20 Верасень, чацвер

Вы тут

Магілёў працягвае рыхтавацца да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Мерапрыемства такога ўзроўню — справа адказная. Да канца верасня, на які прызначана яго правядзенне, горад павінен адчувальна папрыгажэць. Будуецца парадная лесвіца з фантанамі, па якой можна будзе спусціцца ў Падмікольскі парк. На ўездзе ў Магілёў з боку Мінска амаль гатова трыумфальная арка. Рыхтуюцца пляцоўкі для прыёму высокіх гасцей, але канчатковы варыянт, дзе што будзе адбывацца, пакуль не агучваецца. У Магілёўскім аблвыканкаме паказалі праект праграмы форуму на канец сакавіка. Адразу ж звярнула ўвагу на тое, што ў параўнанні са студзеньскім варыянтам (калі «МС» ужо звярталася да гэтай тэмы) ёсць змены. І, як папярэджваюць арганізатары на месцах, яны могуць быць не апошнія.


Мі­ка­лай Мі­ха­ле­ня: У «Магілёўліфтмаша» з Ра­сі­яй цес­нае су­пра­цоў­ніц­тва.

Вялікая будоўля

Работа кіпіць на шматлікіх пляцоўках, якія плануецца задзейнічаць у рабоце форуму.

Для падвядзення яго вынікаў і правядзення пленарнага пасяджэння з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціны Матвіенкі разглядаецца пляцоўка Палаца культуры вобласці. Зараз там вядзецца маштабная рэканструкцыя. Плануецца замяніць дах, зрабіць капрамонт канцэртнай залы і ўстанавіць сучаснае абсталяванне. Абяцаюць, што ўнікальная акустыка залы, якая ўмацоўваецца з дапамогай спецыяльных трубак у сценах, захаваецца. (Артысты заўсёды адзначаюць, наколькі якасны тут гук.)

Наводзіць глянец гістарычная вуліца Ленінская — Вялікая Садовая: плануецца асвяжыць фасады яе дамоў, добраўпарадкаваць прылеглыя да іх тэрыторыі. Вядуцца работы па добраўпарадкаванні парка Падміколле з будаўніцтвам веласіпедных і пешаходных дарожак, зон адпачынку. На капрамонце знаходзіцца галоўная плошча — Славы, дзе будуць абноўлены стэла і барэльефы, а саму плошчу вымасцяць гранітнай пліткай.

Гіс­та­рыч­ная ву­лі­ца Ле­нін­ская ста­не яшчэ больш пры­гожай.

Лічбавая эканоміка

Плануецца, што адно з секцыйных пасяджэнняў адбудзецца менавіта на «Магілёўліфтмашы». Падрыхтоўка да форуму тут ідзе поўным ходам. Асфальтуюцца дарогі, добраўпарадкуюцца зялёныя зоны, рамантуюцца памяшканні. «Плануецца, што ў рабоце секцыі «Лічбавая эканоміка: перспектывы і развіццё» прыме ўдзел каля 60 чалавек, — удакладняе намеснік генеральнага дырэктара «Магілёўліфтмаша» Мікалай Міхаленя. — Напрыканцы красавіка прысутнічаў на пасяджэнні ў Савеце Рэспубліцы, дзе на чале з сенатарам Уладзімірам Панцюховым абмяркоўваўся працэс падрыхтоўкі прадпрыемства да форуму. Ужо да ліпеня неабходна цалкам падрыхтавацца.

Мікалай Міхаленя праводзіць невялічкую экскурсію па тых месцах, якія збіраюцца паказаць удзельнікам форуму. Завяршаецца рэканструкцыя залы пасяджэнняў. Яшчэ нядаўна яна нагадвала пра савецкі перыяд, а зараз гэта цалкам сучаснае памяшканне. Сцены, вокны, столь — ужо атрымалі новае аблічча. Засталося зрабіць падлогу, прыбраць смецце і паставіць сучаснае абсталяванне. Праз тыдзень можна будзе пачаць яго мантаж, а потым плануецца непасрэдна заняцца сталовай.

Намеснік генеральнага дырэктара звяртае ўвагу на пакуль пустуючую агароджаную пляцоўку за акном. Там будзе ўстаноўлена шмат'ярусная паркоўка ў шэсць паверхаў. Такія паркоўкі асабліва выгадныя для гандлёвых цэнтраў, вакол якіх не хапае месцаў для машын. Кліенту выдаецца чып, ён заганяе транспарт унутр, вароты зачыняюцца і машына падымаецца на любы паверх. Распрацоўка ўнікальная, такога ў краіне яшчэ няма.

