26 Верасень, серада

Вы тут

Гісторыя кавалера двух медалёў «За адвагу» Максіма Застрэлава


Кавалер двух медалёў «За адвагу» франтавік Максім Застрэлаў — пра баявыя подзвігі, сілу мацярынскай малітвы і каліграфічны почырк, які дапамог стаць міліцыянерам.

Такое здараецца не часта. Ваенная ўзнагарода знайшла свайго героя больш чым праз 70 гадоў, і ён аказаўся жывы! Летась гэта навіна ўскалыхнула інтэрнэт сваёй сенсацыйнасцю. Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Максім Навумавіч Застрэлаў асабіста прыняў з рук маёра Ільі Мелітоўскага, памочніка ваеннага аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, баявы медаль «За адвагу». І гады не прытупілі вастрыні пачуццяў. Ветэран хваляваўся ў тую хвіліну, як калісьці перад боем...


Шчаслівыя разам.

На подступах да Кёнігсберга

Той дзень назаўжды захаваўся ў памяці. На календары 1945 год, страшныя баі на подступах да Кёнігсберга. Максім, зусім яшчэ маладзенькі сяржант, якому ўсяго 20 гадоў, б'е з кулямёта па фашыстах. Вакол выбухі, стогны, кроў. Кулі ляцяць над галавой, і ўсё можа скончыцца ў любы момант. Смерць не выбірае, скажа хтосьці. Але маладога байца быццам нешта ахоўвала. Быў момант, калі секунды вырашылі зыход яго жыцця. Ён трапіў пад прыцэл двух нямецкіх салдат, але першы паспеў іх знішчыць. У тым баі палягло шмат яго сяброў, але адважнага кулямётчыка нават не параніла. Загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР № 030/н па 1289-м Мазурскім стралковым палку 110-й Верхнедняпроўскай дывізіі 50-й арміі аб прадстаўленні Максіма Застрэлава да ўзнагароды медалём «За адвагу» быў падпісаны толькі 20 чэрвеня 1945 года. Полк ужо збіраўся рушыць на ўсход, ваяваць у Маньчжурыі, і медаль не паспеў трапіць да героя. А потым невядома як у дакументы закралася прыкрая памылка — што франтавік памёр. І калі б не цікаўнасць зяця ветэрана, які на сайце «Подзвіг народа» знайшоў інфармацыю пра гэты медаль, франтавік ніколі б не даведаўся, што яго гераізм быў адзначаны. Наблізіць хвалюючы момант дапамаглі кіраўніцтва УУС Магілёўскага аблвыканкама, ваенны абласны камісарыят і абласны Савет ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.

З аднапалчанамі ў далёкай Усходняй Прусіі.

У тыле ў немцаў

Дарэчы, гэта не адзіны медаль «За адвагу». Першы Максім Застрэлаў атрымаў яшчэ ў кастрычніку 1943-га пад Мінскам. Там вялікая колькасць немцаў знаходзілася ў акружэнні і спрабавала прарвацца. Застрэлава разам з таварышам адправілі ў разведку. Вакол дрот, міны — кожны крок таіў у сабе небяспеку. Байцы, шукаючы пралаз, нечакана наткнуліся на немцаў і ледзь паспелі скаціцца ў брудную канаву і залегчы непрыкметнымі. Ветэран успамінае, што калона рухалася па дарозе і ад грукату каваных ботаў фашыстаў валасы на яго галаве ўставалі дыбарам. Але пад покрывам надыходзячай ночы баявым сябрам пашчасціла паспяхова дабрацца да кулямёта і адкрыць па немцах агонь. Разгубленыя ад нечаканасці, тыя развярнуліся і пабеглі назад, некаторыя пачалі здавацца. І былі ў шоку, калі даведаліся, што ім супрацьстаялі ўсяго некалькі байцоў.

