Вы тут

Брэсцкую крэпасць аднаўляюць талакой


Брэсцкая крэпасць адсвяткавала чарговы Дзень Перамогі — сваё галоўнае свята. Зноў у мемарыяльны комплекс прыйшлі тысячы людзей. Да святыні мемарыяла — яго пліт — леглі жывыя кветкі як сімвал памяці і смутку. У такія дні тут асабліва шмат гасцей з іншых гарадоў і краін. І мемарыяльны комплекс павінен выглядаць годна. Але на падтрымку самага буйнога на тэрыторыі краіны помніка патрэбныя вялікія сродкі.


Гэта работнікі мемарыяла асабліва адчулі пасля распаду Савецкага Саюза, калі паток турыстаў рэзка зменшыўся, калі ў 90-я наогул не хапала грошай на самае неабходнае. Тады яшчэ былі жывыя многія абаронцы крэпасці, удзельнікі баёў за вызваленне Брэста. Яны таксама не маўчалі, выступалі ў сродках масавай інфармацыі, заклікалі кіраўнікоў краін СНД далучыцца да высакароднай справы выратавання крэпасці. А некаторыя нават уласным рублём са сціплай ветэранскай пенсіі падтрымлівалі будучы рамонт. Напрыклад, Сцяпан Васільевіч Вараб'ёў з Екацярынбурга рэгулярна прысылаў грашовыя пераводы. Тыя невялікія па памеры, але велізарныя па значнасці ўзносы і сёння згадваюць у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці.

Пра ініцыятыву ветэрана Вараб'ёва і яго таварышаў расказалі ў красавіку 1996 года ўдзельнікам Савета кіраўнікоў урадаў СНД. На названым форуме і было прынятае рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту мемарыяльнага комплексу. І ўжо праз два месяцы адбыўся тэлерадыёмарафон, прысвечаны збору сродкаў на гэтыя мэты. Ён, несумненна, адыграў пэўную прапагандысцкую ролю. А ў сакавіку наступнага года прэм'еры краін СНД падпісваюць дакумент аб долевым удзеле ў фінансаванні капітальнага рамонту. Рашэнне прынялі прадстаўнікі дзесяці краін, грошы пералічылі пяць дзяржаў (Беларусь, Расія, Украіна, Казахстан, Малдова). Пазней выканкам Саюза Беларусі і Расіі выдзеліў значную суму на крэпасць. Пасля гэтага мемарыяльны комплекс стаў літаральна на вачах пазбаўляцца ад некаторай запушчанасці — абавязковага спадарожніка перабояў у фінансаванні любога аб'екта. Былі праведзены рамонт і рэканструкцыя большасці аб'ектаў, пабудаваны новыя газавыя кацельні, заменены многія інжынерныя сеткі. Нехта з дасціпных калег назваў той працэс абнаўлення «другой абаронай Брэсцкай крэпасці». І ў гэтым ёсць доля праўды. Каб не ўзяліся тады талакой, невядома, што стала б з легендарнай цытадэллю. Дастаткова сказаць, што адзін з галоўных сімвалаў крэпасці — штык-абеліск вышынёй 104,5 метра і вагой 620 тон — да пачатку 90-х гадоў нахіліўся і знаходзіўся фактычна ў аварыйным стане. Гэты помнік перажыў рэканструкцыю адным з першых, ужо ў 1998 годзе ён быў умацаваны. Адначасова пачаліся работы па рэстаўрацыі Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага храма, які многія гады і дзесяцігоддзі стаяў закансерваваны. Цяпер адноўлены храм стаў адным з самых папулярных у праваслаўных прыхаджан горада. Ды пра кожны аб'ект можна гаварыць у кантэксце гісторыі яго абнаўлення. Напрыклад, знакамітыя пліты, пад якімі захоўваецца прах 1038 абаронцаў крэпасці, не патрабавалі рэканструкцыі. А вось таблічкі з імёнамі альбо надпісамі «Невядомы» былі абноўлены за сродкі ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Беларусі і ўрада Масквы.

