімі аўтарамі, — наадварот, пра пошук мірных рашэнняў ва ўсіх канфліктах.

Заснаваная яна, дарэчы, на гістарычным факце: у 1098 годзе вікінг Магнус Эрлендсан адмовіўся біцца з непрыяцелем і сам не абараняўся, але прытым застаўся на сваім караблі, праяўляючы храбрасць, і спяваў царкоўныя псалмы. Не дзіва, што пазней ён быў кананізаваны і ў Скандынавіі ўзнік культ святога Магнуса.

Раяль з начынкай

Укра­і­нец Melovіn устае з ра­я­ля, як пер­са­наж кі­на­стра­шы­лак.

На 63-м песенным конкурсе будзе некалькі раяляў. Адзін з іх — у нумары Украіны — выкарыстоўваецца як... упакоўка з паўпразрыстай накрыўкай для спевака Melovіn. Больш песімістычныя крытыкі папросту зазначаюць, што артыст ляжыць у раялі, нібы ў труне.

Зрэшты, змрочная яго песня якраз пра страхі і забабоны. Страшнаватай містыкі дадаюць і вобраз артыста з рознакаляровымі лінзамі ў вачах, і палаючыя прыступкі на сцэне, так што ў гэтым сэнсе ўсё арганічна. А вось наколькі вынікова і эфектна атрымаецца — пакажа паўфінальнае выступленне.

Жанчына, якая спявае

Вельмі чакаюць фаны «Еўрабачання» і выступлення расіянкі Юліі Самойлавай — летась краіна прапусціла конкурс, бо спявачцы забаранілі ўезд на тэрыторыю Украіны, таму вяртанне мусіць быць як мінімум гучным. І ў любым выпадку заўважным: Юлія — адзіная з удзельнікаў гэтага года, хто мае абмежаваныя магчымасці і перасоўваецца на інваліднай калясцы. Аднак яна ўсяляк падкрэслівае, што не прымае шкадавання, бо з'яўляецца моцным чалавекам і не збіраецца ціснуць на кнопкі жалю і спагады гледачоў. Уласна, аб гэтым гаворыць і песня 28-гадовай артысткі — «І Won't Break» («Я не зламаюся»). Праўда, букмекеры на дадзены момант прагназуюць Юліі толькі 20—25 месца.

...Зразумела, яркіх і эфектных нумароў на «Еўрабачанні-2018» будзе нашмат больш — для кагосьці, можа, і ўсе 43. Таму не будзем спрачацца пра густы — уключайце тэлевізары ўвечары 8, 10 і 12 мая, слухайце і падтрымлівайце тое, што вам сапраўды даспадобы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovіsіon.tv

Загаловак у газеце: Гэй, там, на борце!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.