Вы тут

Колькі каштуе новая сукенка?


Колькі каштуе новая сукенка?

Яшчэ са школьных урокаў працы я запомніла: амаль кожная рэч у гардэробе павіна спалучацца з іншымі. Прытым, гэтых рэчаў не трэба шмат. Дастаткова мець дзве пары порткаў і тры кашулі, каб кожны дзень на працягу тыдня выглядаць па-новаму. Але як цяжка стрымацца ў краме перад прыгожай сукенкай ці стылёвай кофтай, асабліва вясной, калі хочацца хутчэй зняць шэрае, грувасткае адзенне і апрануцца ў яркае і лёгкае. Вядома, адна сукенка ў год – невялікая бяда, але частыя і імпульсіўныя пакупкі – удар не толькі па кашальку, а і па прыродзе.

Мабыць, кожны з такім сутыкаўся: адкрыў шафу і разумееш: надзець няма чаго. І першае, што прыходзіць у галаву, – пайсці ў краму за новымі рэчамі. Але ў апошні раз, калі такая думка ўзнікла, я вырашыла правесці “рэвізію” свайго гардэроба. І зрабіла цікавую выснову: гады чатыры, а то і пяць мне купляць нічога не трэба. Больш за тое, я знайшла шмат сукенак і спадніц, якія па розных прычынах мне не падыходзяць, але, хутчэй за ўсё, падыдуць камусьці іншаму. На шчасце, сёння ёсць месцы, дзе такімі рэчамі можна абмяняцца. Напрыклад, дабрачынны праект KaliLaska збірае адзенне, абутак, розныя аксесуары, кнігі і іншае ад жыхароў нашай краіны. Потым частку раздае тым, хто мае ў гэтым патрэбу: шматдзетным сем’ям, бяздомным, хворым – адным словам, людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Частку рэчаў прадаюць усім жадаючым, а атрыманыя грошы таксама ідуць на дабрачыннасць. На жаль, такі праект у Беларусі пакуль адзіны, аднак стары добры сэканд-хэнд ніхто не адмяняў.

Думаю, вы разумееце, чаму набываць шмат адзення – гэта дрэнна. На ўсялякі выпадак нагадаю: чым больш мы яго купляем, тым больш яго вырабляюць, адпаведна, больш атрымліваецца і адходаў. Эколагі падлічылі, што жыхары Германіі трацяць на рэчы каля 60 мільярдаў еўра і выкідваюць каля аднаго мільёна тон адзення ў год.

Аднак гэта далёка не адзіная праблема. Каб зменшыць цану, вытворцы выкарыстоўваюць танную рабочую сілу (дзяцей і дарослых з бедных краін), а таксама ненатуральную тканіну, прапітаную таксічнымі фарбавальнікамі і хімікатамі. А, напрыклад, сінтэтычнае адзенне – крыніца мікрапластыку. Так, пры кожным мыцці любімай кашулі з сінтэтыкі мы адпраўляем каля 700 мікравалокнаў у акіян. Мне падаецца, ніхто не захоча з’есці ці выпіць сваю кашулю, як бы яна ні падабалася!

Зараз уявіце, колькі рэсурсаў патрэбна, каб спачатку вырасціць расліну, з якой робяць тканіну, а потым ператварыць яе ў адзенне. Дык вось адна футболка “патрабуе” 2000 літраў вады. І я ўжо маўчу пра транспарціроўку.

Што нам рабіць?

1. Заўсёды купляйце толькі неабходнае адзенне і пажадана – у дабрачынных крамах ці сэканд-хэндах.

2. Дзяліцеся непатрэбнымі рэчамі з іншымі. Падумайце, колькі рэсурсаў мы зберажом і колькі людзей будуць удзячныя нам за дапамогу.

3. Калі ўсё ж вырашылі купіць адзенне ў звычайнай краме, абавязкова звяртаце ўвагу на склад тканіны, краіну вырабу і сертыфікаты.

4. Аддавайце перавагу толькі натуральным тканінам.

5. Беражліва стаўцеся да рэчаў, па магчымасці рамантуйце іх, а не адразу выкідвайце.

6. Паспрабуйце шыць адзенне самі – можа, у вас з’явіцца новае хобі!

Экаазбука

Мікрапластык – гэта мікраскапічныя пластыкавыя валокны ці гранулы, якія ўтвараюцца, калі распадаюцца больш буйныя кавалкі пластыку, напрыклад, пластыкавая бутэлька (другасны мікрапластык), ці часціцы, якія спецыяльна вырабляюць маленькімі і дадаюць у тавары для надання ім пэўных уласцівасцяў (першасны мікрапластык).

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.