Вы тут

«У цябе была б кватэра і ўсё іншае, а ты, дурань, — у кіно»


Андрэй Кудзіненка не толькі культавая персона ў беларускім кіно, але і эфектны расказчык. У яго аповедах аказваюцца дзясяткі цікавых гісторый, жартаў, фактаў, і ўсё гэта з пэўнай доляй самаіроніі і лёгкім стаўленнем да навакольнай рэчаіснасці. Менавіта таму мы не прапусцілі творчую сустрэчу з рэжысёрам, арганізаваную цэнтрам «АРТ Карпарэйшн» у рамках праекта «ТАК: Тэатр. Адукацыя. Кіно». Новы праект змяшчае ў сабе тое найлепшае, што можа даць публіцы Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, які займаецца арганізацыяй найбуйнейшых тэатральнага і кінафестывалю краіны. «Стварэнне любові паміж мастацтвам і публікай» — такую задачу ставяць перад сабой арганізатары «ТАК». Мы ж у сваю чаргу дзелімся тым, што Андрэй Кудзіненка ў прыемных прыцемках прасторы «Ок16» расказаў на сваёй творчай сустрэчы.


Пра фільм «Розыгрыш» і Паўла Лунгіна

— Я яшчэ не скончыў «Кадэцтва», са мной хацелі ўжо трэці сезон здымаць, як з'явіўся Павел Лунгін з фільмам «Розыгрыш». Я два тыдні недапрацаваў, бо трэба было тэрмінова нешта вырашаць, страшэнна пасварыўся і сышоў з праекта. Таму мяне ўключылі ў чорны спіс тэлевізійных аўтараў, але я пра гэта даведаўся ўжо потым.

На «Розыгрышы» таксама, як і на серыялах, усё рабілася цяп-ляп. Я яшчэ працаваў на «Кадэцтве», а праз два тыдні трэба было здаваць сцэнарый, праз паўтара месяца пасля званка Лунгіна мы ўжо здымалі. Я хацеў зрабіць рэальную гісторыю, але прадзюсары дамагаліся больш папсовага варыянта, прасілі «галівудшчыны» дадаць. Яшчэ была складанасць з галоўным героем-спеваком. Задачай было знайсці Цоя. Я кажу Жэню Калмыкову, музыкальнаму прадзюсару: «Жэня, трэба знайсці Цоя», — а ён адказвае: «Цоя шукаюць з моманту смерці Цоя». Мы, напэўна, два тыдні хадзілі па начных канцэртах. нём — работа, ноччу — канцэрты. Знайшлі ў ыніку на «Масфільме», дзе, дарэчы, у параўнанні з тэлебачаннем былі зусім іншыя адносіны: тут з табой сядзіць Чухрай, Шахназараў робіць выгляд, што не бачыць, як вы п'яце гарбату з кубка, з якога не ідзе пара.

Было добра, калі Лунгін з'ехаў на дайвінг. А потым ён вярнуўся... Як ён еў мозг! У цябе самы складаны момант, вялікая масоўка, дзеці ідуць у школу, дрэнны стэдзікамшчык, а ён бегае за табой паўсюль і кажа: «Не атрымаецца, Андрэй, не атрымаецца». Я яму затое ўспамінаў Гадара, якога той не любіць. Неяк на Канскім кінафестывалі Гадар сказаў: «Паглядзіце, як Лунгін есць ёгурт — відаць, што прайдзісвет». І калі Лунгін запытаўся, хто мой любімы рэжысёр, я сказаў: «Гадар!» Гэта было па-сяброўску, але потым ён стаў монстрам. Пасля поспеху фільма «Востраў» яго пачало накрываць, а пасля «Цара» ён проста паляцеў. Са студыі, з якой Лунгін працаваў, сышлі ўсе. Помню, на прэм'еры нейкага яго фільма падыходзіць яго жонка і кажа: «Пазвані Паўлу Сямёнавічу, павіншуй». Я бяру тэлефон, званю, віншую Лунгіна з прэм'ерай, а ён адказвае: «Не тое кажаш, Андрэй, не тое», — тады я гавару: «Павел Сямёнавіч, вы геній!» — «Во, ведаеш словы!» На мантажы мы з ім зноў пасварыліся, я ўжо хацеў сыходзіць з карціны, але потым мы прыйшлі да закадравага тэксту, прычым пісаць яго павінен быў Іван Ахлабысцін, які сказаў: «Я напішу вам такі тэкст!» і знік. Я ўжо і матушцы яго тэлефанаваў (тады Ахлабысцін яшчэ быў праваслаўным бацюшкам), а ў выніку сам пісаў.

