Вы тут

Футбол з закрытымі вачыма


Гульня невідушчых людзей, для якіх няма перашкод.

Футбол — гульня мільёнаў, ён улюбіў у сябе балельшчыкаў больш за сто гадоў таму і працягвае рабіць гэта цяпер. Сёння ж аб'ядноўвае больш за дзвесце краін свету і носіць званне «караля спорту». Для футбола няма абмежаванняў, у яго гуляюць як прафесіяналы, так і аматары, дарослыя і дзеці. Нават сур'ёзныя праблемы са здароўем не спыняюць многіх у жаданні паганяць мяч па полі.


Гульня на слых

Так, у Іспаніі ў 1986 годзе з'явіўся футбол В1. «В» — ад слова blіnd — сляпы. 1 — першая група інваліднасці. Гэта гульня дазваляе займацца любімай справай людзям, якія з нараджэння альбо па працягу жыцця страцілі зрок. На вачах у гульцоў надзетыя павязкі, унутры мяча — трашчотка, якая выдае гукі пры перамяшчэнні, такім чынам, становішча мяча гульцы вызначаюць толькі па гуку і падказках трэнера і варатара, які, дарэчы, адзіны відушчы гулец у камандзе. Нападаючымі кіруе трэнер, які знаходзіцца за варотамі каманды сапернікаў.

Правілы гэтай катэгорыі футбола заснаваныя на стандартных правілах для класічнага міні-футбола, але ёсць свае асаблівасці.
Пры атацы футбалісты крычаць: «Бой!» (у перакладзе з іспанскай — «іду»). Памер поля для гульні складае 40х20 метраў, па ўсім перыметры яно агароджана адмысловымі бартамі, вышынёй 1,3 метра, таму афсайдаў і аўтаў быць не можа.

Ёсць свае асаблівасці і для гледачоў футбола невідушчых, ім неабходна вытрымліваць абсалютную цішыню, каб гульцы чулі адзін аднаго, звон мяча і ўказанні трэнераў.

Найбольш папулярны гэты від футбола ў Іспаніі, Англіі, Аргенціне, Францыі і, вядома, Бразіліі. Менавіта бразільцы станавіліся пераможцамі Параалімпіяд 2004, 2008, 2012 і 2016 гадоў. Першая беларуская каманда з'явілася ў 2008-м, на той момант усе гульцы былі аматарамі, гэта значыць, трэніравацца маглі толькі пасля асноўнай работы. Аднак праца спартсменаў і трэнера Алега Кірылава на энтузіязме дала свой плён. У 2016 годзе ў Беларусі футбол для невідушчых ператварыўся ў прафесійны. Цяпер хлопцы трэніруюцца кожны дзень і рэгулярна дэманструюць сваё майстэрства на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку на чэмпіянатах Еўропы.

Для многіх з іх футбол стаў нечым нашмат большым, чым проста гульня. Для людзей, якія маюць фізічныя абмежаванні — гэта магчымасць па-ранейшаму адчуваць сябе паўнавартаснымі, патрэбнымі, сацыяльна адаптаванымі. У камандзе сабраліся вельмі неардынарныя людзі, у коле іх інтарэсаў і іншыя віды спорту, мастацтва і навука.

Хацелася жыць

Напрыклад, капітан нашай зборнай В1 Юрый Ардынаў скончыў тэатральнае аддзяленне Віцебскага каледжа мастацтваў, а цяпер працуе на прадпрыемстве з інвалідамі па зроку.

«Мая пасада — інструктар-метадыст па культурна-масавай і спартыўнай рабоце, — расказвае Юрый. — Я займаюся рэабілітацыяй людзей, якія маюць праблемы са зрокам. У маім аддзеле пяць творчых калектываў маюць званне народных. Я і сам выходжу на сцэну, працуем для людзей на святы, для дзяцей і саміх работнікаў. Самі пішам музыку да спектакляў, выступаем разам з вядомымі беларускімі артыстамі. Спяваем у стылі «Песняроў», вельмі любім іх творчасць».

Праблемы са зрокам Юрыю Ардынаву перадаліся па спадчыне, дыягназ — блізарукасць. Аднак у дзяцінстве гэта не перашкаджала яму гуляць у футбол, у спорце ён з пяці гадоў, слабы зрок дазваляў прыняць мяч на грудзі, зрабіць абводку, ударыць. «На стадыёне з мячом, як любы хлапчук у нашым дзяцінстве, з раніцы да ночы», — з настальгічнай усмешкай адзначае Юрый.

