Вы тут

Ад першадрукаў да сучаснай кнігі


Людзі, якія жывуць у свеце літаратуры, мастацтва, музыкі, навукі, часта пачуваюцца так, нібы яны на асобнай планеце — сярод тых, каму нічога не трэба тлумачыць і даказваць, дзе ўсё адбываецца паводле класічных законаў жанру... І тое, што паразуменне не прыходзіць звонку, — справа звычайная: там насельнікі іншай планеты, яны размаўляюць на іншай мове і жывуць у іншай сістэме каштоўнасцяў. Гэтая ілюзія бывае настолькі праўдападобнай, што сувязь з рэальнасцю становіцца неабавязковай. Пішуцца выдатныя кнігі, праводзяцца канцэптуальныя даследаванні, якія змяняюць падыходы да асэнсавання нацыянальнай гісторыі, і вельмі часта ўсё гэта застаецца не заўважаным тымі, для каго робіцца: суайчыннікамі, што кожны дзень побач, але нібыта на іншай планеце.


Менавіта таму праца людзей, якія свядома бяруць на сябе асветніцкую місію, заўсёды мае такое вялікае значэнне. Не толькі ведаць, не толькі даследаваць, не толькі навучыць сваіх блізкіх, але і распавесці ўсім — доказна, аргументавана, спрыяльна, без напышлівасці ўсёведання... Гэта было важна сто гадоў таму, гэта важна і цяпер. Безумоўна, адзін з самых вядомых асветнікаў сучаснасці — доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс. Яго публікацыі ў перыядычных выданнях, якімі цікавяцца не толькі вузкое кола прафесіяналаў, але і шараговыя чытачы, маюць плённы ўраджай. Зборнік эсэ «Ад Скарыны і Фёдарава — у ХХІ стагоддзе» («Чатыры чвэрці», 2018), у якім сабраныя найбольш значныя артыкулы апошніх гадоў, будзе карысны і цікавы для вельмі шырокай аўдыторыі: філолагі, студэнты, настаўнікі, вучні, літаратуразнаўцы. Іранічны стыль, белетрызаваныя дыялогі і вытрымкі з ліставання робяць чытанне пасапраўднаму насычаным, набліжаным да ўспрымання мастацкіх тэкстаў.

Назва зборніка цалкам апраўдвае яго структуру: ад спрэчак вакол Вялікага Княства Літоўскага і дзейнасці Францыска Скарыны — праз асэнсаванне постацяў, што стаялі ля вытокаў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Эліза Ажэшка, Аляксандр Ельскі), — у сучаснасць да творчых і жыццёвых запаветаў Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча і Васіля Быкава... Першадрукары і кнігатворцы, якія сталі героямі асобных эсэ і навукова-папулярных нарысаў, выходзяць з ценю міфаў і хрэстаматыйных фармулёвак, выступаюць не толькі яркімі прадстаўнікамі сваёй эпохі, але і цікавымі рознабаковымі асобамі з няпростымі лёсамі і простымі мэтамі.

Адам Мальдзіс звяртаецца да найбольш складаных момантаў нацыянальнай гісторыі і культуры. ВКЛ — дзяржава літоўская ці беларуская? Францыск Скарына быў праваслаўным, католікам ці пратэстантам? Адам Міцкевіч — паэт найперш польскі ці беларускі? Ці ёсць месца ў школьных падручніках для Паўлюка Багрыма? Энцыклапедычнасць ведаў, багацце асабістага досведу, шырыня і дэмакратызм светапогляду ў спалучэнні з нязменным жаданнем не даказаць, хто мае рацыю, хто памыляецца, а знайсці ісціну і растлумачыць суайчыннікам, чаму і калі ўзнікла блытаніна ў інтэрпрэтацыі пэўных фактаў. Францыск Скарына мог быць католікам і пры гэтым не толькі паважліва ставіцца, але нават і працаваць на карысць вернікаў іншых канфесій. Ігнат Дамейка заклікаў працаваць не чакаючы выніку сваёй працы ў дні сённяшнім (бо ў гуманітарнай сферы так здараецца часта), але верыць, што насенне, кінутае табой, прарасце, калі справа будзе рабіцца сумленна, у будучыні. А праз тры гады, дзесяць год ці стагоддзе — не так істотна.

ХХІ стагоддзе ў назве кнігі — невыпадковае: у артыкулах і эсэ сапраўды вельмі многа сучаснасці. Адам Мальдзіс распавядае пра ўдзел у шматлікіх рэспубліканскіх, рэгіянальных і міжнародных канферэнцыях, у якіх даводзілася браць удзел, не дзеля прыгожай запеўкі. Чытач атрымлівае магчымасць зазірнуць за «акадэмічныя кулісы», паслухаць спрэчкі айчынных навукоўцаў і пачуць (часам зусім нечаканыя сваёй парадаксальнасцю) меркаванні замежных даследчыкаў-славістаў. Эсэ часта пачынаюцца са згадак пра пэўныя падарожжы, сустрэчы, паездкі. І ў якую б дарогу ні выправіўся Адам Мальдзіс, за вокнамі яго дома — сучаснасць, ХХІ стагоддзе. Ён уводзіць у культурны кантэкст тое рознагалосае мноства меркаванняў адносна шляхоў развіцця нацыянальнай гісторыі, дзякуючы якому ўрэшце выкрашталізоўваецца ісціна альбо, наадварот, праз якое шлях да спазнання ісціны робіцца немагчымым. Прынамсі, у найбліжэйшы час. Аўтар, падрабязна апісваючы плён канферэнцый і рэзюмуючы змест навуковых дакладаў, падкрэслівае: адкрыцці навукоўцаў значныя, архіўныя знаходкі і зробленыя на падставе іх высновы ўнікальныя, але яны застаюцца невядомыя шырокаму колу нават зацікаўленых беларусаў. І адзіны спосаб зрабіць так, каб гэтая жывая вада не сышла бясследна ў пясок забыцця, — расказаць праз шырокую пляцоўку масавага выдання. Не абвінавачваць у няведанні, а падзяліцца ведамі. Гэткім чынам Эліза Ажэшка назаўсёды змяніла аблічча Гродна — горада, у якім правяла большую частку жыцця. Так жа Уладзімір Караткевіч змяніў светаўспрыманне некалькіх пакаленняў беларусаў.

«Талерантнасць, моцная дыялогам» — называецца эсэ, прысвечанае памяці Папы Яна Паўла ІІ, «чалавека, адкрытага на іншасць». Гэты тэзіс (важнасці «адкрытасці на іншасць», інтэлігентнай стрыманасці, гатоўнасці да канструктыўнага дыялогу) гучыць амаль у кожным артыкуле — як самае актуальнае патрабаванне ХХІ стагоддзя. Ці тое гаворка вядзецца пра спрэчныя пытанні міжнацыянальнай культурнай спадчыны, ці тое пра вызначэнне аўтарства літаратурнага твора. Адам Мальдзіс не звужае тэму да пошуку адназначнага адказу, але, наадварот, паказвае глабальнасць мыслення нашых славутых продкаў, спадчына якіх шырэйшая за межы асабістых прыхільнасцяў і нават пэўных навуковых канцэпцый. Францыск Скарына застаецца сучасным менавіта таму, што яго дзейнасць не падыходзіла ні пад адно вядомае азначэнне ў сваім часе.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.