Вы тут

Асаблівасці развіцця глыбінкі


Шчарчоўскі сельсавет знаходзіцца ў лясной мясцовасці. Кіраўнік сельвыканкама Віктар ВАНЕКА гаворыць, што большая палова іх тэрыторыі пакрыта лясамі. З галоўных славутасцяў сельсавета — Свята-Нікольскі жаночы скіт Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра. Сам манастыр знаходзіцца на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці — там ён не можа развівацца з прычыны абмежаванасці прасторы. Таму было прынята рашэнне будаваць скіт на мяжы Пружанскага і Камянецкага раёнаў побач з хутарам Вяжное, вядомым у акрузе гаючай крыніцай. А яшчэ тут ёсць вёска Стойлы, што засталася без свайго апошняга жыхара — вядомага майстра Мікалая Тарасюка, які ўвекавечыў сельскі побыт і родную зямлю ў драўляных фігурках. У вёсцы ёсць музей дзеда Тарасюка, пачаў зараджацца агратурызм.


Ле­а­нід Круп­ко і ра­бот­ні­цы Іры­на За­ла­та­ро­ва і На­тал­ля Ра­ма­нен­ка.

Камандзір бутэлечнага цэха

А раней жыццё Шчарчова вызначала буйная нават па мерках Савецкага Саюза вайсковая часць. Будынак КПП да гэтага часу стаіць на ўездзе ў населены пункт. Часць расфарміравалі не адразу з развалам Саюза. Вайскоўцы канчаткова з'ехалі адсюль недзе ў сярэдзіне 2000-х. Добраўпарадкаванне, санітарны стан тэрыторыі гарадка былі такімі, што камандзір часці ў свой час атрымаў за гэта ордэн.

— Мы з камандзірам хадзілі па тэрыторыі і ледзь не плакалі, калі ўсё вывозілі адсюль, думалі, паступова інфраструктура прыйдзе ў заняпад і зруйнуецца, як было з іншымі гарадкамі, — успамінае былы старшына вайсковай часці Леанід Крупко.

Але ж слязамі тут не паможаш, дапамагчы можна справай — цяпер Леанід Ігаравіч гэта добра ведае. У адной з былых казармаў зараз размяшчаецца цэх па вырабе ПЭТ-бутэлек, якім ён кіруе. Цэх уваходзіць у структуру таварыства з абмежаванай адказнасцю «Шляхецкая маёмасць». Праўда, згаданае ТАА стала не першым арандатарам гэтага памяшкання — да беларускіх прадпрымальнікаў тут пабывалі замежныя гастралёры. Тое, што засталося пасля іх, Леанід Крупко па-філасофску вызначыў так: «Лепш вам не ведаць. Мы доўга вычышчалі ўсё і прыводзілі ў парадак». Затым пэўную суму грошай інвестар уклаў у рамонт, мянялі электраправодку, іншыя камунікацыі.

Цяпер на першым паверсе абсталяваны цэх, у якім на адмысловым станку жанчыны-рабочыя выдзімаюць з загатовак пластыкавыя бутэлькі зададзеных параметраў. Загатоўкі купляюць у Магілёве. Працуюць у асноўным пад заказ харчовых камбінатаў, вінзаводаў. Нават манастыр аднойчы закупіў партыю тары для вады і квасу. Так што прадукцыя карыстаецца попытам. Пакуль цэх невялікі, яго штат налічвае шэсць чалавек.

— Усе людзі мясцовыя, работай задаволеныя, — расказвае кіраўнік вытворчасці. — Па тэхналогіі тэмпература ў цэху павінна быць 28 градусаў цяпла, такая падтрымліваецца ва ўсе поры года. Значыць, працуюць людзі ў цяпле. Зарплата ў нас вагаецца ў межах 400 рублёў, што для нашай мясцовасці даволі добры паказчык. І яшчэ, што асабліва ацэнена працаўнікамі, графік работы яны складаюць самі. Жанчыны, адправіўшы дзяцей у садок, у школу, прыходзяць на змену, якая доўжыцца восем гадзін. А калі пачынаць яе — у восем, палове дзявятай ці ў дзевяць — яны вырашаюць самі.

