Вы тут

«Міс Беларусь-2018»: Як выбіралі каралеву прыгажосці


Позна ўвечары 4 мая ў сталічным Палацы спорту сярод 30 фіналістак Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь” выбралі пераможцу. У другі раз запар галоўны тытул атрымала мінчанка – 20-гадовая студэнтка БДЭУ Марыя Васілевіч. “Звязда” назірала за выбарам самай прыгожай дзяўчыны краіны непасрэдна з глядзельнай залы.


На сёлетнім шоу многае адбывалася ўпершыню. Так, упершыню рэжысёры-пастаноўшчыкі дапоўнілі класічныя дэфіле элементамі харэаграфіі. Упершыню арганізатары зладзілі на сцэне невялікі, але паказальны інтэлектуальны бліц-конкурс. Упершыню адбыліся некалькі гучных музычных прэм’ер. Упершыню дзяўчат падтрымлівалі ранейшыя ўладальніцы тытулу і іншыя самыя яркія ўдзельніцы конкурсу за ўсю яго 20-гадовую гісторыю, ад “Міс Беларусь-1998” Святланы Крук, цяпер Кузняцовай, да “Міс Беларусь-2016” Паліны Барадачовай.  Нарэшце, упершыню “руліць” конкурсам даверылі не загартаваным эфірамі тэлевядучым, а эксперыментальнаму тандэму з акцёра Дзмітрыя Мухіна і спявачкі Ганны Шаркуновай.

Праўда, нам падалося, што вядучыя хваляваліся ці не больш за саміх удзельніц, таму перыядычна дапускалі агаворкі – а пры абвяшчэнні фінальнай дзясяткі нават пераблыталі нумары дзяўчат. Але сітуацыю выратоўваў іхні сувядучы, акцёр Максім Сокал, чые забаўныя інтэрмедыі заўважна паніжалі градус напружання і давалі неабходны час удзельніцам для падрыхтоўкі да наступных дэфіле. Так, у адной са сцэнак Максім прыцягнуў увагу залы да загадкавай чорнай скрыні. “У нас жа конкурс прыгажосці, таму трэба казаць не чорная, а антрацытавая”, – выправіў ён сувядучых і задаў прысутным пытанне: што такое важнае ў скрыні, без чаго не можа абыходзіцца ніводнае шоу прыгажосці? Аказалася – нічога. Дакладней, таямніца і інтрыга. Не паспрачаешся, сапраўды неад’емны элемент конкурсу.

У другой інтэрмедыі Максім Сокал распытваў журы, якімі якасцямі мусіць валодаць ідэальная беларуска? “Валявы характар”, – сказаў алімпійскі чэмпіён, а сёння дэпутат Аляксандр Багдановіч. “Мяркую, яна мусіць быць стыльнай”, -- дадаў кіраўнік Студыі моды Сяргей Нагорны. Іншыя суддзі дабавілі яшчэ некалькі рысачак, і атрымўся… партрэт Дар’і Домрачавай. Яго вядучы пад бурныя апладысменты прадэманстраваў гледачам і самой Дар’і, якая разам з “залатой” жаночай зборнай па біятлоне назірала за конкурсам на трыбуне для VIP-гасцей.

Фіналісткі паказвалі сябе і ўборы ад беларускіх – заўважым, выключна беларускіх, – дызайнераў пяць разоў. Першы выхад-знаёмства быў звязаны са стыхіяй паветра, і ў ім дзяўчаты лёгкім узмахам рукі, як у фільме “Брыльянтавая рука”,  эфектна ператварылі блакітныя сукенкі ў залатыя. Другое дэфіле – выхад у нацыянальных строях і арыгінальных саламяных галаўных уборах – арганічна ўвязалі са стыхіяй зямлі і Годам малой радзімы. Праўда, абяцаныя элементы беларускіх танцаў у гэтым выхадзе можна было ўгледзець з вялікай нацяжкай, але хараство дзяўчат перакрывала абсалютна ўсе агрэхі. Трэці выхад – у купальніках і з бліскучымі чырлідзерскімі пампонамі – натуральна, стаў самым “гарачым” і быў прысвечаны стыхіі агню. Менавіта пасля яго журы выбрала 10 суперфіналістак – прэтэндэнтак на галоўны тытул, якім давялося прайсці інтэлектуальны бліц – перад вялікай публікай хутка і небанальна адказваць на пытанні ад “Міс Беларусь” мінулых гадоў. Насуперак чаканням, зусім ужо банальных разваг пра мір ва ўсім свеце (прывітанне фільму “Міс Кангеніяльнасць”) не прагучала, затое прысутных парадаваў адказ Марыі Васілевіч на пытанне “Што можа зрабіць вас па-сапраўднаму шчаслівай?”.

