24 Май, чацвер

Вы тут

Выбіраем беларускія сарты бульбы


На жаль, цяжка прадбачыць, якім будзе гэты агародны сезон, але, калі ўлічыць парады вучоных, можна вырасціць добры ўраджай, нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е.


— Пры вырошчванні бульбы трэба прытрымлівацца традыцыйных патрабаванняў. Так, садзіць яе трэба, калі тэмпература глебы вышэй за сем градусаў, яна павінна прагрэцца на глыбіню пяць сантыметраў і болей. Сёлета зямля ў многіх раёнах пераўвільготненая. Спорныя дажджы былі ўвосень і вясной, ды зімой дастаткова падсыпала снегу. І зараз водныя запасы даволі нядрэнныя. Гэта вельмі добра для сельскай гаспадаркі. Будзе вільгаць — будзе і ўраджай, — упэўнены загадчык лабараторыі тэхналогій вытворчасці і захоўвання бульбы Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Дзмітрый ФІЦУРА.

— Што павінен улічыць гаспадар, у якога на ўчастку лішак вады?

— Калі глеба пераўвільготненая, лепш пачакаць. Пры магчымасці адвесці ваду па барознах. Абавязкова рабіць градкі — тады глеба будзе хутчэй прасыхаць, прагравацца.

Вельмі важна, каб зямля прасохла. Калі паспяшацца з пасадкай на сырых участках, можна сутыкнуцца з рознымі праблемамі — найперш гэта загніванне клубняў, развіццё хвароб. А калі бульбу пасадзіць у халоднае надвор'е, можа праявіцца рызактаніёз. А ў гэтыя цёплыя майскія дні трэба паскорыць пасадку бульбы.

— Як зразумець, што гэта хвароба ёсць на ўчастку?

— На парастках з'яўляюцца язвы, пашкоджанні карычневага, чорнага колеру. Ідзе тармажэнне, пашкоджанне ўсходаў, яны не дружныя.

— І што варта зрабіць, каб папярэдзіць такую бяду?

— Трэба праграваць клубні перад пасадкай — на балконе, на верандзе, у хляве высыпаць на салому, там, куды трапляе рассеянае святло, патрымаць на сонцы. І сёння многія выкарыстоўваюць такі добры агратэхнічны прыём для загартоўвання бульбы перад пасадкай. Калі ёсць магчымасць, добра азеляніць пасадачны матэрыял. Клубні павінны быць сухія, з вочкамі, якія ўжо прарастаюць. Парасткі могуць быць каля пяці міліметраў. Калі яны даўжэйшыя, трэба быць асцярожнымі, каб не абламаць іх пры пасадцы.

І, зразумела, трэба правесці нарэзку зямлі, прычым градкі рабіць хоць бы за 2-3 дні перад пасадкай. Яны ствараюцца акучнікам (зараз людзі карыстаюцца малагабарытнай тэхнікай: разлічнымі культыватарамі, мотаблокамі, мінітрактарамі), калі ж гэтага няма — матыкай.

Калі глеба лёгкая, можна садзіць бульбу на глыбіню да 10 см. А калі больш звязная, суглінак — 6-8 см. У перыяд вегетацыі мы рэкамендуем рабіць адну-дзве міжрадковыя апрацоўкі. Калі ўсходы дружныя, можна зрабіць адну апрацоўку, каб стварыць больш высокую градку. Так задаюцца добрыя ўмовы для фарміравання ўраджаю, адначасова праводзіцца барацьба з пустазеллем. Акрамя таго, пры акучванні ўсходаў ідзе і абарона клубняў новага ўраджаю ад фітафтарозу.

— Калі людзі садзяць бульбу на новым участку, дзе доўга нічога не вырошчвалася, адкуль там з'яўляецца фітафтора?

— Інфекцыя пераносіцца ветрам, пры дажджы споры змываюцца з ліста на глебу, а пасля пранікаюць углыб на клубні. Таксама ў зямлі могуць быць шкодныя мікраарганізмы, многа штамаў паршы, розных гніляў, захворванняў.

— А як засцерагчы бульбу ад паршы?

— Лепш за ўсё выбіраць сарты, устойлівыя да паршы. Іх даволі многа: Скарб, Брыз, Палац, Лель, Журавінка, Вектар, Волат. Парша праяўляецца ў засушлівае надвор'е. І, каб пазбегнуць яе, трэба праводзіць арашэнне. Асабліва важна, каб зямля не была сухой у чэрвені, пачатку ліпеня, калі пачынаецца цвіценне, ідзе фарміраванне клубняў. І хоць бульба — культура спёка- і засухаўстойлівая, у такі час яна патрабавальная да вільгаці. Калі яе паліваць, лепш будуць завязвацца клубні.

