Вы тут

Тонкасці паразумення


Адна з найбліжэйшых (моўна, культурна, духоўна, геаграфічна) да нашай літаратуры ўкраінская. Падаецца, што перастварэнні па-ўкраінску беларускіх тэкстаў (і, адпаведна, пабеларуску — украінскіх) маглі б стаць адным з прыярытных кірункаў у перакладчыцкай дзейнасці літаратараў дзвюх дзяржаў. Але, на жаль, такой традыцыі ў савецкі час не склалася. Толькі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў сітуацыя пачала мяняцца: сувязі ў сферы абмену і ўзаемаўзбагачэння культур беларускага і ўкраінскага народа пашыраюцца, актыўна перакладаюцца на беларускую мову ўкраінскія творы і наадварот. Так, летась ва Украіне (Вінніца: Відавніцтво, 2017) пабачыў свет двухмоўны паэтычны зборнік «Для шчасця зямнога...»


Укладальнік — вядомая ўкраінская паэтэса Таццяна Якавенка, аўтар каля двух дзясяткаў паэтычных зборнікаў. Яна перастварыла на роднай мове творы Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай, Эдуарда Акуліна, Эдуарда Дубянецкага і Міколы Пацеюка. Кожны з іх, у сваю чаргу, зрабіў пераклады на беларускую мову вершаў Таццяны Якавенкі.

Што аб’яднала такіх розных творцаў? Спелыя грамадзянскія матывы, пранікнёная філасофская напоўненасць, яркія ўзоры інтымнай лірыкі... Любоў да роднай зямлі і імкненне да няспыннага пошуку і самаўдасканалення.

Варта адзначыць высокае паэтычнае майстэрства Т. Якавенкі як перакладчыка. Яна настолькі тонка адчула і перадала паэтычны свет беларускіх аўтараў, што, бадай, творы іх загучалі не менш пранікнёна і па-ўкраінску. Творца здолела нават выправіць спрэчныя моманты, характэрныя для некалькіх вершаў беларускіх аўтараў. Параўнаем арыгіналы з перакладамі:

...цэннік

Ад часу Пілата ўсё той:

Трыццатнік — за брата, хоць геній,

Хоць зеўрае лоб пустатой...

(арыгінал, Э. Акулін)

...плата

Від часу Пілата — одна:

Тридцятка — за друга, за брата,

Підлоті здрадливій ціна...

(пераклад)

Відавочна, што пераствораныя радкі («за друга, за брата, / Підлоті здрадлівій ціна...») больш адпавядаюць сэнсу твора (твор аб прадажнасці і акрутнасці чалавечай натуры), чым радкі аўтара.

Каханая! Што ж, дзякую табе

 За ўсё, было што ўзімку паміж намі...

Чаму?!.

Чаму не глядзім мы на зоркі,

На ў небе аблокі?

(вытрымкі з двух вершаў Э. Дубянецкага)

Кахана! Що ж, я дякую тобі

За все, що було взимку поміж намі.

Чому?!.

Чому ми не бачимо зорі,

Небесні хмаринки?

(пераклады)

Натуральнасць, нязмушанасць, арганічнасць — тыповыя характэрныя рысы працы Т. Якавенкі. Кожнае слова на сваім месцы, няма ніводнай «патырчакі», уваткнутай у тэкст яўна дзеля рыфмы ці захавання патрэбнага памеру.

Як выбітны перакладчык выступіла і паэтка Л. Паўлікава-Хейдарава. Адметныя метафары Т. Якавенкі па-беларуску перададзены не менш натуральна, напрыклад: «звучить, як скрипки молоде вино...»: «Так гукі скрыпкі робяцца віном...»;

Цей чоловік про мене не забув,

Хоч так і залишився незбагненним.

Цей чоловік ТАКИМ для мене був...

Цей чоловік ДЛЯ МЕНЕ був...

Для мене...

(арыгінал, Т. Якавенка)

Ён помніць, ведаю...

Ён не забыў, о не!

І што ў ім зразумець была павінна?

Той чалавек ТАКІМ быў для мяне...

Той чалавек быў ДЛЯ МЯНЕ...

Адзіна...

(пераклад)

Невялікі па аб’ёме зборнік адрасаваны не толькі знаўцам паэзіі і аматарам перакладаў, але і самаму шырокаму колу чытачоў. Вершы на ўкраінскай мове лёгкія для разумення праз блізкасць моў, а каб адчуць усе тонкасці перастварэнняў, можна скарыстацца анлайн-слоўнікамі ў сеціве. Назва кнігі падаецца сімвалічнай. Для шчасця зямнога трэба, каб цябе разумелі. Давайце ж імкнуцца да ўзаемапаразумення, каб быць шчаслівымі!

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.