Вы тут

Цяжкае апавяданне


Незалежная ад дзяржпадтрымкі беларуская кінадакументалістыка абышла «залежную» і ў тэматычным дыяпазоне, і ў адкрыцці новага тыпу героя, і ў разбурэнні фільммейкерскіх шаблонаў. Стужак, знятых без падтрымкі дзяржавы, усё больш. І ўсё больш добрых.


Іх аўтары — зусім не толькі кінааматары, якіх несправядліва папракаюць у адсутнасці адпаведных дыпломаў: маўляў, «ці маеш права?». Гаворка аб прафесійных рэжысёрах, якія ствараюць экранныя опусы ўдалечыні ад Нацыянальнай кінастудыі, але, мяркуючы па выніках, правільна вызначылі сваю асаблівую траекторыю.

Прэм’ера дакументальнага фільма Настассі Мірашнічэнкі «Дэбют» («Першая кінавідэакампанія», 2017, 80 хвілін) адбылася ў мінскім цэнтры Dana Mall. Гэтай падзеі чакала з моманту, калі прадзюсар Воля Чайкоўская паведаміла ў Фэйсбуку пра поспех на пітчынгу дзесьці на аўтарытэтнай фестывальнай пляцоўцы ў Еўропе. Праект атрымаў там стартавую падтрымку, і далей — цішыня ці не пару гадоў.

І вось ашаламляльны вынік. Фільм адабраны ў конкурсную праграму «The First Appearance» самага прэстыжнага міжнароднага кінафестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме (IDFA). У гэтым змаганні дэбютаў удзельнічае 15 карцін, дзве з якіх уганараваны прызамі. Для беларускай дакументалістыкі прарыў у конкурсную праграму IDFA — вялікая перамога.

Фільм «Дэбют» — калектыўны партрэт, цяжкае апавяданне, асаблівы тэатр і сацыяльны праект адначасова. Зрэшты, Настасся Мірашнічэнка інакш не ўмее. Яна робіць фільм, каб зняць. Зняць цяжар безвыходнасці і асуджанасці чалавека, які даверыўся ёй як рэжысёру. Так было ў карціне «Скрыжаванне». Так стала ў «Дэбюце».

Месца дзеяння — гомельская жаночая папраўчая калонія. А дакладней — доўгі лабірынт са сцен: сталовая, швейны цэх, пакой спатканняў, спальні, перамоўны тэлефонны пункт... Паўсюль чысціня на мяжы стэрыльнасці. І ўсё акружана каменным плотам з каўняром з калючага дроту. Гэта тэрыторыя існавання целаў. Прастора душ расхінаецца ў прызнальных маналогах, разважаннях пра будучыню, кароткіх сустрэчах з роднымі (дзецьмі), падчас рэпетыцый самадзейнага спектакля... І, як ні парадаксальна, у гумары — імправізацыйных мініяцюрах, акропленых чорнай іроніяй фразах.

Адзінаццаць асуджаных жанчын раствараюцца ў масе такіх жа: швейны цэх, сталовая, пляц. Рэфрэнам памнажаецца працэдура нагляду: спіны, патыліцы, ступні, рукі, кішэні. Лейтматывам апавяшчаецца змена паравін года: вымятанне з пляцовак калоніі снегу, пяску. У іранічную алегорыю ператвараецца серыя кадраў «працоўнай тэрапіі»: зняволеныя шыюць амуніцыю для міліцыянераў.

Адзінаццаць асуджаных жанчын рэпеціруюць спектакль пад кіраваннем пажылога рэжысёра Аляксея Бычкова — тонкага псіхолага і майстра вытлумачэння. Тэатральная гісторыя ўвязваецца з кінематаграфічнай. І тэатр у калоніі, і фільм Настассі Мірашнічэнкі — вяртанне: магчымасць прыхарашыцца, усміхнуцца, паплакаць. Узбіць валасы, падфарбаваць вейкі, нават пакакетнічаць... Але галоўнае — і спектакль, і фільм — лепшая рэабілітацыя для адзінаццаці асуджаных.