Пасля падзення з ровара ў дзесяцігадовым узросце ў хлопца адбылося адслаенне сятчаткі, адно вока перастала бачыць, гэта не перашкодзіла яму вучыцца ў звычайнай школе, паступіць у каледж. Аднак гуляць у футбол урачы, вядома, забаранілі. У 23 гады такая ж бяда адбылася і з другім вокам, прыйшлося перажыць мноства аперацый. «Добра, што побач са мной увесь час знаходзяцца вельмі добрыя сябры, бо многія пасля такіх няшчасцяў замыкаюцца ў сабе. А мне хацелася жыць, чагосьці дасягнуць не толькі ў спорце, але і ў жыцці».

На шчасце, на шляху ў Юрыя сустрэўся галоўны трэнер зборнай па футболе В1 Алег Кірылаў, ён і прапанаваў яму аднавіць заняткі спортам. У футболе Ардынаў дасягнуў значных поспехаў, на яго талент нават звярнулі ўвагу французы і паспрабавалі пераманіць у сваю зборную, прапанаваўшы ўзяць грамадзянства Францыі.

Акрамя футбола Юрый гуляе ў гандбол і тэніс для невідушчых, дзе ўжо паспеў стаць чэмпіёнам Беларусі.

Спачатку часта лавіў сценкі

Яшчэ адзін гулец зборнай Беларусі Антон Шмялёў страціў зрок не так даўно, у 2009-м ён пачаў значна пагаршацца, а да 2016-га прапаў цалкам. Антон досыць хутка прайшоў адаптацыю, авалодаў шрыфтам Брайля. Падчас рэабілітацыі пазнаёміўся з чалавекам, які параіў яму паспрабаваць сябе ў футболе для невідушчых. «Паспрабаваў. Уцягнуўся. Хутка адаптаваўся, хоць спачатку часта лавіў сценкі. Для мяне самым галоўным было навучыцца самастойна перасоўвацца, самому прыходзіць на трэніроўкі. Паверце, гэта нашмат лепш, чым сядзець у чатырох сценах. Хоць многія, страціўшы зрок, робяць менавіта так. Мне футбол дапамог знайсці сябе пасля трагедыі, хутчэй адаптавацца, працягваць жыццё цікава і насычана».

Сёння Антон акрамя футбола праводзіць майстар-класы для студэнтаў Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Ён вучыць студэнтаў, як правільна паводзіць сябе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. «Галоўнае, чыму я вучу іх, гэта тое, што з інвалідамі паводзіць сябе трэба гэтак жа, як і са звычайнымі людзьмі. Не баяцца, не шкадаваць, а проста падказаць дзесьці, у патрэбны момант даць параду».

Каб адаптавацца ў футболе, трэба каля двух-трох гадоў

Галоўны трэнер зборнай Алег Кірылаў адзначае, што футбол для невідушчых дазваляе не адчуваць сябе абмежаванымі. Дзякуючы спорту ў іх ёсць магчымасць весці актыўны лад жыцця, ставіць перад сабой мэты, падарожнічаць, пазнаваць нешта новае, развівацца.

«Каб адаптавацца ў футболе, адчуваць прастору, арыентавацца на пляцоўцы, невідушчым гульцам трэба каля двух-трох гадоў. Некаторыя прыходзяць, спрабуюць і сыходзяць, гэта нармальная сітуацыя, але многія і застаюцца, — расказвае Алег Канстанцінавіч. — Я сам вырас у сям'і інвалідаў, мне знаёмыя іх праблемы, таму я ўжо шмат гадоў займаюся гэтай справай. Ведаю, што для людзей з такой праблемай, галоўнае, каб побач былі нераўнадушныя людзі».

Сёння футбол В1 даступны і для невідушчых дзяцей. Усе ахвотныя могуць звяртацца ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту. Спецыялісты адзначаюць, што займацца спортам важна нават не столькі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, колькі для іх бацькоў. Бо часцей за ўсё менавіта дарослыя заводзяць дзяцей у пэўныя рамкі, агароджваюць ад грамадства і занадта апякуюць, што перашкаджае ім адаптавацца ў грамадстве.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».