Вы тут

Марыя Васілевіч: Сваю перамогу прысвячаю бацькам


Арганізатары 11-га Нацыянальнага конкурсу прыгажосці не раз адзначалі, што дзяўчаты сёлета падабраліся выдатныя: яркія, актыўныя, усебакова развітыя і адукаваныя, мэтанакіраваныя і самастойныя, у той жа час далікатныя, сціплыя, дысцыплінаваныя і зусім не капрызныя. Знаёмячыся крыху бліжэй з новай «Міс Беларусь» Марыяй Васілевіч, заўважаеш усе гэтыя якасці і пакрысе разумееш, чаму менавіта яна аказалася першай сярод больш як 700 прэтэндэнтак і 30 фіналістак конкурсу.


— Настройвалася на перамогу, бо толькі ў гэтым выпадку чалавек раскрывае ўсе свае магчымасці, задзейнічае ўсе рэсурсы для дасягнення мэты, так што я старалася паказаць сябе ва ўсёй красе, але такі зыход падзей усё адно стаў нечаканасцю, — прызналася «Міс Беларусь» пасля фіналу шоу. — Вядома, гэта неперадавальная эйфарыя, усплёск эмоцый, якія цяжка апісаць словамі! Хачу падзякаваць перш за ўсё бацькам, родным і сябрам за падтрымку — яны заўжды былі і застаюцца маёй галоўнай апорай. Тое, што я сёння знаходжуся на гэтай сцэне, таксама шмат у чым іх заслуга, і перамогу я прысвячаю менавіта ім.

...Першая прыгажуня краіны — мінчанка, без пяці хвілін выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Таму ў яе планах — не толькі з годнасцю выконваць абавязкі «Міс Беларусь» і рыхтавацца прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе «Міс свету» сёлета ў снежні, але і ўдзельнічаць у дабрачынных і іншых сацыяльна значных мерыапрыемствах, а таксама дапісаць і абараніць дыплом і, па магчымасці, прадоўжыць атрыманне адукацыі ў аспірантуры.

Узыходжанне Марыі Васілевіч на конкурсны Алімп — зусім не гісторыя Папялушкі, у тым сэнсе, што дзяўчына не чакала цудаў ад хроснай феі, а цвяроза ацэньвала свае магчымасці. Напрыклад, мы з вамі маглі ўбачыць дзяўчыну на конкурсе яшчэ два гады таму, калі знаёмыя параілі ёй паспрабаваць сябе на кастынгу. «Але я адчувала, што ў 18 гадоў яшчэ не гатовая, перадусім маральна, да такога складанага выпрабавання, і пакуль варта засяродзіцца на вучобе, — тлумачыць прыгажуня. — А вось летась, прыкладна за некалькі тыдняў да пачатку кастынгаў, зразумела, што хачу паспрабаваць свае сілы і гатовая выкласціся на сто працэнтаў. Прыйшла з сяброўкай — на жаль, яна не прайшла на конкурс, але я ўпэўнена і шчыра жадаю, каб у яе ўсё склалася паспяхова надалей». Як бачым, вера ў свае сілы, памножаная на карпатлівую штодзённую працу, гнуткасць і ў той жа час моц характару, прынеслі свой плён — карону «Міс Беларусь — 2018», грашовы прыз памерам у 500 базавых велічынь (каля 12 тысяч рублёў), ключы ад шыкоўнага пазадарожніка і вялікія перспектывы на будучыню.

Дарэчы, пра ключы. Як высветлілася, дзяўчына мае не толькі вадзіцельскае пасведчанне, але і вопыт пілатавання самалёта! «Гэта было мінулым летам, мы з сябрамі вырашылі пакатацца на лёгкаматорным самалёце. І тут пілот прапанаваў: хто самы смелы, можа паспрабаваць сябе ў якасці другога пілота — ну і я, відавочна, падняла руку. Ён растлумачыў самыя азы: што як трымаць, а што не чапаць увогуле, і мы разам паляталі. Ці не страшна было? Шчыра прызнацца, страшней сядзець на заднім крэсле, бо самалёт быў далёка не новы, і яго трэсла як след», — смяецца дзяўчына, успамінаючы гэты выпадак.

Яшчэ Марыя марыць стаць тэлевядучай. Тым больш, для гэтага ў яе ёсць і гучны тытул, і прывабная тэлегенічная знешнасць, а яшчэ і выдатнае веданне беларускай мовы, якую дзяўчына пяшчотна любіць.

— Калі арганізатар конкурсу, тэлеканал АНТ, проста заўтра прапануе — «ідзі, Маша, да нас вядучай», то якія праграмы хацелася б рабіць? — крыху правакуем дзяўчыну. Але галавакружэнне ад поспеху — гэта не пра яе, і Марыя адказвае ўдумліва і сур'ёзна:

— Перадусім, натуральна, я пайшла б вучыцца на курсы тэлевядучых. Бо адной толькі мары мала: я да ўсіх спраў, за якія бяруся, стаўлюся адказна, і хочацца быць дасканалай у кожнай сферы. Так што першай прыступкай у кар'еры вядучай мусіць стаць прафесійная адукацыя.

А вось лагічнае і цікавае для многіх пытанне, ці свабоднае сэрца прыгажуні альбо варта пачынаць зайздросціць яе маладому чалавеку, пакуль што засталося без адказу. «Давайце патрымаем інтрыгу», — усміхаецца Марыя на нясціплыя роспыты і пацвярджае: так, яна памятае, што паводле кантракту з Нацыянальнай школай прыгажосці ёй на працягу двух гадоў нельга выходзіць замуж, і безумоўна выканае гэтую ўмову.

Прыгажуні і тытулы

Акрамя кароны «Міс Беларусь», па традыцыі арганізатары і партнёры Нацыянальнага конкурсу прыгажосці адзначылі прызамі дзяўчат — пераможцаў у іншых намінацыях:

Ксенія Вясельская са Слаўгарада стала «Міс сяброўства» (яе ананімна выбіралі самі ўдзельніцы конкурсу), атрымаўшы ў якасці прыза грашовы сертыфікат і падарожжа па гарадах Еўропы.

Тытул «Міс Арыфлэйм» заваявала 22-гадовая мінчанка Аліна Магер, якой падарылі гадавы запас касметыкі і права стаць новым тварам брэнду.

Бабруйчанцы Марыі Первій, якая стала «Міс глядацкіх сімпатый» па выніках галасавання на сайце АНТ, падарылі сертыфікат на паслугі спа-цэнтра і пуцёўку ў Парыж.

«Міс топ-мадэль» — Дзіяна Астапчык з Гальшан і «Міс фота» — Караліна Барысевіч з Гродна змогуць правесці незапланаваныя вакацыі — тыднёвы адпачынак у пяцізоркавым гатэлі ў Турцыі. «Міс фота» таксама паабяцаў ролю ў сваім новым фільме рэжысёр Дзмітрый Астрахан.

Мінчанка Анастасія Лаўрынчук, якую журы выбрала «Другой віцэ-міс Беларусь», атрымала ў падарунак ювелірны выраб — залатую падвеску. А «Першая віцэ-міс Беларусь» Маргарыта Мартынава са Слоніма ў дадатак да залатых завушніц атрымала права прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе «Mіss Supranatіonal», які пройдзе ў Польшчы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.