Час тут чаргуе свае сезоны, злёгку змяняючы фарбы. Колер у фільме — важны акцэнт. Яго трохгучнасць (антрацытавы, бэжавы, сіні) падтрымлівае і кампазіцыю, і вобразна-сэнсавую канструкцыю экраннага апавядання. Халодны сіні аглушае сваім маштабам і строгасцю межаў. Гэта колер куртак асуджаных. Калі яны выстройваюцца на шэрым пляцы, сіні збіраецца ў гіганцкія прастакутнікі. Калі працуюць над спектаклем у клубе, — рассцілаецца гарызантальнай хваляй па спінках крэслаў. Пранізлівасць сіняга замацавана антрацытам трыкатажных шапак і нязручных чаравікаў. Гэта палітра вонкавага, адхілена-панарамнага свету. У процівагу яму дыстанцыю ад масы да канкрэтнага чалавека скарачае бедны, някідкі, але цёплы жаўтавата-бэжавы колер («пакаёвая» ўніформа асуджаных).

Разам з гераінямі аўтары «Дэбюта» пражываюць восень (свінцовае неба, мокры асфальт, сінія курткі), зіму (сінія курткі, чорныя шапкі, белы снег) і вясну. Яна дадае ў суровую гаму акцэнт высакародна-ружовага (хусткі і халаты зняволеных) — як водбліск наіўнай надзеі, як прысмак ледзь улоўнага шчасця (вось дык гэтыя «ружовыя акуляры»!).

Невыпадкова вясна азначае прэм’еру. Адзінаццаць асуджаных жанчын дэбютуюць не ў клубе калоніі, а ў сапраўдным драматычным тэатры — Гомельскім. Сярод гледачоў — іх родныя. Гэта незапланаванае спатканне, дарэчы, адбылося дзякуючы намаганням здымачнай групы.

Колеравая партытура ў дакументалістыцы — падарунак рэальнасці. Далёка не заўсёды рэжысёр улоўлівае такую «падказку». Інтуітыўна або наўмысна, але Настасся Мірашнічэнка па-майстэрску ўбудавала каларыт у апавядальную, структурную і сэнсавую іерархію фільма, пранікаючы праз бачнае да заўважнага.

Маятнікападобны рух ад асобы да безасабовасці, ад персоны — да строю, ад абыякавасці — да спагады ўвасабляе таксама аб’ектыў. Камеры відэаназірання, што прастрэльваюць любы маршрут і кут у калоніі, глядзяць пагардліва. Шэрыя кадры нагляду невыразныя, пазбаўленыя святла і паветра. Чуйная кінакамера (аператар Аляксандр Мароз і яшчэ пяцёра яго калег), наадварот, імкнецца ўглыб чалавека праз яго вочы. І яна не толькі ўзіраецца, але... слухае: яго мінулае, сучаснасць, будучыню. У адных дзеці сталеюць там — за Сцяной. У іншых — тут, але таксама за Сцяной.

Адзінаццаць асуджаных жанчын толькі ў фінале прадстаўлены рэжысёрам пайменна. Гэтую знаходку таксама падказала рэальнасць: на металічных спінках ложкаў замацаваны шыльды з прозвішчамі і напаўсцёртымі фота. На іх — «рэзюмэ»: пачатак тэрміну — канец тэрміну. А ў гэтым працяжніку — два, чатыры, дзесяць гадоў...

Адзінаццаці прыгавораным трэба будзе нарадзіцца зноў. І аўтары фільма ўжо шукаюць спосабы аслабіць боль іх вяртання. Пасля злачынства і пакарання. Рэжысёр Настасся Мірашнічэнка — не дэбютант. Скончыўшы БДАМ (майстэрня Валерыя Гаравога), яна «разміналася» ў тэлевізійнай дакумдраме, а цяпер рашуча рушыла на авансцэну беларускага кіно. У альманаху кароткаметражных ігравых дэбютаў «Мы» яе навела лепшая: рэжысёр здолела зрабіць менавіта фільм, а не Talk Show са статычнага дыялогу, прапісанага ў сцэнарыі. Тым не менш устойлівага прафесійнага прыцягнення да Нацыянальнай кінастудыі Настасся Мірашнічэнка пакуль не адчувае.

Наталля АГАФОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?