Мемарыяльны комплекс увесь час развіваецца. Тут паяўляюцца новыя музеі і помнікі. У 2011 годзе адкрыта скульптурная кампазіцыя «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй зрабілі крок у бессмяротнасць». Музей «5 форт» знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй пабудовы крэпасці і сістэмай фартыфікацыі. А 22 чэрвеня 2014 года была ўрачыста адкрыта экспазіцыя «Музей вайны — тэрыторыя міру». З'явіцца новаму музею ў адрэстаўраванай паўднёва-ўсходняй казарме дазволіла спонсарская дапамога расійскага ААТ «Газпрам».

Гераічная абарона крэпасці — гэта наша агульная гісторыя. Таму заканамерным выглядае ўдзел у фінансаванні нашых найбліжэйшых суседзяў. І вось зноў прыемная навіна. З бюджэту Саюзнай дзяржавы на рамонт, рэканструкцыю, кансервацыю і музеефікацыю аб'ектаў мемарыяльнага комплексу паступіла амаль 97 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 1,6 мільёна долараў). І гэта толькі першы транш. Усяго запланавана выдзеліць 319 мільёнаў рублёў. Работы будуць весціся ў тры этапы з 2018-га па 2020 год.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор БЫСЮК расказаў, што пэўныя намаганні для прыцягнення сродкаў з саюзнага бюджэту прыкладаліся на працягу двух гадоў. Бо ёсць цэлы комплекс работ, якія трэба правесці неадкладна. Гаворка ідзе пра рамонт і кансервацыю руін Белага палаца, інжынернага ўпраўлення, руін у раёне Холмскіх варот. Варта адзначыць, што тэрыторыя ўсяго комплексу складае 300 гектараў, а тэрыторыя самой крэпасці каля 70 гектараў. І тут яшчэ шмат аб'ектаў, якія трэба проста прывесці ў парадак, каб яны захаваліся для нашчадкаў.

Усяго названы праект уключае 16 мерапрыемстваў, 13 з якіх звязаны з капітальным рамонтам, рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй аб'ектаў, а 3 — з музеефікацыяй. Ужо сёлета запланавана многае зрабіць. Напрыклад, будзе прыведзеная ў здавальняючы стан паўвежа паўднёва-ўсходніх казармаў (барбакан). Завершацца капітальны рамонт і кансервацыя руін і падвалаў казармаў 333-га стралковага палка, рамонт даху паўднёва-заходняй казармы, распачнецца рамонт моста цераз раку Мухавец недалёка ад увахода ў Музей абароны Брэсцкай крэпасці.

На парадку дня таксама рамонт і кансервацыя руін знакамітага Белага палаца, у якім быў падпісаны Брэсцкі мір сто гадоў таму. Сёлета пачнецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на Белы палац і будынак інжынернага ўпраўлення, капітальны рамонт даху казармаў у раёне Цярэспальскіх варот. Пазней будзе заказана праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт Усходняга форта, дзе мужна трымаўся легендарны маёр Пётр Гаўрылаў, а таксама 5-га форта. Работа па стварэнні экспазіцый разгорнецца ў барбакане. Там паявіцца дыярама па гісторыі Брэсцкай крэпасці. Ва ўсходнім форце задуманы невялікі музей абароны гэтага форта, а ў 5-м форце развіццё атрымае экспазіцыя фартыфікацыі і зброі.

Паводле слоў Рыгора Бысюка, запланаваны капітальны рамонт мастацка-дэкаратыўнай падсветкі. Яна стане больш энергаэфектыўнай, бо зробяць яе па новых тэхналогіях. І ўжо на наступнае 9 мая ад галоўнага ўвахода да цэнтральнага вострава мы будзем ісці па дарожцы з новай падсветкай, не кідкай і яркай, а стрымана-стыльнай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: «Другая абарона» крэпасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.