— Падчас работы секцыі плануецца падпісанне кантрактаў як паміж краінамі, так і, магчыма, паміж нашым прадпрыемствам і расійскімі прадстаўнікамі, — кажа Мікалай Міхаленя. — У нас ёсць новая прадукцыя — ліфты без машыннага аддзялення, травалатары — пасажырскія канвееры і шмат чаго не менш цікавага. Тэрмін эксплуатацыі нашага ліфта — 25 гадоў, гарантыя — два гады. Цяпер стаіць задача падоўжыць гэтыя тэрміны да 30 і 5 гадоў адпаведна.

«Магілёўліфтмаш» — прадпрыемства адносна маладое, 52 гады таму было пабудавана ў прамым сэнсе слова ў чыстым полі. Зараз яно дынамічна развіваецца і радуе сваімі поспехамі.

У му­зеі МДУ імя А. Ку­ля­шо­ва.

Традыцыі і навацыі

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова, дзе плануецца работа яшчэ адной секцыі, адна з найстарэйшых вышэйшых навучальных устаноў краіны — сёлета ён адзначае 105 гадоў з моманту свайго заснавання.

— Наш універсітэт адзін з найважнейшых культурна-адукацыйных цэнтраў, які рыхтуе спецыялістаў для сацыяльнай сферы — педагогаў, эканамістаў, юрыстаў, — кажа прарэктар па вучэбнай рабоце Уладзімір Ясеў. — У нас заключана больш як 40 дагавораў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі розных краін, у тым ліку Расіяй. Магілёўская вобласць мяжуе з расійскімі рэгіёнамі, і мы актыўна супрацоўнічаем са смаленскімі і бранскімі партнёрамі, удзельнічаем у сумесных мерапрыемствах, абменьваемся вопытам.

Навукоўцы, выкладчыкі, студэнцкі актыў гатовыя да таго, каб абмеркаваць з расійскімі калегамі агульныя тэмы і праблемы. І вельмі спадзяюцца не толькі замацаваць старыя кантакты, але і завязаць новыя, выйсці на больш высокі ўзровень міжнародных стасункаў.

Да форуму плануецца цалкам абнавіць універсітэцкі музей. «Новая канцэпцыя ўжо ўзгоднена, засталося яе рэалізаваць, — кажа прарэктар. — Збіраемся адлюстраваць гісторыю наогул усёй сістэмы адукацыі ў Магілёўскім рэгіёне».

Будзе таксама абноўлена і дапоўнена фотагалерэя з ліку найлепшых выкладчыкаў, студэнтаў і аспірантаў, якую можна пабачыць па дарозе да канферэнц-залы, дзе плануюць правесці пасяджэнне.

Ула­дзі­мір Ясеў са сту­дэнт­ка­мі аб­мяр­коў­вае тэ­мы да бу­ду­ча­га фо­ру­му.

Музей еўрапейскага ўзроўню

Музей В. Бялыніцкага-Бірулі, дзе пакуль працягваецца рэканструкцыя, адзін з тых аб'ектаў, які абавязкова наведаюць высокія госці. Будаўнічыя работы тут амаль скончаны, наперадзе музеефікацыя аб'екта.

— Ужо распрацаваны і зацверджаны дызайн музейных памяшканняў, — паведаміла загадчыца філіяла Нацыянальнага мастацкага музея "Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі" Святлана Строгіна. — Збіраемся напоўніць унутраную прастору той прыгажосцю, якая павінна быць у музеі такога тыпу. Пасля рэканструкцыі ён зможа прымаць выставы еўрапейскага ўзроўню. Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне, якое забяспечвае ў памяшканнях неабходны музейны клімат-кантроль. Падчас работы форуму ў яго сценах адкрыецца выстава «Скарбы жывапісу» з фондаў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Гэта мастацкія творы блізкіх сяброў Бялыніцкага-Бірулі — Ісака Левітана, Мікалая Багданава-Бельскага, Аляксандра Маравава, Станіслава Жукоўскага, Ігара Грабара, Фёдара Мадорава, Аляксея Сцяпанава і іншых.

Трэці паверх стане шыкоўнай пляцоўкай для музейных заняткаў, лекцый, розных сімпозіумаў. Апаратура, якая будзе тут устаноўлена, дазволіць праводзіць анлайн-канферэнцыі на самым высокім узроўні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Магілёў наводзіць глянец

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.