Вы тут

Слова «дадзеныя» нельга ўжываць як сінонім «звестак»?


«Дапамажыце, калі ласка: рускае отдавать себе отчет — гэта ў перакладзе аддаваць справаздачу?» — пытаецца Аляксандра Піліповіч з Мінска.

«Нядаўна мне сказалі, што слова «дадзеныя» нельга ўжываць як сінонім «звестак». Ці так гэта?» — цікавіцца Ілья, студэнт БДПУ. Ад яго ж пытанне і наконт імя Георгій: гэта тое ж што Рыгор, ці не?


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. У рускай мове выраз отдавать себе отчет — фразеалагізм, а ён не заўжды мае патрэбу ў перакладзе: у іншай мове шукаецца адпаведнік альбо іншыя словы. У гэтым выпадку падыдуць беларускія ўсведамляць, разумець. Такім чынам выраз 'нужно отдавать себе отчет в своих поступках' будзе гучаць як 'трэба разумець сутнасць сваіх учынкаў'.


2. Рускія словы данные (у значэнні «інфармацыя») і, напрыклад, данные (отцом деньги) супадаюць. У беларускай мове сітуацыя іншая: у нас тое, што было атрымана кімсьці ад некага іншага — дадзенае: грошы, дадзеныя бацькам, парасон, дадзены яму сябрам...

А вось пэўныя звесткі альбо інфармацыю ў беларускай мове называюць яшчэ па-іншаму: у бланку трэба пазначыць асабістыя даныя, у бухгалтэрыю трэба паведаміць пашпартныя даныя. Як бачым, сінонімам да «звестак» будзе слова «даныя».

Падобная розніца ёсць і ў англійскай мове. У ёй слова gіven значыць дадзены, а data — даныя. Таму гаворым правільна: банк даных, выхадныя даныя. Але дадзенае бацькам абяцанне, дадзеная доктарам парада.


3. Імёны Рыгор і Георгій, безумоўна, розныя, хоць і трапілі ў беларускую мову з адной крыніцы. Першае паходзіць ад грэчаскага імя Gregorіos (ад слова gregoreo — быць пільным). Другое (і таксама ад грэчаскага Georgіos) утварылася ад слова georgos 'земляроб'. Такім чынам, пераймяноўваць, напрыклад, Георгія Калдуна ў Рыгора зусім не трэба.

Цікава яшчэ, што імя Георгій роднаснае з імёнамі Юрый і Ягор (але ўсе тры ў сучаснай мове, вядома ж, самастойныя).

У абарону слоў

Апошнім часам карыстальнікі беларускай мовы пачалі пазбягаць слова паясніць. Вядома, у нашай мове ёсць больш часта ўжывальнае растлумачыць, вытлумачыць. Але і паясніць, здаецца, нічым не правінілася. Яго ўжывалі Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Іван Шамякін. Ёсць яно і ў слоўніках, як і яго «сваякі»: ясны 'зразумелы', унесці яснасць, ясней яснага.

Калі мы вас не пераканалі і слова паясніць вам па-ранейшаму не падабаецца, адзначым, што лепш не замяняць яго словам патлумачыць: такога няма ў нарматыўных даведніках па літаратурнай мове, і гэта гаворыць не на яго карысць.

Загаловак у газеце: Гога, ён жа Гоша... Але не Рыгор!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?