— Сёння мала гавораць пра альтанарыёз, але зараз ён не менш агрэсіўны, чым фітафтора. Як адрозніваць гэтыя захворванні?

— З пацяпленнем клімату альтанарыёз становіцца даволі распаўсюджаным і шкодным захворваннем для бульбы. Калі надвор'е сухое і спякотнае, альтанарыёз з'яўляецца нават раней, чым фітафтароз. Хоць у адзін з гадоў апошні быў зафіксаваны нават у канцы мая ў прыватным сектары. У фітафтарозу мучністы (белы, «ватны») налёт на тыльным баку ліста. Пры альтанарыёзе вы заўважыце на ліставой пласцінцы канцэнтрычныя кругі карычневага колеру. У фітафтарозу ёсць дзве формы: сцябловая і ліставая. Альтанарыёз, як правіла, пашкоджвае лісты, а пасля пераходзіць на сцябло. У мэтах прафілактыкі фітафтарозу мы рэкамендуем праводзіць апераджальныя апрацоўкі пры вышыні раслін каля 20 сантыметраў. Ёсць даволі эфектыўныя кантактна-сістэмныя прэпараты, якія абараняюць расліну і звонку, і знутры. Трэба толькі своечасова праводзіць апрацоўкі, каб паміж імі не было вялікіх інтэрвалаў, і пачынаць абарону да таго, як хвароба з'явіцца на расліне. Калі ўпусціць дзень-два, фітафтора можа праявіцца, пачаць распаўсюджвацца, і яе цяжка ўтрымаць. А вось супраць альтанарыёзу, на жаль, прэпаратаў не так многа, і яны недастаткова эфектыўныя.

Журавінка.

— Як хутчэй атрымаць ураджай?

— Зразумела, укрыццё спанбондам — гэта дадатковыя выдаткі. Каб хутчэй атрымаць маладую бульбу, самае простае, што можна параіць, — прарошчванне, праграванне і пасадка ў раннія аптымальныя тэрміны. Важна вызначыцца з пасадачным матэрыялам (можна парэкамендаваць раннія сарты Палац, Маніфест, з навінак — Першацвет). Калі вы робіце ўсё, каб хутчэй атрымаць новы ўраджай, ёсць вялікая верагоднасць пазбягання фітафтарозу. Гэта хвароба не такая страшная для ранніх сартоў. Але мы назіралі, што раннія сарты недастаткова ўстойлівыя да фітафторы. І калі лета вільготнае, моцныя дажджы і туманы, яна можа праявіцца.

— Прэпараты накшталт «экасілу» паскараюць рост бульбы?

— Падобныя прэпараты — гэта імунамадулятары, стымулятары з фунгіцыдным дзеяннем, яны могуць даваць абарончы эфект пры неспрыяльных умовах надвор'я. Трэба сказаць, што пры добрым забеспячэнні вільгаццю і элементамі сілкавання расліны больш здаровыя і ўстойлівыя да інфекцый. Зразумела, такая агародніна развіваецца хутчэй, чым тая, што хварэе.

— Чым «падкарміць» бульбу?

— Мы рэкамендуем абавязкова ўносіць для балансу гумусу ў глебе мінімальную колькасць арганікі — 15 тон (а лепей і 20) на гектар. Калі няма гною, трэба па магчымасці шукаць іншыя крыніцы арганічнай сыравіны — тое ж апалае лісце, з пустазелля рабіць кампост. Калі і такога няма, патрэбны мініральныя ўгнаенні. Мы рэкамендуем уносіць азот (да 120 кг на гектар), фосфар (хоць бы 40—60 кілаграмаў), калій (120—180 кілаграмаў). У перыяд вегетацыі неабходна рабіць пазакаранёвыя падкормкі, разводзіць у вадзе карбамід (з разліку на гектар 2-3 кілаграмы), дадаваць мікраэлементы: бор, медзь, марганец.

Рагнеда.

— А як атрымаць экалагічна чыстую прадукцыю?

— Трэба весці падбор сартоў, устойлівых да хвароб, перш за ўсё фітафтарозу. Так, з ранніх сартоў — гэта Лілея, з сярэдняпозніх Рагнеда, Здабытак, Волат, Атлант, Акцэнт. Можна карыстацца біялагічнымі прэпаратамі. Напрыклад, адзін з такіх «Ксантрэл» (распрацоўка Інстытута мікрабіялогіі) прымяняецца і супраць каларадскага жука, і супраць фітафтарозу. У барацьбе з фітафторай дапамогуць «Бактафіт», «Фітаспарын». Але трэба ўлічваць, што такія прэпараты неабходна рэгулярна выкарыстоўваць, калі надвор'е спрыяе развіццю хвароб.

