Вы тут

«Маладосць» — чытанне для тых, хто ўмее думаць


Круглы стол "Учора, сёння і заўтра", прысвечаны 65-годдзю часопіса "Маладосць", прайшоў 4 мая ў НВЦ "БелЭкспа".


Хоць тамтэйшы канферэнц-зал не мае круглага стала, каб мерапрыемства адпавядала свайму фармату ў літаральным сэнсе, але само паняцце "круглы стол" даўно стала прыгожай умоўнасцю, якой мы ахвотна падпарадкоўваемся ў любой прасторы. Так, быў прэзідыум, які прадстаўлялі начальнік упраўлення Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Хмель, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і дырэктар—галоўны рэдактар Выдавецкага дома "Звязда" Павел Сухарукаў. Гаварылася шмат цёплых віншавальных слоў, уручаліся ўзнагароды, адзначалася зробленае ўчора і сёння. Але госці не адчувалі афіцыёзу і выходзілі на публіку, каб нават і без мікрафона сказаць пра тое, што для іх "Маладосць" — раней і цяпер.

Мадэратарам сустрэчы выступіла галоўны рэдактар часопіса Святлана Воцінава. Пачала са звароту Якуба Коласа да першых чытачоў выдання — таго самага звароту "Да моладзі", які быў надрукаваны у № 1 за 1953 год. У ім гаварылася пра тры дары, два з якіх — маладосць і дарога ў жыццё — беларуская моладзь ужо мае, а трэці — "уклад у навуку, у паэзію, у мастацтва" —  трэба "здабыць чэснаю, прынцыповаю, адданаю працаю", праявіць "у шматграннай дзейнасці".

Часопіс "Маладосць", здаецца, паспяхова рашае задачу, пра якую пісаў Якуб Колас. Ён рашае яе для кожнага новага пакалення — гэтую задачу выхавання сапраўднага чалавека чэснай адданай працы і шматграннай дзейнасці. Пра гэта і гаварылі прысутныя. Рэдактар аддзела прозы ў 1980-х Васіль Гігевіч не толькі ўспомніў, як працавалася ў яго "Маладосці", але і пахваліў "Маладосць" сённяшнюю, у прыватнасці, адмысловы юбілейны нумар. Дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Алесь Бадак, які таксама працаваў у "Маладосці", адзначыў крэатыўнасць рэдакцыі і гарантаваную неўміручасць выдання. Прадстаўнік партнёраў па рубрыцы Cathedra і конкурсу "БрамаМар" дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Уладзімір Капцаў распавёў пра плённае супрацоўніцтва. Ад імя філфака БДУ выступіў дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Ігар Запрудскі, таксама былы "маладосцевец", які "у асобах" намаляваў былы склад рэдакцыі — пад кіраўніцтвам Раісы Баравіковай. Ад імя сённяшніх аўтараў "Маладосці" слова меў "заўзятар" і калумніст часопіса, аўтар "Крэсак жыцця" Канстанцін Касяк. Сусед па рэдакцыйным памяшканні намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Вожык" Аляксандр Каршакевіч прэзентаваў удзельнікам сустрэчы і рэдакцыі часопіса тонкі інтэлігентны гумар.

Часопіс "Маладосць" сёння мае вельмі сучасны выгляд, друкуецца на беласнежнай мелаванай паперы і закранае тэмы, цікавыя моладзі, у тых формах, якія ёй найбольш зразумелыя і блізкія. У кожным нумары друкуюцца вершы і апавяданні маладых, а таксама глыбокія інтэрв’ю з вядомымі персонамі, артыкулы на гістарычныя тэмы, нестандартныя агляды новых кніг, спектакляў і кінафільмаў. Навінка апошніх месяцаў — рубрыка "Установа адукацыі", якая прадстаўляе школы, каледжы, універсітэты, асобныя факультэты і кафедры, што таксама спрыяе чытанню часопіса ў асяродку моладзі. Часопіс мае свайго маскота — дзяўчыну-журналістку па імені Досця, па прозвішчы Звяздоўская, якая і піша ў рубрыку "Эксклюзіў Досці". Слоган часопіса — "Таму хто думае" — пазначаны на карэньчыку кожнага нумара. Жыве "Маладосць" — чытанне, прызначанае таму, хто ўмее думаць, магчымасці, створаныя для тых, каму ёсць што сказаць свету.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».