Вы тут

Сяброўства і давер як аснова партнёрства


Старшыня верхняй палаты парламента расказаў кітайскім журналістам пра аспекты двухбаковай інтэграцыі.


Шосты — фінальны — дзень насычанага тура прадстаўнікоў СМІ Кітая па Беларусі пачаўся з прэс-канферэнцыі старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча. На сустрэчы прысутнічалі рэпарцёры цэнтральных і рэгіянальных медыя Паднябеснай. Журналісты цікавіліся пытаннямі эканамічнага, навуковага, міжпарламенцкага ўзаемадзеяння дзвюх краін. Надзённыя тэмы — развіццё транспартных зносін і перспектывы партнёрства ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях».

Міхаіл Мясніковіч адзначыў: «Мы даражым адкрытымі і сяброўскімі адносінамі з кітайскім народам». Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў унікальнасць беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, якое набыло аспект сумеснага развіцця.

Лейтматывам сустрэчы з журналістамі стала эканамічная інтэграцыя. Ад звычайнага гандлю трэба пераходзіць да маштабных праектаў — сумесных кампаній, нават з рэзідэнтамі трэціх краін. «Гэта стане каталізатарам развіцця: прамысловая кааперацыя, сумесны бізнес, фінансавыя праекты. Я падкрэсліваю: як на тэрыторыі Кітая, так і ў Беларусі», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. У якасці прыкладу сенатар прывёў прадпрыемства «БелДжы», індустрыяльны парк «Вялікі камень», дзе створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для бізнесу.

Цікавіліся журналісты і праектамі ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях».

— Мы бачым галоўную задачу ў спалучэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза. На мой погляд, тут галоўнае не хуткасць, а стабільная і эфектыўная работа. Таму што тэма дастаткова далікатная, мы павінны ўлічваць усе інтарэсы. Мы лічым, што ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» вельмі правільная, і мы з ёй звязваем вялікія надзеі, — сказаў спікер Савета Рэспублікі.

Праект Шаўковага шляху спрыяе і развіццю супрацоўніцтва ў сферы чыгункі. За апошнія сем гадоў у чыгуначную гаспадарку Беларусі інвеставана два з паловай мільярды долараў.

Сапраўднай «жамчужынай» праекта «Адзін пояс і адзін шлях» называюць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Сёння сярод яго рэзідэнтаў 33 кампаніі з Беларусі, Кітая, Еўропы і Амерыкі. Плануецца, што да канца года іх колькасць павялічыцца да 40.

Яшчэ адзін актуальны аспект для інтэграцыі — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. У 2015 годзе Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка. І па сутнасці, сёння краіна з'яўляецца заходнімі варотамі аб'яднання. «Мы гуляем на гэтым полі, не сядзім на лаве запасных. Таму наша краіна актыўна падтрымлівае работу па расшырэнні ШАС. ШАС імкліва становіцца адной з самых уплывовых міжнародных арганізацый. І асаблівую каштоўнасць набывае працэс збліжэння краін ва ўмовах большага ўзмацнення рэгіянальных канфліктаў. Гэта вельмі важная арганізацыя. Сёння яна аб'ядноўвае больш за палову насельніцтва планеты», — паведаміў Міхаіл Мясніковіч.

Плануецца, што ў чарговым саміце ШАС (ён адбудзецца ў чэрвені 2018 года ў горадзе Цындаа) возьме ўдзел Прэзідэнт Беларусі. Магчыма, на палях мерапрыемства адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам.

На прэс-канферэнцыі ў Савеце Рэспублікі таксама прысутнічалі міністры прамысловасці, фінансаў і эканомікі Беларусі, прадстаўнікі іншых ведамстваў і арганізацый.

Міністр прамысловасці Віталь Воўк пракаментаваў дасягненні ў рэгіянальным супрацоўніцтве з правінцыяй Хубэй: «Мінскі завод колавых цягачоў у далёкім 1998 годзе арганізаваў сумеснае прадпрыемства «Санцзян-Волат». Яно працуе і сёння».

Міністэрства фінансаў Беларусі ўскладае вялікія надзеі на інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Кітаем. Распрацоўваецца ідэя беларуска-кітайскага інвестыцыйнага фонду. Як мяркуецца, гэты праект будзе спрыяць далейшаму развіццю сумесных ініцыятыў.

Гэты год праходзіць пад знакам Года турызму Беларусі ў Кітаі. Прэзентацыя патэнцыялу нашай краіны ў гэтым напрамку стала адной з мэт прэс-тура. Тысячы кіламетраў паміж краінамі не перашкаджаюць развіццю сяброўскіх адносін. Зараз абмяркоўваюцца праекты па наладжванні авіязносін з рэгіёнамі Паднябеснай. Мяркуецца, што значным вынікам Года турызму можа стаць падпісанне пагаднення аб адмене віз паміж краінамі на перыяд да 30 дзён.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».