18 верасня, пятніца

Вы тут

Будынак у Смаргоні працягвае разбурацца з 90-х гадоў


Карпусы былога домабудаўнічага камбіната ў Смаргоні з 90-х гадоў працягваюць разбурацца.

У Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці зацікавіліся лёсам завода. І адразу ўзніклі пытанні. Напрыклад, як здарылася, што будынкі былога камбіната, а іх больш за 20, ні разу не выстаўляліся на аўкцыён? Чаму ў бюджэт не паступае арэндная плата і падаткі на зямлю і нерухомасць?


Як высветлілася, завод буйнапанэльнага домабудавання быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1990 годзе, але ўжо праз чатыры гады стаў банкрутам і быў ліквідаваны. Для захавання маёмасці, а гэта 14 будынкаў, 7 збудаванняў і 11 адзінак абсталявання, было створана рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Надзея». Частка будынкаў пачала здавацца ў арэнду.

Каб не прастойвалі астатнія памяшканні, былы завод у пачатку 2000-х гадоў перавялі ў абласную камунальную маёмасць і зарэгістравалі як прадпрыемства па здачы ў арэнду. Права на зямлю і збудаванні заставаліся за былым уласнікам. «Надзея» ператварылася ў «Смаргонскую Надзею». Але і гэта не прынесла пэўных змен. Новыя арандатары так і не з'явіліся, а частку аб'ектаў наогул схавалі ад уліку і падаткаў.

— З-за часткова арандаваных плошчаў складвалася бачнасць паспяховага прадпрыемства, — канстатуе начальнік аддзела кантролю дзяржаўнай маёмасці КДК Гродзенскай вобласці Дзмітрый Палівёнак. — Кіраўнік і галоўны бухгалтар атрымлівалі значную зарплату, прэміі і іншыя выплаты, у тым ліку ўзнагароджванні па выніках гадавога развіцця прадпрыемства. Адзіным паказчыкам работы з'яўляўся план па арэндзе часткі плошчаў, які дырэктар сам сабе і зацвердзіў. А вось пустуючыя аб'екты ў справаздачу не заносілі, графікі ўцягнення ў гаспадарчы абарот не складалі. Адпаведна, і аўкцыёны па іх не праводзіліся.

Будынкі былога камбіната працягваюць разбурацца. Сетка цэнтральнага ацяплення не працуе. На працягу многіх гадоў часткова не працуюць электрычныя і водаправодныя сістэмы. І ніхто не звяртае ўвагі на прастой значнай часткі былога завода, адзначае супрацоўнік дзяржкантролю.

А між тым толькі за 2015—2017 гады прадпрыемствам «Смаргонская Надзея» ў выніку ўтойвання аб'ектаў нерухомасці не выплачаны падатак на нерухомасць у памеры каля 50 тысяч рублёў.

Таму дзяржкантролем вынесена рашэнне аб спагнанні гэтай сумы. Матэрыялы праверкі накіраваны старшыні аблвыканкама, а таксама ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК.

Па словах супрацоўніка дзяржкантролю, гэтая справа будзе накіравана ў суд для далейшага разгляду.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Не арандуюць і не купляюць...

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.