На лыжах цераз балота

Максім Застрэлаў трапіў на фронт пасля вызвалення яго вёсачкі ў Клімавіцкім раёне. У пачатку вайны яму было ўсяго 16 гадоў, і такіх, як ён, у армію не бралі. Але праз два гады хлопец, як той казаў, стаў пад ружжо.

— Першы час ваяваў у тым, у чым з дому пайшоў, — расказвае ветэран. — Спачатку нас кінулі пад Чавусы, там шмат людзей загінула. Але мне пашчасціла. Потым вызвалялі Быхаўскі раён, асабліва цяжкім быў бой за вёску Смоліца. Немцы там трымалі моцную абарону. Вакол — балота, не падабрацца. І камандаванне вырашыла выкарыстаць гэтыя абставіны. Для наступлення адабралі самых маладых байцоў, выдалі нам лыжы і загадалі — наперад. Стаяў яшчэ верасень, але раніцай ужо трымаўся невялікі мароз. Па балоце мы зайшлі з тылу і адкрылі агонь. Я страчыў з кулямёта Дзегцярова. Немцы былі ўзброены па поўнай праграме — пушкі, кулямёты, умацаваныя агнявыя кропкі, але яны не чакалі такога развіцця падзей. Нас выратавала, што сярод немцаў пачалася паніка. З нашых толькі адзін баец атрымаў раненне.

Мацярынская малітва

У шматдзетнай сям'і Застрэлавых Максім быў адзіным хлопчыкам, а напярэдадні вайны, калі памёр бацька, на яго лёг увесь цяжар адказнасці за родных. Умеў і араць, і сталярнічаць, і дах мог перакрыць, па дровы ў лес з'ездзіць. Калі яго забралі на фронт, сям'я, лічы, засталася без кармільца. Потым сёстры расказвалі яму, як маці малілася не перапыняючыся, уставала нават па начах, каб вымаліць на каленях жыццё любага сыночка. Магчыма, мацярынская малітва і дапамагла. Бо баец Застрэлаў хоць неаднойчы і глядзеў смерці ў твар, ды куля яго не кранала. Але аднойчы салдат да крыві нацёр нагу... валёнкам. Абутак з самага пачатку здаўся яму няўдалым, нешта балюча ціснула ў пад'ёме. Але быў загад ісці наперад, і баец падумаў, што неяк прыстасуецца і ўсё абыдзецца. Кіламетраў цераз 12 зразумеў, што далей ісці не зможа. Зняць валёнак нават пры дапамозе санітаркі не атрымалася, прыйшлося рэзаць абутак. Нага была мокрая ад крыві, а прычынай нязручнасці аказаўся стальны дрот, зваляны ўнутры валёнка. Прыйшлося некалькі дзён правесці ў ваенным шпіталі. Затрымка ў дарозе выратавала яму жыццё. Той батальён, у складзе якога ён ішоў, амаль цалкам быў знішчаны.

Яшчэ быў выпадак, калі баец ледзь не замёрз пад снегам. Рухацца прыходзілася пешшу, начавалі дзе прыйдзецца. Аднойчы салдаты правялі ноч проста на снезе, а раніцай, калі пачалі збірацца, не далічыліся Застрэлава. Пачалі шукаць і ледзь знайшлі яго пад снегам. Ноччу была завея і байца замяло. Таварышы своечасова расштурхалі.

У памяці застаўся і страшны бой, калі кулям у паветры было цесна. «Непадалёк ад мяне ў зямлю ўваткнулася міна, — успамінае ветэран. — Мы з таварышамі ўпалі на зямлю ў прадчуванні смертаноснага выбуху. Але міна не ўзарвалася. Гэта быў цуд неверагодны».

З першынцам.

Новае жыццё

Шчаслівая навіна, што вайна скончана, застала Максіма Застрэлава ў цэнтры разгромленага Кёнігсберга. Гэта была такая радасць, што словамі не пераказаць. Чырвонаармейцы стралялі ў неба, паветра звінела ад бясконцых крыкаў «ура». Незнаёмыя людзі абдымаліся, цалаваліся, падкідалі адзін аднаго на руках. Нават не верылася, што доўгачаканая перамога нарэшце прыйшла.

