Вы тут

«Гісторыю малой радзімы трэба шукаць у архівах»


Такое меркаванне выказаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей ЗАГІДУЛІН. Тэмы цікавасці да ўнікальных рэгіянальных аб’ектаў, выхавання любові ў маладога пакалення да тых месцаў, дзе яны нарадзіліся, абмяркоўвалі падчас круглага стала “Вывучэнне малой радзімы: вопыт, праблематыка, перспектывы”. Ён праходзіў у межах XXII Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі" і па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі быў арганізаваны сумесна газетай “Звязда” і “Настаўніцкай газетай”.


– На факультэце мы рэгулярна праводзім экскурсіі як са студэнтамі, так і з навучэнцамі школ, гімназій і ліцэя, якія з’яўляюцца філіяламі кафедр нашага ўніверсітэта, – кажа Аляксей Загідулін. – Гэта як традыцыйныя экскурсіі, да ліку якіх адносяцца “Праваслаўныя храмы Гродзенскай епархіі”. Так і “незаезжаныя” маршруты, напрыклад “Фарты і ДОТы Гродзенскай крэпасці ў пачатку Другой сусветнай вайны”, экскурсія на радзіму Кастуся Каліноўскага ў Свіслацкі раён, фальварак Якушоўка, і іншыя. Мы ладзім і экскурсіі-экспедыцыі, калі студэнтам ставяцца пэўныя даследчыя задачы.

На кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін за  апошнія некалькі год у выніку даследчых экспедыцый выйшла некалькі зборнікаў. Сярод іх “Могілкі трансгранічных рэгіёнаў” – у ім сабраныя матэрыялы па некрапалістыцы.

– Яшчэ адзін адметны зборнік – “Маршруты па штэтлах”. Кіраўніком гэтага праекта быў Сяргей Піваварчык, – адзначае гісторык. – Мае калегі  вывучылі 20 мястэчак Гродзеншчыны, а таксама 20 мястэчак польскага і 20 мястэчак украінскага прыгранічча. Гэты зборнік змяшчае даследаванні па яўрэйскай культуры і з’яўляецца добрым дапаможнікам для экскурсаводаў, бо настальгічны турызм цяпер набірае папулярнасць.

Адметна, што на гістарычным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта працуе студэнцкі гісторыка-краязнаўчы гурток. Яго ўдзельнікі актыўна займаюцца даследаваннямі і штогод выдаюць свой зборнік “Рэха мінуўшчыны”.

– Мы арыентуем студэнтаў пісаць дыпломныя работы, скіраваныя на гісторыю іх малой радзімы. Натуральна, што ім даводзіцца звяртацца да архіваў і працаваць з гістарычнымі крыніцамі, – дадае Загідулін. –  Сапраўды па некаторых тэмах літаратуры мала ці няма зусім. Але гісторыя малой радзімы вартая таго, каб спрабаваць рабіць у ёй новыя адкрыцці.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.