– Мяне, як і кожнага чалавека, можа зрабіць шчаслівай любая, нават нязначная дробязь: сонечная раніца, усмешкі пляменнікаў або карона “Міс Беларусь”… – пачала пералічваць дзяўчына, але потым сур’ёзна дадала, што галоўная ўмова шчасця – шчасце і дабрабыт блізкіх людзей і роднай краіны.

Сюрпрызам для гледачоў стала не абвешчанае раней пятае дэфіле фіналістак – у дызайнерскіх дзелавых касцюмах, пашытых з айчынных тканін. А выніковым стаў агульны выхад у вячэрніх уборах пастэльных колераў – цякучых і лёгкіх, як стыхія вады. Менавіта пасля яго хваляванне ўсіх прысутных дасягнула апагею – каму ж дастанецца карона “Міс Беларусь”? Але спачатку былі раздадзены тытулы і раздадзены прызы ў іншых намінацыях.

Так, званне “Міс Сяброўства” – яе ананімна выбіралі самі ўдзельніцы конкурсу – атрымала Ксенія Вясельская са Слаўгарада. Дзяўчына мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Міжнароднае права” і з’яўляецца магістрам юрыдчным навук, працуе валанцёрам у Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа, а галоўнае – валодае рэдкай прыязнасцю і дружалюбнасцю. “Сапраўдны сябар – не той, хто дапаможа табе ў цяжкую хвіліну, а той, хто зможа шчыра парадавацца за свае поспехі, і яна менавіта такая”, – адзначыла адна з канкурсантак. “Міс Сяброўства” ў якасці ўзнагароды быў уручаны сертыфікат ад “Мілавіцы” і спецыяльны прыз – падарожжа па гарадах Еўропы.

Тытул “Міс Арыфлэйм” кампанія—партнёр конкурсу аддала 22-гадовай мінчанцы Аліне Магер, якой дастанецца гадавы запас касметыкі і права стаць новым тварам брэнду.

“Міс Глядацкіх сімпатый” выбіралі гледачы – наведнікі сайту АНТ, ды як актыўна – звыш 20 тысяч галасоў было аддадзена за розных удзельніц. А перамогу ў намінацыі ў выніку святкавала бабруйчанка Марыя Первій – дачка праваслаўнага святара, студэнтка Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і дырэктар уласнай кампаніі па пракату аўто. Дзяўчыне ўручылі сертыфікат на адпачынак у спа-цэнтры і пуцёўку ў Парыж.

“Міс Топ-мадэль”, ураджэнка Гальшанаў Дзіяна Астапчык, зможа пры жаданні працягнуць кар’ерц на подыумах – а пакуль што думае, як распарадзіцца сертыфікатам на 500 BYN ад Conte і плануе тыднёвы адпачынак у 5-зоркавым гатэлі ў Турцыі. Таксама канікулы ў Турцыі правядзе і ўладальніца тытулу “Міс Фота” Караліна Барысевіч з Гродна, якой у дадатак дастаўся грашовы сертыфікат ад “Мілавіцы” і прыемны бонус – роля ў новым фільме Дзмітрыя Астрахана (праўда, што за фільм і якая роля, пакуль застаецца па-за дужкамі).