Пасля вайны малады франтавік яшчэ нейкі час служыў у пасёлку Ямніца пад Магілёвам, а потым працаўладкаваўся ў міліцыю. Калі ездзіў дахаты ў родную Пянькоўку, сустрэў сваё сапраўднае каханне. Сімпатычная Надзея вучылася ў Магілёве на настаўніцу, а родам была таксама з Клімавіцкага раёна. Праўда, з іншай вёскі. Яны і пазнаёміліся ў цягніку. Сталі сустракацца. Потым вырашылі замацаваць адносіны ў загсе, каб не расставацца. Надзея якраз скончыла педагагічны тэхнікум і яе маглі накіраваць у любы пункт краіны. Але ў той дзень, калі маладыя вырашылі распісацца, нявеста не дачакалася жаніха. Як потым высветлілася, ён спазніўся на ўрачыстасць, таму што яго тэрмінова накіравалі прайсці флюараграфію. Захаваць будучую сям'ю дапамагла класны кіраўнік нявесты. Яна заявіла камісіі па размеркаванні, што дзяўчыну трэба пакінуць у Магілёве, бо яна выйшла замуж. Ёй вельмі падабалася гэта пара, і яна не пабаялася схлусіць. Праз некалькі дзён маладыя пабраліся шлюбам. У іх сям'і нарадзілася чацвёра дзяцей. Цяпер Надзея Пракоф'еўна і Максім Навумавіч маюць 11 унукаў і столькі ж праўнукаў.

Міліцыянерам стаў дзякуючы... почырку

Да вайны Максім Застрэлаў паспеў павучыцца ў Клімавіцкім тэхнікуме пчалаводаў. А пасля вайны вучыўся ў тэхнікуме імя Арлоўскага ў Буйнічах на трактарыста. З-за прыгожага почырку яму даверылі выпісваць дыпломы. За гэтай работай яго і застаў начальнік Магілёўскага РАУС. Ён ацаніў здольнасць хлопца і запрасіў працаваць у пашпартны аддзел. Маці, праўда, адгаворвала сына: навошта табе гэта трэба? Але той вырашыў зрабіць па-свойму. У 1953-м ён скончыў Адэскую школу міліцыі і ў званні лейтэнанта быў прызначаны на пасаду старшага інструктара палітчасці.

Узнагарода знайшла героя больш чым праз 70 гадоў.

Салдацкі ордэн

З баявых фота глядзіць з далёкага 45-га сімпатычны юнак. Вось здымак, зроблены ва Усходняй Прусіі, дзе Максім Застрэлаў упэўнена трымае ў руках руль веласіпеда. Ветэран з усмешкай прыгадвае, што навучыцца ездзіць на ім дапамог кур'ёзны выпадак. Калі іх полк праходзіў цераз вызвалены Мінск, хлопцы на заводзе па вырабе веласіпедаў прыхапілі сабе двухколавы транспарт. Так лягчэй было пераадольваць дарогу. Праўда, калі камандзір гэта ўбачыў, прыйшлося хуценька пакідаць стальных коней.

Максім Навумавіч быў адчайным салдатам. На яго баявой гімнасцёрцы напрыканцы вайны блішчэла ўжо тры медалі — «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў» і ордэн Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені. Але самым каштоўным сярод салдат лічыўся менавіта медаль «За адвагу». Паміж сабой яны называлі яго салдацкім ордэнам.

Нашчадкі ганарацца сваім гераічным дзедам.  Ветэрану 94 гады, балячкі псуюць настрой, але ён як сапраўдны салдат не прывык скардзіцца на жыццё. Бо як ніхто іншы ведае яму цану.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Застацца ў жывых

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.