Вы тут

Працягваецца прыём заявак на конкурс ADAMI MEDIA PRIZE


Прадстаўнікі кінасектара, працаўнікі тэлевізійных і навінавых праграм, стваральнікі рэкламных ролікаў і анлайн-кантэнту (вэб-сайтаў, інтэрнэт-відэа), якія распавядаюць гісторыі культурнай разнастайнасці і спрыяюць мірнаму суіснаванню нацый у агульным свеце, маюць магчымасць паказаць сябе на шырокай прасторы і ўдасканальвацца прафесійна дзякуючы конкурсу. ADAMI MEDIA PRIZE прысуджаецца за культурную разнастайнасць ва Усходняй Еўропе і з’яўляецца штогадовай узнагародай, якая адзначае працу работнікаў медыя ў краінах Усходняга партнёрства Еўрасаюза — Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Беларусі.


Ініцыятыва, накіраваная на ўвасабленне культурнай разнастайнасці свету, абрасла шэрагам праектаў, удзел у якіх таксама дае магчымасць заявіць пра сябе. Напрыклад, ADAMI ладзіць дыялог-форумы, падчас якіх прафесіяналы ў сферы медыя могуць дэманстраваць свае праекты. Разам з тым у рамках платформы вядзецца дыялог па пытаннях правільнага выкарыстання візуалізацыі на тэмы разнастайнасці, міграцыі і інтэграцыі. Першы дыялог прайшоў у кастрычніку мінулага года ў Баку. Галоўная тэма мерапрыемства — «Новы медыяфармат відэаблогінгу і анлайн-медыя». Семінар ADAMI «Дыялог для прафесіяналаў у сферы ТБ і кіно» прайшоў у сталіцы Арменіі Ерэване ў лістападзе. Удзельнікі форуму прадставілі ідэі і фільмы, прысвечаныя культурнай разнастайнасці. На закрыцці форуму ADAMI медыяпрыз абраў тры лепшыя праекты з Арменіі, Малдовы і Украіны, якія бяруць удзел у двух міжнародных мерапрыемствах і прадстаўляюць свае ідэі. Фестываль «Калі Усход сустракаецца з Захадам» адбыўся ў італьянскім мястэчку Трыесце ў студзені 2018 года, і East Doc Forum прайшоў у сталіцы Чэхіі Празе ў сакавіку 2018 года.

Беларускія творцы таксама маюць магчымасць далучыцца да спаборніцтва праз адлюстраванне тэм, якія падказвае наша культура. У 2018 годзе ўзнагарода Adami Media Prize будзе ўручаная ў 6 катэгорыях.

Прыз у галіне культурна-забаўляльных праграм і мастацкіх фільмаў (ігравыя фарматы). Да ўдзелу ў гэтай катэгорыі прымаюцца анімацыйныя і ігравыя фарматы (мастацкія фільмы, анімацыйныя фільмы, тэлесерыялы, тэлешоу, рэкламныя ролікі). У конкурсе ў галіне культурна-забаўляльных праграм і фільмаў могуць удзельнічаць любыя тэлекампаніі, телевізійныя і незалежныя прадзюсарскія кампаніі краін Усходняга партнёрства. Дапускаюцца праграмы любога фармату, працягласці і жанру.

За прыз у галіне інфармацыйных праграм і дакументальных фільмаў (неігравыя фарматы) могуць змагацца любыя тэлекампаніі, тэлевізійныя і незалежныя прадзюсарскія кампаніі. Дапускаюцца любыя праграмы і фільмы ў неігравым фармаце працягласцю больш за 10 хвілін.

 Асобны прыз прадугледжаны ў галіне навінавых праграм і неігравых кароткаметражных фільмаў. У конкурсе могуць удзельнічаць любыя тэлекампаніі, тэлевізійныя і незалежныя прадзюсарскія кампаніі. Дапускаюцца любыя навінавыя праграмы і фільмы ў неігравым фармаце (да 10 хвілін).

Прыз за вэб-старонку будзе вызначаны ў конкурсе для інавацыйных журналісцкіх або мастацкіх інтэрнэт-праектаў на тэму інтэграцыі і культурнай разнастайнасці. Вэб-старонкі могуць быць прадстаўлены да ўдзелу ў конкурсе любым вытворцам вэб-кантэнту краін Усходняга партнёрства. Дапускаюцца ўсе фарматы і жанры.

Прыз у катэгорыі анлайн-відэа прысуджаецца за інавацыйнае журналісцкае або мастацкае анлайнвідэа на тэму інтэграцыі і культурнай разнастайнасці. Два анлайн-відэа могуць быць прадстаўлены да ўдзелу ў конкурсе любым вытворцам вэб-кантэнту ў любых фарматах і жанрах.

«Малады ADAMI» прысуджаецца тэлекампаніям, прадзюсарскім кампаніям, а таксама незалежным аўтарам/рэжысёрам. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца ўсе школы кіно і тэлебачання, акадэміі, каледжы і школы журналістыкі, камунікацый і медыя. Максімальны ўзрост удзельніка (прадзюсар/рэжысёр/аўтар) — 28 гадоў.

Заяўкі прымаюцца ў два этапы: да 1 ліпеня 2018 г. (для матэрыялаў, апублікаваных да 31 снежня 2017 г.); да 1 кастрычніка 2018 г. (для матэрыялаў, апублікаваных пасля 1 студзеня 2018 г.). Галацырымонія ўручэння ўзнагарод запланавана на пачатак снежня 2018 года ў сталіцы Малдовы Кішынёве.

Для ўдзелу ў конкурсе трэба аформіць заяўку ці зарэгістравацца тут: https://www.adamimediaprize.eu/new-page-2/.

Атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра конкурс можна, звязаўшыся з галоўным офісам: office@adamimediaprize.eu, або праз прадстаўніцу конкурсу ADAMI ў Беларусі Волю Бартлаву: Мінск 220065 а/с 36 Adami Media Prize Belarus +375 29 6 244 322.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.