Як выбраў прафесію

Я вучыўся яшчэ ў савецкі час, калі пасля заняткаў усе беглі ў кінатэатр, аддавалі 10 капеек, прагульвалі дзеля кіно, глядзелі ўсё запар. Кожны раз пасля праграмы «Час» я глядзеў фільм, абавязкова. А потым з'явіліся відыкі. У Брэсце, дзе я нарадзіўся і жыў, софікі (кіроўцы «Саўтрансаўта». — Аўт.) прыганялі гэтыя відыкі з заходніх краін і ўвесь час ставілі ўсялякі шлак кшталту «Рэмба 2». Хоць я з задавальненнем глядзеў фільмы з Ван Дамам, Брусам Лі, Чакам Норысам, Джэкі Чанам. Мы паглыналі ўсё запар, а няшчасныя ўладальнікі відэамагнітафонаў глядзелі фільмы па мільёне разоў і часта казалі «тут я раскажу» — ставілі на перамотку і пераказвалі сюжэт. У нас быў аднакласнік, сын дырэктара лікёра-гарэлачнага завода, — у яго першага відык з'явіўся.

А ўжо ў інстытуце ў нас быў нейкі падпольны «Сёмы канал», дзе сядзеў змрочны хлопец у стылі Dересhе mоdе і паказваў фільмы, проста адзін за адным. Потым, калі я вывучаў гісторыю кіно ў Акадэміі мастацтваў, аказалася, што вялікую частку таго, што было патрэбна, я ўжо бачыў — і «На апошнім дыханні», і Бертрана Бліе, і Марка Ферэры. А чаму я пасля школы паступіў у палітэх? Таму што гэта практычна. А куды яшчэ? Я добра ведаў матэматыку і фізіку. Бацькі казалі: «Будзеш інжынерам — заўсёды знойдзецца праца», а якраз на маім другім курсе заводы пачалі закрывацца. У палітэху ў мяне быў сусед, які марыў паступіць у інстытут кінематаграфіі і насіў кніжкі кшталту «Вісконці пра Вісконці», а я ўсё за ім чытаў. У той час, праўда, я думаў, што буду прафесійным футбалістам, але потым зразумеў, што я не Бэкхэм, хоць Бэкхэма тады яшчэ не было, і падумаў, што трэба завязваць: у футболе я вялікім не стану, а ў мастацтве можна неяк «праехаць».

Яшчэ смяшнейшая гісторыя пра тое, як курсе на другім знаёмыя ўгаварылі мяне схадзіць на фільм, маўляў, такі круты, нехта збіраўся з дзяўчынай пайсці, але не атрымалася. Тым фільмам аказаліся «Дні зацьмення» Сакурава. Я балдзеў ад гэтага кіно, яно мяне так заваражыла. А потым прыйшоў у інтэрнат і ў мяне пытаюцца: ну як? Аказалася, яны не пайшлі спецыяльна, бо ім сказалі, што гэта нешта мутнае. А мне было супер.

Як з'явілася ваенная тэма

У пачатку нулявых на «Беларусьфільме» быў гучны праект «У жніўні 44-га», які з'еў два бюджэты кінастудыі, пазбавіў усіх працы і ўсе на яго злаваліся. І вось мы сядзелі злыя — я, Аляксандр Качан і Аляксандр Колбышаў, была поўная бесперспектыўнасць — ні грошай, нічога, нудна і дэпрэсіўна. Мы пілі гарэлку і думалі, чаго б такога зрабіць, як выказацца — на тую ж тэму, але з іншага боку. Першая задума была карыкатурнай: прыходзяць партызаны і пачынаюць капаць — усе думаюць, што яны будуць кагосьці хаваць, а яны адкопваюць самагон і пачынаюць вечарыну. Гэтую ідэю мы пачалі раскручваць, прыцягваць сюды архетыпы — у выніку з'явілася сур'ёзная кароткаметражка «Партызанская містэрыя», якая трапіла пад гнеў Цвяткова з Міністэрства культуры. Да гэтага ён мяне мучыў са здачай «Барана» — больш за паўгода не прымаў фільм. У мяне тады нават барада з'явілася, бо ён сказаў не галіцца, пакуль не здам карціну. А я здаў, толькі яе так доўга прымалі, што ў выніку я стаў выглядаць як Фідэль Кастра. На «Партызнаскую містэрыю» Цвяткоў напісаў вельмі адмоўны артыкул, а я яго падмануў — атрымаў пракатнае пасведчанне, пакуль ён быў у адпачынку. Прэм'еру кароткаметражкі зрабілі ў Музеі кіно, і там было вялікае захапленне. Для пэўнай публікі навела стала проста культавай. Усе казалі: «Здыміце працяг, вы забілі, га́ды, нашага любімага персанажа Штыркіна». І мы падумалі: трэба зрабіць працяг, нягледзячы на тое, што Штыркін ужо забіты. Так нарадзіўся нелінейны сюжэт карціны «Акупацыя. Містэрыі», нам вельмі хацелася зрабіць фільм, дзе канец быў бы пачаткам. У галаве ў мяне быў Серджыа Леонэ з яго вестэрнамі. Помню, адна газета ўвесь час друкавала гісторыі партызанаў, і мне здавалася, што яны ўсе ў капелюшах, таму ў нас таксама быў капялюш з чырвонай зоркай. І музыку я прасіў пісаць у такім стылі.

