Вы тут

У Беларусі пройдуць экалагічныя акцыі


З красавіка да кастрычніка ў Беларусі будуць праходзіць экалагічныя акцыі і мерапрыемствы: «Зробім!», «Тыдзень лесу», «Чысты двор», «Адновім зямлю разам», «Дапамажы прыродзе справай», «Чысты бераг», «Чысты вадаём», а таксама суботнікі, конкурсы і г. д. Іх асноўная мэта — прыцягнуць як мага больш людзей да навядзення парадку на зямлі. Менавіта таму да ўдзелу запрашаюцца органы дзяржаўнага кіравання, установы адукацыі, грамадскія арганізацыі і прадпрыемствы, а таксама ўсе неабыякавыя і зацікаўленыя грамадзяне.


Дзмітрый Шунькін падчас правядзення рэйду па прыбярэжнай паласе.

Вялікую экалагічную кампанію «Уладкуем малую радзіму» распачаў і прыняў у ёй актыўны ўдзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык — з акцыі па ўборцы і азеляненні Парку камянёў у Мінску:

— Нягледзячы на тое, што наша Радзіма светлая і чыстая, яшчэ ёсць дзе прыкласці намаганні, — адзначыў міністр.

На жаль, звалкі ў гарадскіх межах з'яўляюцца, асабліва ў месцах адпачынку. Аб гэтым расказаў (і наглядна прадэманстраваў падчас чарговага рэйду) начальнік аддзела аператыўнага кантролю па Заводскім, Кастрычніцкім, Савецкім раёнах Мінскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Шунькін:

—У Кастрычніцкім раёне каля невялічкай ракі Лошыца збіраецца шмат смецця, і гэта не толькі шклянкі, бутэлькі і іншыя «прадукты жыццядзейнасці турыстаў». Тут і разрэзаны кабель, і будаўнічыя рэшткі, — апошнія з'яўляюцца з-за разбурэння моста.

Нагадаем, што ў прыбярэжнай паласе забаронена будаўніцтва практычна ўсіх аб'ектаў у 30-метровай зоне. А беспарадку не павінна быць не толькі ў водаахоўнай паласе, а наогул на тэрыторыі горада. Адходы неабходна своечасова прыбіраць, інакш будзе накіраваны адпаведны ліст Мінскзелянбуду. На прывядзенне тэрыторыі ў парадак даецца некалькі дзён. У выпадку невыканання прадстаўнік установы будзе выкліканы ў інспекцыю для дачы тлумачэнняў, а далей прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

«Сляды» жыццядзейнасці чалавека...

У параўнанні з мінулым годам колькасць смецця ў горадзе значна зменшылася. Тым не менш хутка адкрыецца пляжны сезон, людзі пачнуць масава наведваць водныя аб'екты. Камунальныя службы, гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікаюць адпачывальнікаў не пакідаць смецце ў месцах адпачынку і не паркаваць аўтамабілі ў прыбярэжнай паласе.

— Апошнім часам колькасць такіх правапарушэнняў таксама зменшылася, думаю, уплываюць пакаранні. Даволі лёгка знайсці ўладальніка машыны каля возера ці ракі. Рэйды з міліцыяй будуць праводзіцца і ў гэтым сезоне — для таго, каб прадухіляць транспартныя заезды на пляж. Цяпер усюды ставяцца загараджальныя прылады, чырвоныя слупы. Іх наяўнасць дазволіла прадухіліць не толькі забруджванне водных аб'ектаў, але і няшчасныя выпадкі. За смецце каля прыбярэжнай паласы часцей за ўсё адказваюць камунальныя службы, якія замацаваны за гэтым участкам. Адказнасць за несанкцыянаванае выкідванне адходаў прадугледжвае папярэджанне або штраф ад 5 да 50 базавых на фізічную асобу, і да 1000 базавых на юрыдычную, — нагадаў начальнік аддзела аператыўнага кантролю.

Работнікі, якія ажыццяўляюць кантроль, аглядаюць вялікія гарадскія тэрыторыі (у тым ліку дваравыя і паркавыя), даюць прадпісанні, рэкамендацыйныя лісты. Паводле апошніх даных, небяспечных адходаў (ртутныя лямпы, акумулятары і іншыя) у водаахоўнай зоне не выявілі, але за мінулы год толькі па Мінску было выпісана каля 400 пратаколаў.

— Рэйд па кантролі за навядзеннем парадку на зямлі ў прыбярэжных і водаахоўных зонах водных аб'ектаў мы будзем ажыццяўляць разам з міліцыяй з мая да канца жніўня. Звычайныя парушэнні, з якімі мы часцей за ўсё сутыкаемся, — несанкцыянаваныя стаянкі, выкідванне адходаў у прыбярэжных палосах. Што датычыцца забруджвання водаў, то, калі ёсць сігнал паступлення, напрыклад нафтапрадуктаў, наш камітэт выстаўляе рахунак за шкоду, нанесеную водным аб'ектам, — адзначыў Дзмітрый Шунькін. — Пры выяўленні смецця не толькі ў прыбярэжных зонах, але і ў сваіх дварах можна звяртацца ў тым ліку і да нас — абыходжанне з адходамі знаходзіцца і ў нашай кампетэнцыі.

Вольга ПРАЛЮК

Загаловак у газеце: Бераг пад кантролем

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.