— Сёння гаспадары ўсё часцей гавораць пра пасадкі ў салому. Як вы ставіцеся да падобных парад?

— Салома ці сена — матэрыял для мульчыравання глебы, так ствараецца мікраклімат для фарміравання і развіцця клубняў, а яшчэ — гэта і барацьба з пустазеллем. Але эксперыменты з саломай — гэта больш справа аматараў. На жаль, у вытворчасці мы гэта не прымяняем і не даследуем, бо такія падыходы малаверагодныя для масавага ўкаранення і тым больш прамысловага (гаспадаркі вырошчваюць бульбу на плошчах у 200—400, а часам і каля тысячы гектараў).

Лілея.

— Калі вегетацыйны перыяд зноў будзе такім даждлівым, як у мінулым годзе, што можна зрабіць, каб не страціць ураджай?

— Мы праводзім даследаванні па ўстойлівасці сартоў да пераўвільгатнення і засухі. Затапляем расліны бульбы ў розныя фазы (бутанізацыі, цвіцення і перад выспяваннем). Асабліва бульба адчувальная да пераўвільгатнення ў фазу бутанізацыі. Калі вада стаіць на пасадках некалькі дзён, яны моцна пашкоджваюцца. Бывае, ураджай істотна губляецца ці наогул гіне. Па магчымасці трэба старацца адводзіць ваду. Рабіць пасадкі на больш высокіх месцах.

— Што варта зрабіць, каб бульба добра захоўвалася?

— Пажадана капаць бульбу ў сонечнае надвор'е ці ў час, калі няма дажджоў. А калі ліе многа дзён запар, хоць бы выбраць «фортачку», калі дождж спыніўся. Гэта вельмі важна. Тады хоць пры выкапцы клубняў іх не залье зверху. Выбраную вільготную бульбу можна перанесці пад навес, каб прасохла. Тады яна можа і паляжаць...

Калі ж ураджай вы ўбралі ў дождж і паклалі бульбу мокрай, захаваць яе будзе праблематычна.

Здабытак.

— Падкормкі могуць спрыяць таму, што бульба будзе ляжаць доўга?

— Лічыцца, што борныя ўгнаенні ўплываюць на трываласць лупіны клубня, збалансаванае сілкаванне важна для фарміравання ўраджаю і нармальнага захоўвання. А вось пры лішку азотных угнаенняў могуць быць праблемы. Азот павялічвае перыяд вегетацыі, магчыма і пагаршэнне лёжкасці клубняў. Трэба ўмець абыходзіцца з угнаеннямі. Калі бацвінне слабае (бывае, што глеба бедная), рэкамендуецца праводзіць падкормку азотнымі ўгнаеннямі. Трэба рабіць гэта да перыяду цвіцення, а пасля дадатковыя падкормкі праводзіць не варта. Бацвінне, як правіла, да гэтага часу добра развіта, мы больш яго топчам.

— Ці з'явіцца ў нас на сталах фіялетавая бульба?

— Сёння аматары цікавяцца такімі сартамі, і, магчыма, з цягам часу падобная прадукцыя зойме пэўную нішу. Вучонымі вядзецца актыўная работа па стварэнні бульбы з каляровай мякаццю. Ужо маем многа ўзораў з рознымі адценнямі ружовага, фіялетавага, чырвонага, ёсць і варыянты з украпінамі жоўтага колеру. Я бачыў, якія атрымліваюцца чыпсы з такой бульбы, — знешне вельмі нагадваюць каўбасу. Каляровая бульба падыдзе для прыгатавання салатаў, гарніраў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Журавінка, Лілея, Першацвет...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Малады ўрач хуткай дапамогі пра цану жыцця і прафесійную загартоўку

Малады ўрач хуткай дапамогі пра цану жыцця і прафесійную загартоўку

«Брыгада № 901, на выезд!» — чуем, ступаючы на парог падстанцыі № 9 хуткай медыцынскай дапамогі сталіцы.

Культура

Гісторыка-культурныя каштоўнасці стануць арганічнай часткай жыцця?

Гісторыка-культурныя каштоўнасці стануць арганічнай часткай жыцця?

​Усе помнікі рана ці позна разбурацца — гэта непазбежны працэс.

Грамадства

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Як вы думаеце, ці шмат страў можна прыгатаваць з буракоў?