Вы тут

Выбар — з чатырох сертыфікатаў ці з васьмі


Якія магчымасці адкрываюцца перад маладымі людзьмі?

Абітурыенты, якія здавалі летась цэнтралізаванае тэсціраванне, але ім па нейкай прычыне не пашчасціла стаць студэнтамі, пры жаданні змогуць паспрабаваць паступіць са сваімі сертыфікатамі ў гэтым годзе. Правіламі прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі тэрмін дзеяння сертыфікатаў быў павялічаны да двух гадоў. Таму прыёмныя камісіі будуць прымаць у абітурыентаў як сертыфікаты ўзору 2018 года, так і вынікі здачы ЦТ у 2017 годзе. Таксама ў прэтэндэнта на студэнцкі білет ёсць магчымасць выбраць з вынікаў здачы ЦТ за два гады сертыфікаты з найлепшымі для сябе баламі і заявіць у прыёмную камісію, скажам, сертыфікат па матэматыцы за 2017 год, а па фізіцы — за 2018-ы. Ці выбраць найлепшы сертыфікат ЦТ па дзяржаўнай мове.


— Спрагназаваць, колькі будзе выкарыстана мінулагодніх сертыфікатаў, вельмі складана. Я ўпэўнены, што большая частка абітурыентаў усё ж такі задаволіла свае прафесійныя памкненні і ўжо атрымлівае адпаведную адукацыю, — падзяліўся сваім меркаваннем першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ. — Але хачу нагадаць, што сёлета былі скарэктаваныя парогавыя значэнні па першым профільным прадмеце ўступных выпрабаванняў — яны павысіліся на 5 балаў. На гэта абітурыентам трэба звярнуць увагу, калі яны будуць фарміраваць пакет сваіх сертыфікатаў. Таксама былі скарэктаваныя і ніжнія парогавыя значэнні для паступлення на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю і сілавога блока: мінімальны парог там цяпер складае 7 балаў.

Цікава, што амаль кожны год у арганізатараў ЦТ застаюцца незапатрабаваныя абітурыентамі каля тысячы сертыфікатаў. Хутчэй за ўсё, хтосьці ўдзельнічае ў ЦТ не дзеля паступлення і атрымання прафесіі, а зусім з іншымі мэтамі, напрыклад тыя ж педагогі і рэпетытары. А з мінулага года абітурыенты атрымалі яшчэ і магчымасць здачы не трох, а чатырох тэстаў, і яны ёй актыўна карысталіся. Разам з тым пашырэнне кола дысцыплін на ЦТ накладае на абітурыентаў і сур'ёзную адказнасць, таму што здача чацвёртай дысцыпліны павялічвае і рызыку дапусціць памылку з выбарам спецыяльнасці. У першую чаргу наяўнасць чацвёртага сертыфіката актуальная для тых спецыяльнасцяў, якія знаходзяцца на стыку галін ці прадметных абласцей.

— Да выбару прадметаў трэба падыходзіць надзвычай прадумана яшчэ на этапе рэгістрацыі на ЦТ, — папярэджвае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. — Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне распачалася ў краіне 2 мая. У першы дзень ва ўсе пункты рэгістрацыі (а іх па краіне налічваецца 41) прыйшлі 2200 чалавек. Абітурыентаў чакаюць там па 1 чэрвеня ўключна, але я б не раіў адкладваць важную справу на апошні дзень, каб застаўся час на вырашэнне нейкіх праблемных сітуацый. Абавязкова трэба пераканацца, што тэрмін дзеяння пашпарта не скончыцца ў момант правядзення ЦТ ці напярэдадні, бо ў такім выпадку трапіць на ЦТ нават з аформленым пропускам будзе немагчыма. У выпадку страты дакумента, які сведчыць асобу абітурыента (пашпарта, віда на жыхарства або пасведчання бежанца), адзіны дакумент, які можа іх замяніць, — гэта даведка формы № 9, якая выдаецца органамі МУС.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў краіне 12 чэрвеня. А 15 чэрвеня распачынаецца прыёмная кампанія ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 31 тысячу чалавек (з базавай і агульнай сярэдняй адукацыяй), з іх 29 тысяч будуць атрымліваць прафесію на дзённай форме навучання і дзве тысячы — на завочнай і вячэрняй формах. Гэта крыху больш, чым летась. Павелічэнне набору адбудзецца па профілях: «тэхніка і тэхналогіі», «архітэктура і будаўніцтва», «грамадскае харчаванне» і «бытавое абслугоўванне».

