Вы тут

Мікалай Шарснёў: Будучыня за інтэграцыйнымі структурамі


Старшыня Віцебскага аблвыканкама падчас прэс-канферэнцыі расказаў пра тое, якой бачыць будучыню сельскай гаспадаркі, як на вёсцы замацаваць кадры, пра рамонт дарог і іншае.


Справы вёскі

Разважаючы пра сельскагаспадарчую галіну, старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што чатыры створаныя аграрныя холдынгі (віцебскі, глыбоцкі, аршанскі, полацкі) працуюць і развіваюцца эфектыўна.

— На сёння кожны мае больш за 70 тысяч гектараў раллі. У іх склад увайшлі буйныя свінакомплексы, комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы, — адзначыў губернатар.

Адпаведны ўказ Прэзідэнта дазволіў аб'яднаць у адно цэлае вытворчасць, перапрацоўку і рэалізацыю гатовай прадукцыі. Такім чынам, з'явілася магчымасць працаваць па прынцыпе «ад поля да прылаўка».

Далучэнне стратных гаспадарак да гэтых інтэграцыйных структур дазваляе падтрымаць іх. Бо тут цэнтралізавана купляюцца новая тэхніка, угнаенні, паліва, вырашаюцца кадравыя пытанні.

Дарэчы, наконт кадраў. У чарговы раз губернатар агучыў гэтую праблему. Напрыклад, у акадэміі ветэрынарнай медыцыны каля 70 % студэнтаў — гараджане. Наўрад ці яны мараць працаваць у глыбінцы. Таму неабходна, каб у навучальных установах аграрнага профілю вучылася больш прадстаўнікоў вясковай моладзі. А для замацавання іх на першых працоўных месцах, плануецца значна павысіць ім заробкі. У прыватнасці, «Звязда» ўжо паведамляла, што ўжо зроблена ў жывёлагадоўлі, каб работнікі маглі зарабіць удвая больш.

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, потым аналагічны падыход будзе рэалізаваны і па іншых напрамках сельскагаспадарчай вытворчасці. А далей — у іншых сферах: медыцыны, адукацыі і г. д. Плануецца вызначыць прыярытэтныя спецыяльнасці, запатрабаваныя на рынку працы.

Але кадры павінны адпавядаць сучасным рэаліям прафесійных патрабаванняў. Таму акцэнт падчас навучання робіцца на павелічэнне колькасці практычных заняткаў. Напрыклад, на пасяўную запрасілі каля 700 будучых механізатараў. Наогул, калі раней практыка ў іх доўжылася пяць тыдняў, цяпер — 2,5 месяца.

— Чаму дзяўчына за тры месяцы на курсах атрымлівае пасведчанне кіроўцы, а хлопца на механізатара вучым
2,6 года? Пры гэтым ён не ведае новай тэхнікі, сельскагаспадарчых агрэгатаў? — разважае Мікалай Шарснёў.

Трэба карэнным чынам мяняць падыходы ў навучанні, лічыць кіраўнік вобласці.

Што датычыцца збыту, на думку губернатара, у перспектыве павінна працаваць адна кампанія, якая павінна прадстаўляць сельскагаспадарчую прадукцыю вобласці. Гэта дазволіць эфектыўна канкурыраваць, каардынаваць работу асобна ўзятых прадпрыемстваў, каб яны не перашкаджалі адзін аднаму ў пошуку спажыўцоў.

Дарогі трэба рамантаваць

Губернатар адказаў і на пытанне наконт рамонту дарог. Сёлета і ў наступныя пару гадоў прадугледжваецца рамонт амаль тысячы кіламетраў. Віцебшчына — адзіная вобласць у краіне, дзе дарога ў бок сталіцы не адпавядае сучасным патрабаванням.

— І ўвогуле, да Оршы трэба таксама пракласці сучасную дарогу, — падзяліўся думкамі губернатар.

Таксама ён закрануў тэму развіцця турыстычнай інфраструктуры. У прыватнасці, у вобласці каля дзвюх тысяч азёр.

— А на якое можна прыехаць з сям'ёй, каб адпачыць культурна: пакатацца на лодцы, пазагараць у добрых умовах? У гэтым пытанні яшчэ шмат чаго трэба зрабіць! — адзначыў губернатар.

Каб прыцягнуць інвестараў у турыстычную галіну, трэба стварыць інфраструктуру, упэўнены старшыня аблвыканкама, напрыклад, добраўпарадкаваць прыбярэжныя тэрыторыі.

Ён нагадаў, што на Віцебшчыне колькасць аграрных сядзіб перавышае 600. І яны вельмі запатрабаваныя землякамі і гасцямі з іншых абласцей, з замежжа.

— Прэзідэнт асабіста заклікаў развіваць сельскі турызм. І каб гаспадары плацілі мінімальны падатак. Час паказаў, што быў выбраны правільны падыход у гэтым кірунку, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.