Вы тут

Ці трэба загараць і што рабіць, каб не «засмажыцца»


Да нас нарэшце прыйшла вясна. Спяваюць птушкі, навокал буяе зеляніна, цвітуць дрэвы і радуюць вока кветкі. І самае галоўнае — стала цёпла. Часам нават вельмі спякотна. Прычым сапраўдная ліпеньская спёка ў маі — з'ява для нашых шырот не надта натуральная. Самы час прыгадаць, як не расслабіцца на веснавым сонейку, каб потым не пакутаваць ад галаўнога болю, сонечных апёкаў (а да іх белай пасля зімы скуры рукой падаць) ці цеплавога ўдару.


Як засцерагчыся ў спякоту

— Самыя распаўсюджаныя скаргі пацыентаў у спякоту — агульнае недамаганне з-за перагрэву, павышаны ціск, сонечныя апёкі, цеплавыя ўдары, — расказвае ўрач-тэрапеўт найвышэйшай катэгорыі 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Алена ЛАПСАР. — Але засцерагчы сябе ад гэтых непрыемнасцяў вельмі проста.

Звярніце ўвагу на ваша адзенне: яно павінна быць з натуральных тканін, каб не перашкаджаць дыханню скуры і не садзейнічаць пераграванню арганізма. Так што сінтэтыку давядзецца адкласці да больш халаднаватага надвор'я. Каб не ўчыніць арганізму засуху, выпівайце 2-2,5 літра вады. Прычым лепш ужываць цёплую ваду — яна больш эфектыўна наталяе смагу і не выклікае праблем з горлам.

Як мага менш старайцеся знаходзіцца пад сонцам. Калі гэта непазбежна, абавязкова насіце галаўны ўбор. Важна памятаць, што з 12 да 16 гадзін сонца актыўнае, а яго прамені для нашай скуры ў гэты час найбольш агрэсіўныя. У гэты час пажадана абараняць усе ўчасткі цела ад пападання прамога сонца з дапамогай закрытага адзення і сонцаахоўнага крэму.

Не ўжывайце алкаголь, бо ў спякоту яго ўздзеянне на арганізм шматразова ўзмацняецца, а цела становіцца больш адчувальным да высокай тэмпературы. Не выкарыстоўвайце дэкаратыўную касметыку ці звядзіце яе выкарыстанне да мінімуму: наша скура ў гарачыню ўзмоцнена дыхае і пацее, імкнучыся знізіць тэмпературу цела. Не нагружайце яе дадаткова касметыкай, якая да таго ж можа прывесці да закаркоўкі пор. Часцей рабіце водныя працэдуры, якія ачысцяць поры і дададуць свежасці.

Будзьце асцярожныя з заняткамі актыўным спортам — пры тэмпературы вышэй за 25 градусаў іх лепш адкласці. І захоўвайце эмацыянальны спакой, паколькі любое пераўзбуджэнне ўзмацняе рызыку ўзнікнення цеплавога ці сонечнага ўдару.

— Асабліва асцярожнымі ў перыяд гарачага надвор'я павінны быць людзі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, — нагадвае Алена Лапсар. — Ім неабходна пастаянна назірацца ва ўрача і заўсёды мець пры сабе прэпараты для экстраннай дапамогі.

Ці сапраўды нам патрэбны загар?

Са з'яўленнем у атмасферы азонавых дзірак загаранне на адкрытай прасторы стала не самай бяспечнай забавай: медыкі ўсяго свету б'юць трывогу з-за павелічэння колькасці анкалагічных хвароб. Сувязь паміж сонечнымі праменямі і ўзрастаннем выпадкаў злаякаснай меланомы (а ў яе можа эвалюцыяніраваць самая звычайная радзімка) прасочваецца цалкам дакладна. Але мода на загар усё яшчэ існуе — дастаткова зазірнуць у любы нават самы сціплы спартыўны клуб ці касметычны салон. У пераліку працэдур там абавязкова будзе салярый.

— Загар, які суправаджае апраменьванне ў салярыі, — гэта агульная ахоўная рэакцыя арганізма, накіраваная на засцярогу скуры ад яе далейшага пашкоджання УФ-праменямі, — расказвае ўрач-гігіеніст Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна г. Мінска Алена КУЗІНЕЦ. — З празмерным уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання звязваюць больш за 25 захворванняў і парушэнняў стану здароўя. Сярод іх анкалагічныя захворванні скуры, у прыватнасці злаякасная меланома, базальнаклетачны рак, плоскаклетачны рак і катаракта, якая з'яўляецца адной з асноўных прычын слепаты, захворванні абалонак і ўнутранага асяроддзя вока (фотакан'юнктывіт), падаўленне імунітэту, фотастарэнне скуры.

Злоўжыванне загарам у дзяцінстве і юнацтве, а таксама агульны час уздзеяння ўльтрафіялету, які накопліваецца падчас усяго жыцця, могуць служыць фактарамі рызыкі для ўзнікнення анкалагічных хвароб у пажылым узросце.

— Адтэрмінаваны негатыўны ўплыў ультрафіялетавага выпраменьвання, а таксама пачатак актыўнага прымянення салярыяў толькі ў 90-х гадах, прычым пераважна не спецыялістамі-медыкамі, не дае поўнай карціны аб іх уплыве на наша здароўе і ўяўлення аб іх ролі ў захваральнасці на рак скуры, — кажа Алена Кузінец.

У салярый — два разы на год

Калі ж, нягледзячы на ўсе папярэджанні аб шкодзе загару, вы вырашылі, што без залацістага адцення скуры не абысціся, пастарайцеся выконваць некалькі правілаў.

Перад наведваннем салярыя пракансультуйцеся з урачом. Катэгарычна забаронена загараць людзям, якія прымаюць транквілізатары і антыдэпрэсанты, нестэроідныя болесуцішальныя прэпараты, а таксама антыбіётыкі. Гэтыя прэпараты павышаюць светаадчувальнасць скуры і могуць справакаваць алергію. Акрамя таго, салярый супрацьпаказаны людзям, якія маюць шмат радзімак на целе, бо можа справакаваць перараджэнне радзімкі ў злаякасную меланому.

Важна адказна паставіцца да выбару салярыя. Калі яго ўладальнікі не паскупіліся і запрасілі на працу прафесіяналаў, вам адразу параяць загараць столькі, колькі рэкамендуецца для людзей з вашым тыпам знешнасці і ні секунды больш. Не наведвайце перад сеансам саўну ці лазню — гэтыя працэдуры пазбаўляюць скуру натуральнай аховы. Карыстайцеся спецыяльнымі сродкамі для загару ў салярыі. Ніколі не загарайце два дні запар.

Нягледзячы на тое, што заўсёды знаходзяцца аматары загараць у салярыі дванаццаць месяцаў запар, урачы не рэкамендуюць праводзіць серыю сеансаў часцей, чым два разы на год.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Асцярожна: сонца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.