Вы тут

Барбі


 БАРБІ

Маленькая Касечка вельмі любіла лялек Барбі. Нават тады, калі была ўжо не зусім маленькая – гадоў да чатырнаццаці дакладна, калі ўсе яе аднакласніцы і сяброўкі забыліся, куды пазакідвалі сваіх лялек.

Лялькі Барбі былі такімі, якой Касечка стаць не зможа. У іх былі даўгія простыя валасы, велізарныя сінія вочы на дасканалых тварах, пры­гожыя фігуры, на якіх ідэальна сядзелі чароўныя лялечныя сукенкі.

Касечка любіла шыць для Барбі вопратку. Лялькі ў той час прадаваліся ў сукенках для балю. Хто ж ходзіць у сукенках для балю на працу штодзень? А Барбі не могуць не хадзіць на працу, на­ват калі яны – прынцэсы, бо жывуць у нашым свеце і часе. У вопратцы, пашытай Касечкай, Барбі не выглядалі такімі прыгожымі, як у крамавых су­кенках, і гэта выратоўвала Касечку ад комплексу непаўнавартасці (прынамсі, трэба было паспраба­ваць).

Тым не менш, Касечка Барбі любіла. Любіла больш, чым сябе. Давала ім імёны любімых гераінь з мульцікаў і серыялаў (Віка з «Маёй цудоўнай няні», Жадзі і Хадзіжа з «Клона» і іншыя).

Яна аддавала ім усе свае думкі, планы і мары. Кожная лялька пражывала некалькі чароўных жыццяў, пра якія марыла Касечка, пакуль сама яна жыла сваім, не надта чароўным, звычайным – занадта звычайным – жыццём не вельмі папу­лярнай школьніцы.

Касечка марыла пра лялечны домік для Барбі. Адмысловы, двух-, а лепш трохпавярховы, дзе будуць усе пакоі і рэчы, неабходныя для жыцця Барбі (насамрэч Касечкі). Вялікі ложак, шафа, дзе шмат сукенак, мяккая канапа з фатэлямі, таршэр з абажурам, кухонны гарнітур, маленькі посуд і пухнаты кот. Някепска яшчэ было б мець Кена і ляльку-малыша, але на дзясятак Барбі ў краме меліся ў лепшым выпадку тры Кены. А малышы прадаваліся толькі ў «сямейным» наборы з трох лялек. Вось і атрымлівалася, што на ўсіх ні дзяцей, ні мужчын не хапала.

Зрэшты, лялечныя дамкі ў Касечкін невялікі (амаль лялечны) горад увогуле не завозілі.

Касечка зрабіла домік сама: з жорсткага кар­дону склеіла крываваты двухпакаёвы лабірынт, абцягнула яго шпалерамі, што засталіся пасля ра­монту ў «дарослай» кватэры. Ложак змайстравала са скрыні з-пад абутку. Канапу – з кнігі, засцеле­най пухнатым шалікам. Кухонны гарнітур склеіла з запалкавых карабкоў, якія доўга і старанна збірала. З іх жа – камоду. Праўда, уся вопрат­ка ў такія «шуфляды» не змяшчалася, а з чаго і як зрабіць шафу, Касечка не прыдумала, таму заста­валася толькі марыць. Як і пра ванны пакой, пра кухню, і яшчэ два паверхі. Агулам кватэра была недасканалая, але ўтульная.

Касечка любіла Барбі, але ў гэтай любові была мяжа. Рана ці позна пасля шматлікіх змен строю рвалася бальная вопратка. Пасля розных пры­чосак, якія Кася старанна заплятала, валасы блыталіся і рабіліся суцэльным жоўтым воблакам. Касечка нейкі час яшчэ гуляла з такой лялькай, але з кожным разам гульні рабіліся невыноснымі. Праблемы, здавалася, дробныя, але гэтыя дробачкі якраз і не давалі спакою: ідэальны свет, які і так трымаўся на скотчы і кавалках шпалер, руйнаваўся.

Можа, неідэальнасць Барбі нагадвала пра Касечкіны хібы ў рэальным свеце – куды больш сур’ёзныя, якія не схаваеш за сценамі кардоннага доміка?

Кацярына ЗАХАРЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі

Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі.

Палітыка

Уладзімір Макей: Прыярытэту «эканамічнай дыпламатыі» патрабуе час

Уладзімір Макей: Прыярытэту «эканамічнай дыпламатыі» патрабуе час

Гэтымi днямi дыпламатычная служба Беларусi адзначае векавы юбiлей. 

Культура

Стары замак у Гродне пачалі ўпрыгожваць скульптурна-мастацкімі элементамі

Стары замак у Гродне пачалі ўпрыгожваць скульптурна-мастацкімі элементамі

У хуткім часе на ўязной арцы з'явіцца барэльеф анёла з крыламі.

Грамадства

Быць у трэндзе. На які ўрок вучні пабягуць з радасцю?

Быць у трэндзе. На які ўрок вучні пабягуць з радасцю?

Вучыць пакаленне Z — задача няпростая.