Вы тут

Кацярынін «Карагод»


Дзякуючы Кацярыне Аляксееўне Панчэні і жыхарам вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, на прыпяцкім Палессі захаваўся і працягваецца веснавы абрад «Юр'е» — адзін з самых старажытных у земляробчым календары ўсходнеславянскіх тэрыторый. Менавіта па традыцыі святкаваць «Юр'е» ведаюць у нашай краіне і саму вёску, і яе захавальнікаў — гурт «Міжрэчча» з ягоным нязменным кіраўніком. Восем гадоў таму ў вёсцы паставілі знак у гонар абраду, які ўнесены ў спіс нематэрыяльных культурна-гістарычных каштоўнасцяў.


Кожны год шостага мая мае калегі — фотакарэспандэнты і тэлеаператары з'язджаюцца ў вёску да хаты Кацярыны Аляксееўны, каб здымаць і паказваць надзвычай прыгожае і вясёлае дзейства — «карагод». Падчас свята ў хаце 77-гадовай паляшучкі не было вольнага месца — многія хацелі пабачыць і сфатаграфаваць пачатак абраду — упрыгожванне каравая рознакаляровымі папяровымі і жывымі кветкамі. Пірог-каравай напярэдадні выпекла сама гаспадыня, і называецца ён таксама — «карагод». Пад абрадавую песню: «Карагод, карагод, мы цябе наражаем! Цябе наражаем, Бога праслаўляем!..», жанчыны «прыбіраюць» галоўны атрыбут свята і выбіраюць «ваяводу», які і панясе каравай праз усю вёску. Не першы раз на пасаду ваяводы зноў абралі паважанага ў акрузе чалавека — старшыню Азяранскага сельсавета Міхаіла Аліфіраўца.

І вось «карагод» нясуць у поле, дзе рунее жыта, каб «абрачыся» (даць зарок) перад галоўным апекуном земляробаў, урадлівасці і плоднасці глебы — Юр'ем. Па павер'ях, у гэты дзень святы Юр'я бярэ ў Бога ключы і адмыкае зямлю. «Святы Юрай — божы ключнік», — кажуць на Тураўшчыне і дадаюць: «Адмыкай зямлю, выпускай расу на цёплую зямлю, на буйное жыта!» Удзельнікі праходзяць пад ручніком, сыплюць зерне і бяруцца за рукі — водзяць карагод.

Заключная частка свята — абыход вёскі. Гаспадары выходзяць на вуліцу і чакаюць Кацярынін «карагод». Вясёлае войска на чале з ваяводам абавязкова паспявае пакарагодзіць і гаспадарам — бо гэта шчаслівы знак.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.