Вы тут

Тэма Года малой радзімы яскрава прадстаўлена на выстаўцы СМІ


Сёння завяршаецца XXІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі». Шмат цікавага адбывалася і адбываецца гэтымі днямі не толькі на тэрыторыі ўсяго выставачнага павільёна «БелЭкспа», але і на стэндзе Выдавецкага дома «Звязда». У прыватнасці, адной з асноўных стала тэма Года малой радзімы.


Газета «Звязда» сумесна з «Настаўніцкай газетай» правялі круглы стол па тэме «Вывучэнне малой радзімы: вопыт, праблематыка, перспектывы». Асноўнай аўдыторыяй канферэнц-залы, дзе змяшчаецца каля 70 чалавек, сталі настаўнікі — людзі, якія першымі выхоўваюць патрыятызм у маладога пакалення. Менавіта настаўнікі прыйшлі, каб паслухаць, як у іншых установах адукацыі і культуры вядзецца краязнаўчая работа, каб натхніцца на далейшую плённую дзейнасць.

Перад прысутнымі выступіў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, які расказаў, як гістарычны музей, некаторыя грамадскія арганізацыі, з якімі ён супрацоўнічае, праводзяць краязнаўчую працу. Гісторык, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Загідулін расказаў пра гістарычнае і філалагічнае краязнаўства, пра тое, як з гэтымі тэмамі працуюць у вышэйшых навучальных установах.

Сярод астатніх выступоўцаў былі пераважна настаўнікі, якія непасрэдна на месцах займаюцца тэмай малой радзімы. Загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец расказала пра сістэму краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Ірына Дубейка паведала пра выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні малой радзімы. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея «Невычэрпная крыніца гісторыі» Гімназіі № 25 г. Мінска Аліна Пахвалёная падзялілася сваім бачаннем вялікага горада як малой радзімы. (Аб чым яшчэ гаварылі падчас круглага стала, мы падрабязней напішам у наступным нумары.)

Адметна, што тэма краязнаўства была закранута і на больш высокім узроўні. Кастрамская абласная газета «Северная правда» і газета «Звязда» запланавалі абмен краязнаўчымі матэрыяламі. Гэта прадугледжана пагадненнем аб супрацоўніцтве, якое падпісалі выданні.

Варвара ГОМАН

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Краязнаўчы вектар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?