Пра пераезд у Маскву і серыялы

Я максімальна адцягваў момант пераезду, паслаў Колбышава замест сябе, які ў той момант на нейкім будаўніцтве працаваў. Там ён у выніку купіў машыну, кватэру і стаў больш-менш заможным чалавекам. Канешне, мне было цікава папрацаваць на серыялах дзеля досведу, але я гэта адцягваў, прабіваў свае праекты, нешта прыдумляў. У выніку пасля ўсіх паражэнняў я падумаў: «А паеду здымаць «Операў», там хоць грошы плацяць нармальныя». Праўда, на «Операх» я таксама трапіў у складаную сітуацыю, пачаў перакройваць сцэнарый — ну проста па-свойму весці сябе ў чужым агародзе. Мне кажуць: «Сцэнарый мяняць нельга, слова зменіш — усё!» А я кажу: «Мне можна!» Ну, а куды яны дзенуцца, я ж ужо зняў матэрыял. Прычым я ўсё рабіў лепей. Напрыклад, прыязджаем на дрэнную лакацыю ў пустое, цёмнае памяшканне — я кажу, давайце з ліхтарыкамі ў цемнаце. І яны ідуць з гэтымі ліхтарыкамі — ну клас, інтрыга... Мне за гэтыя ліхтарыкі потым так папала. А акцёры загарэліся! Яны пачалі імправізаваць, бо дагэтуль «ляпілі» дзесяць гадоў, а тут ім усё дазваляюць. Карацей, мне не заплацілі частку грошай.

Потым з'явілася «Кадэцтва». Там было яшчэ весялей, бо плацілі нерэальна шмат грошай, а рабіць нічога не трэба было. Аднойчы я пабываў на здымачнай пляцоўцы ў Арланава, які там здымаў да мяне. І ён пытаецца: «Ну ты зразумеў схему?» Я кажу, а што тут разумець, навошта толькі рэжысёр, не разумею.

Пра ўздзеянне серыялаў

Я працаваў недзе тры з паловай месяцы, гэта мала, а ў іншым выпадку там лёгка захраснуць і сябе страціць: гэта проста паток, часам мы здымалі па 25 хвілін у дзень. Калі  сыходзіў з «Кадэцтва», мне дырэктар СТС сказаў: «Мы табе новае жыццё пачалі. У цябе была б кватэра і ўсё, а ты, дурань, — у кіно». Я ўсім расказваю гэтую гісторыю: у нас здымаўся Георгій Марцірасян, такі здаровы акцёр, ён быў самы дарагі. Там былі Сцяклоў, Парахаўшчыкоў, але яны чамусьці каштавалі чатыры тысячы ў дзень, а Жора — сем тысяч. Чаму сем, я не магу зразумець. Ну, твар вядомы. І вось мы здымаем, ён прыходзіць на пляцоўку — а тэкст ён ніколі не памятаў — я яму зачытваю фразу: «Макс, ты ў колькі прыйдзеш дадому?»... Жора стаіць і кажа: «Андрэй, а інтанацыя?» І я яму інтанірую! А ён паўтарае — за сем тысяч у дзень!

Гэты вопыт мне дапамог. У мантажным, сцэнарным ці таніровачным перыядзе заўсёды ёсць мандраж і жаданне ўсё кінуць і збегчы. На здымачнай пляцоўцы гэта ўвогуле першае жаданне. І я заўсёды думаю: а вось калі б я здымаў серыял? І ўсё адразу так добра, камера тут, адваротны пункт, майстар-план, узбуйненне.