Прыём дакументаў у ССНУ распачнецца 20 ліпеня. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі лічбы прыёму ў адносінах да папярэдняга года таксама крыху павялічыліся. Усяго плануецца прыняць больш за 39 тысяч чалавек, у тым ліку 24,5 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту. Павялічаны аб'ёмы падрыхтоўкі па такіх профілях, як «ахова здароўя» (на 2 %), «тэхніка і тэхналогіі» (на 9 %). Пры гэтым адбылося скарачэнне прыёму на спецыяльнасці профілю падрыхтоўкі «камунікацыі, права, эканоміка» (больш чым на 10 %). На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўведзена новая спецыяльнасць — «захоўванне і перапрацоўка збожжа» — у Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы.

А вось колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі ў гэтым годзе паменшылася. Прыкладна на 10 % скараціўся набор на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці. Адначасова павялічаны прыём на тэхнічныя і тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці. Напрыклад, закладзены значны рост на спецыяльнасці ІТ-профілю, дзе набор павялічваецца больш чым на 400 месцаў. Адпаведныя кадры запатрабаваны эканомікай...

«Усяго на першую ступень навучання плануецца прыняць каля 54,5 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт бюджэту — 26,5 тысячы, — удакладніў Вадзім Богуш. — Ажыццяўляць набор будзе 51 установа вышэйшай адукацыі, з якіх 42 — дзяржаўнай формы ўласнасці і 9 прыватных. Скарачэнне аб'ёму падрыхтоўкі адбылося пераважна за кошт памяншэння лічбаў прыёму на завочную форму (поўны тэрмін навучання). Пры гэтым мы даём магчымасць абітурыентам, якія скончылі ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пайшлі працаваць па спецыяльнасці, на падставе ўступных выпрабаванняў працягнуць навучанне ў завочнай форме ў скарочаныя тэрміны па інтэграваных вучэбных планах і праграмах».

Прыёмныя камісіі ВНУ распачнуць прыём дакументаў 12 ліпеня. Да 17 ліпеня з выбарам спецыяльнасці павінны вызначыцца ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Тэрміны падачы дакументаў для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці пасля праходжання гутаркі, — з 12 па 14 ліпеня (як для асоб, якія паступаюць на «бюджэт», так і на платнай аснове).

А з 18 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваны толькі ў адну сесію: як для асоб, што паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове.

Прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору будзе весціся ў ВНУ сілавых ведамстваў з 26 па 28 ліпеня (залічэнне па 30 ліпеня), у творчых ВНУ — з 30 па 31 ліпеня (залічэнне па 1 жніўня) і ў іншых ВНУ — з 30 ліпеня па 1 жніўня (залічэнне па 3 жніўня).

Між іншым, летась незапоўненымі па ўсіх ВНУ засталося ўсяго сем бюджэтных месцаў на дзённай форме навучання і 16 месцаў — на завочнай. Таму ў Міністэрстве адукацыі лічаць, што неабходнасць у правядзенні дадатковага набору хутка ўвогуле знікне...

Традыцыйна з 1 чэрвеня ў міністэрстве пачне працаваць гарачая лінія для абітурыентаў. З пытаннямі па правядзенні ўступнай кампаніі можна будзе звярнуцца па тэлефоне (8 017) 222 43 12 і атрымаць кваліфікаваны адказ ад спецыяліста з першых вуснаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».