За дзень цэх выпускае да васьмі тысяч бутэлек. Пашыраць вытворчасць тут мяркуюць не толькі ў зададзеным кірунку. Цяпер «Шляхецкая маёмасць» вывучае перспектыву ўстаноўкі ў былой казарме халадзільнага абсталявання, якое дасць магчымасць замарожваць ягады. Тады будуць створаны новыя рабочыя месцы, колькасць работнікаў вырасце.

Лі­дзія Дрозд і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Вік­тар Ва­не­ка.

Уніформа пад заказ

Самае першае прадпрыемства, што ўзнікла ў Шчарчове на тэрыторыі былой вайсковай часці і паспяхова працуе да гэтай пары, — ТАА «Уніформа». Цэх па пашыве рабочай спецвопраткі адкрыў у будынку былой казармы брэсцкі прадпрымальнік у 2006 годзе. Рэканструкцыю вайсковых памяшканняў рабілі сваімі рукамі тыя, хто хацеў там працаваць. Пачыналі з простых узораў. Спачатку шылі рабочыя рукавіцы.

Цяпер прадпрыемства складаецца з двух асноўных цэхаў. У адным шыюць рабочы абутак, у другім — адзенне. У майстэрнях устаноўлена японскае, італьянскае, нямецкае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць вырабы высокай якасці. Кліентамі «Уніформы» сталі многія вядомыя ў нашай краіне вытворцы. Цяпер на прадпрыемстве працуе каля 60 чалавек. Частка з іх мясцовыя жыхары, другая частка ездзіць на работу з райцэнтра. Начальнік вытворчасці Таццяна ЦІТОК праводзіць у цэх па вырабе абутку. Увагу прыцягваюць белыя туфлі. Аказваецца, гэта гатовая партыя абутку для малочнага прадпрыемства. У такіх камфортна будзе хадзіць па цэхах малочнага завода. Тут таксама выпускаюць боты павышанай устойлівасці з металічным падноскам, здольныя абараніць канечнасць чалавека пры падзенні грузу. Ёсць самыя розныя мадэлі і ўзоры.

На другім паверсе аформлена экспазіцыя для заказчыкаў, на якой прадстаўлены розныя ўзоры адзення — ад стыльных сукенак гандлёвых работнікаў да касцюма зваршчыка, які вытрымае высокую тэмпературу.

Вытворчасць абутку, як вядома, справа даволі складаная. Але ў Шчарчове паспяхова асвоілі спецыяльнасці і мадэльераў, і шаўцоў. І паводле слоў Таццяны Ціток, «Уніформа» амаль поўнасцю працуе пад заказ.

Тац­ця­на Ці­ток дэ­ман­струе пар­тыю абут­ку.

Прадукцыя з драўніны

Калі «Уніформа» самае старое з прыватных шчарчоўскіх прадпрыемстваў, то ТАА «БелШпонДрэў» — самае новае. У памяшканнях ваеннага гарадка яно запрацавала з 2013 года. Гэта прыклад прамых замежных інвестыцый. Грамадзянін Турцыі Саід Дзюльгер адкрыў тут прыватнае замежнае прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны. Спачатку працавалі ўсяго тры чалавекі. Інвестар прыглядаўся да нашага заканадаўства і сітуацыі, улада на месцы прыглядалася да яго. І неўзабаве быў заключаны сумесны з аблвыканкамам інвестыцыйны праект «Мадэрнізацыя і рэканструкцыя ТАА «БелШпонДрэў» . Было ўкладзена 416 тысяч еўра інвестыцый, набытае абсталяванне для сушкі шпону, тэхніка. Цяпер прадпрыемства адпраўляе на экспарт не вільготную шпону, як было раней, а шпону высушаную, падрыхтаваную для мэблевай вытворчасці.