У нас мантажом займаўся Барыс Шадурскі, які ў свой час на практыцы быў на нейкім фільме Таркоўскага. Ён ніяк не мог падысці да Таркоўскага, пагаварыць. І недзе ў выніку злавіў, яны засталіся ўдвух, і Барыс запытаўся: «Андрэй Арсеньевіч, у чым сакрэт майстэрства?» Таркоўскі кажа: «Пачынаеш здымаць сцэну з агульнага плана, потым паглядзі, памяняй кропачку, сярэдні план і потым узбуйніся». Я не ведаю, смяяўся з яго Таркоўскі ці не, але Шадурскі сказаў: «Я зразумеў, што гэта геній». Бо яснасць у галаве адразу. Так і на серыялах.

Пра фільм “Акупацыя. Містэрыі”

Тады не было такога распаўсюджанага інтэрнэту і кінематаграфісты крыху хавалі адзін ад аднаго фестывальныя кантакты. Неяк прыбягае да мяне Качан і кажа: “Ёсць выхад на Ротэрдам!”. І вось у Ротэрдаме спадабалася наша “Партызанская містэрыя”, яны нас падтрымалі, і мы знялі “Акупацыю”. Пракатнае пасведчанне я атрымаў тым жа макарам, Цвяткоў яго адразу ж парваў і сказаў, што забараняе фільм. Таму мы пачалі актыўную дзейнасць на Маскоўскім кінафестывалі, куды адабралі “Акупацыю”. Там былі нейкія бабулі з транспарантамі, што таксама выступалі супраць паказу. Мне прыйшоў ліст ад генерал-маёра, былога партызана, дзе ён кажа, што “такое кіно ідзе супраць сваёй краіны”. І вось гэта рэакцыя справакавала цікавасць: ва ўсіх часопісах мы былі ў топе разам з Кустурыцай і Ханеке. Самы скандальны фільм быў. У прынцыпе, з-за гэтага мяне і адлучылі ад права работы, чаму ў выніку я з’ехаў у Расію. Тады, я помню, сабраліся мае сваякі, паглядзелі карціну, але без мяне, і пачалі асуджаць. Толькі бабуля сказала: “Андрэя не чапаць”. Фільм быў проста страшэнна папулярны.

Вяртанне на “Беларусьфільм” пасля працы ў Маскве

Гэта супала з крызісам у Расіі, да гэтага часу там было столькі грошай, казалі, што работы хопіць на два стагоддзі. З “Беларусьфільмам” зноў была цяжкая гісторыя, таму што ўвесь час гэта была тэхналагічная, бюракратычная і цэнзурная вайна. Ужо інакш, чым з Лунгіным. Адчуванне было, што, акрамя цябе і яшчэ трох людзей, кіно не патрэбна нікому. Мне прыходзілася нават свае грошы траціць. Неяк трэба было зняць апошнюю сцэну са снегам: прыязджаюць снегавыя пушкі, а гэтага недастаткова, я хацеў, каб снегам было засыпана ўсё. Я заняўся іншай сцэнай з каскадзёрамі, тры гадзіны сну – і тут пачынае валіць снег. Проста цуд, нерэальная зімняя казка, у мяне пыталіся, якому богу я малюся… Але шафёры адмовіліся выходзіць на працу. Прыйшлося праставіць дзве скрыні дарагога каньяку. На жаль, былі праблемы і з тэхналагічнага боку, таму што кінастудыя купіла шмат дарагога абсталявання, а працаваць на ім ніхто не мог. Здымаю – выдае мутную выяву. Пачалі збіраць худсавет, там нехта казаў: “Як вучыў нас Галаўня, трэба здымаць у фокусе”. У нейкі момант я падумаў, можа, гэта я ідыёт і выява сапраўды нармальная. З гукам была такая ж сітуацыя. Я расказваю толькі пра тэхнічныя рэчы – тое, што на фабрыцы павінна працаваць проста так.

Тут новы рэдактар “Беларусьфільма” хацеў мяне зноў замуціць на кінастудыю, ужо ўгаварыў, усе былі за. Мой новы праект называецца “Табула раса”, ён завязаны на экзістэнцыяльных праблемах, прысвечаны нейкай апантанасці. Мне падаецца, зараз час апантаных, бо людзі сваю пустэчу кампенсуюць за кошт іншых людзей альбо страсцей. І там вельмі жорсткія, экспрэсіўныя, сучасныя гісторыі, якія адлюстроўваюць імгненне, у якім мы існуем. Я папярэджваў, што з кінастудыяй у нас нічога не атрымаецца, таму што з-за цэнзуры, нават калі ты не закранаеш палітычных ці ідэалагічных тэм, ні пра што нельга рабіць кіно. У выніку гэта сапраўды недзе захраснула. Прыйдзецца ўсё рабіць самому.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.