Нарэшце, дайшла чарга і да трох галоўных тытулаў. “Другой віцэ-міс” журы назвала мінчанку Анастасію Лаўрынчук, якой спонсары падарылі залатую падвеску з новай калекцыі. “Першая віцэ-міс” Маргарыта Мартынава са Слоніма атрымала ў якасці прызу залатыя завушніцы і права прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе Miss Supranational. А ўпрыгожаную фіянітамі і тапазамі карону “Міс Беларусь” папярэдняя яе ўладальніца Паліна Барадачова урачыста перадала з рук у рукі – дакладней, з галавы на галаву – мінчанцы Марыі Васілевіч. Дзяўчыну літаральна засыпалі прызамі: залатыя завушніцы з дыяментамі, магутны бялюткі пазадарожнік Geely Atlas, грашовы прыз у памеры 500 базавых велічыняў (звыш 12000 рублёў), і, канешне, пуцёўка ад Беларусі на міжнародны конкурс прыгажосці “Міс Свету”.

Марыя відавочна вельмі стамілася і перахвалявалася. “Вельмі бачна, што мяне крыху трасе?” – разгублена пыталася яна ў журналістаў, але тым не менш з годнасцю вытрымала атаку прэсу і дала некалькі экспрэс-інтэрв’ю.

– Я прысвячаю гэту перамогу маім бацькам, якіх вельмі люблю – яны заўжды былі маёй апорай і падтрымкай, у тым ліку на конкурсе. За мінулыя тыдні вельмі па іх сумавала, хочацца з усімі ўбачыцца і абняць.

“Усіх” – гэта нетолькі бацькоў, але і старэйшага брата, дзядзькаў і цётак, а таксама пляменніц, якія радасна віталі пераможцу: “Маша, Маша!” – і нецярпліва чакалі магчымасці таксама павіншаваць яе. Бацька дзяўчыны прызнаўся “Звяздзе”, што вельмі хваляваўся за дачку – у апошні тыдзень падрыхтоўк яна захварэла, але нават з высокай тэмпературай мужна пераносіла ўсе фізічныя і нервовыя нагрузкі. “Хоць бы яе хутчэй дадому забраць”, – перажывалі сваякі.

Сама ж Марыя цудоўна разумее як вялікую адказнасць, якая легла цяпер на яе плечы, так і тое, што жыццё працягваецца і трэба давесці да канца ўсе важныя справы – дапісаць і абараніць дыплом у БДЭУ, далей паступіць у сапірантуру, магчыма, на завочнае аддзяленне, каб было больш часу для дабрачыннасці і абавязкаў “Міс Беларусь”.

Дарэчы, пра ўмову-абмежаванне – два гады, да наступнага конкурсу, не выходзіць замуж, -- арыя памятае і гатовая яе вытрымаць. Але на ўсе роспыты, ці свабодна яе сэрца, прыгажуня з усмешкай адказала, што хацела б пакуль трымаць гэтую акалічнасць у сакрэце.

Хто “журыў” прыгажунь?

У судзейскую калегію “Міс Беларусь-2018” увайшлі:

  • - кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў;
  • - дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая;
  • - рэжысёр тэатра і кіно Дзмітрый Астрахан;
  • - “Міс Беларусь-2016” Паліна Барадачова;
  • - заснавальнік і прадзюсар конкурсу “Miss Supranational” i “Mister Supranational” Герхард Пашутка фон Ліпінскі;
  • - дызайнер Юлія Латушкіна;
  • - кіраўнік зборачнай вытворчасці кампаніі “Белджы” Дзмітрый Пятровіч;
  • - гімнастка і трэнер, брознавая прызёрка Алімпіяды-2012 Любоў Чаркашына;
  • - кіраўнік мадэльнага агенцтва “Студыя моды Сяргея Нагорнага” Сяргей Нагорны;
  • - грабец, чэмпіён Алімпіяды-2008, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Аляксандр Багдановіч;
  • - спецыяльная госця шоу, спявачка Наталля Падольская.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

P.S. Падрабязнае інтэрв’ю з “Міс Беларусь-2018” чытайце ў “Звяздзе” ў аўторак, 8 мая

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...