Дарэчы, на экспарт ідзе сто працэнтаў прадукцыі, спажыўцамі шпоны з Пружаншчыны з'яўляюцца кітайскія, польскія, турэцкія мэблевыя фірмы. Экспартныя паказчыкі раёну дапамагае выконваць менавіта гэта прадпрыемства, аб чым не без гонару паведамілі ў Шчарчове. На жаль, не ўдалося пагаварыць з кіраўніком і ўласнікам «БелШпонДрэва» Саідам Дзюльгерам, ён быў у ад'ездзе. Экскурсію для карэспандэнта правяла намеснік дырэктара Лідзія ДРОЗД.

Лідзія Іосіфаўна найперш падкрэсліла, што кіраўнік прасіў перадаць: Беларусь ён лічыць другой радзімай. А намеснік дырэктара вельмі ганарыцца сваім калектывам, які налічвае 19 чалавек. Амаль усе работнікі асвоілі сумежныя спецыяльнасці — яны ўзаемазамяняльныя. А такія, як Валерый Нічыпаровіч, Аляксандр Літвінаў, наогул універсальныя майстры. Яшчэ Лідзія Дрозд падкрэсліла, што гэта адзінае ў Беларусі прыватнае прадпрыемства, якое вырабляе шпону. Зарплата тут самая высокая з усіх прадпрыемстваў былога ваеннага гарадка. Працаўнікі атрымліваюць на рукі ад 500 да 600 рублёў.

На палях і ў садах

Старшыня сельскага Савета Віктар Ванека заўважае, што ўсе прыватныя структуры, зарэгістраваныя на тэрыторыі сельсавета, удзельнічаюць у грамадскім жыцці вёскі. Маецца на ўвазе спонсарская дапамога пры правядзенні мерапрыемстваў, свята вёскі і іншае. «БелШпонДрэў», хоць і самая маладая структура, таксама праяўляе актыўнасць.

Варта адзначыць, што адрасы прыватнай ініцыятывы ў Шчарчове не абмяжоўваюцца тэрыторыяй былога ваеннага гарадка. Не так даўно з'явілася адкрытае акцыянернае таварыства «Сады Прыбужжа». Фірма зарэгістравана ў Мінску. Пружанскі райвыканкам прапанаваў інвестарам зямлю, бізнесмены аформілі дакументы. Неўзабаве быў высаджаны сад. Дырэктар прадпрыемства Юрый ВАЯВОДАЎ кажа, што цяпер асноўнай іх прадукцыяй з'яўляюцца яблыкі, яшчэ вырошчваюць клубніцы і пекінскую капусту.

Аграном Анатоль Паўлючык паказаў плантацыю яблынь. Сад зараз займае плошчу 20 гектараў. Дрэўцы літаральна праз дзень-два пакрыюцца квеценню. Пастаянна ў садзе занята некалькі чалавек. Летам па працоўным дагаворы наймаюцца іншыя работнікі. Прадукцыя ідзе на экспарт у Расію. Як відаць, «Сады Прыбужжа» асталяваліся тут надоўга. Сведчаннем таму ўчастак пад забудову, які атрымала прадпрыемства. Тут будуць узводзіць дамы для работнікаў.


Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай КУДРАВЕЦ:

— Шчарчоўскі сельсавет, асабліва вёска Шчарчова з насельніцтвам ў 450 чалавек, сапраўды з'яўляецца прыкладам развіцця прыватнай ініцыятывы. Акрамя шэрагу прадпрыемстваў, тут ёсць фермерская гаспадарка, працуюць прадпрымальнікі-кавалі. Яны адкрылі майстэрню па мастацкім каванні і выконваюць заказы для гарадскіх кліентаў. Адзін вясковы жыхар зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, узяў у арэнду невялікае памяшканне ўсё таго ж ваеннага гарадка і аказвае паслугі па мантажы шын. Так што названы сельсавет можа служыць пэўным арыенцірам для іншых у тым, як развіваць прадпрымальніцтва на сяле. Там сёння няма беспрацоўных, кожны, хто хоча, можа знайсці работу. На некаторыя вытворчасці людзей нават падвозяць з райцэнтра.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: Адрасы прыватнай ініцыятывы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.