19 Жнівень, нядзеля

Вы тут

Кінаэксперыменты ў Обергаўзене


Як на кінафестывалі перарваўся фільм, а ўсе падумалі, што гэта — яго канец.

На гэтым тыдні ў нямецкім горадзе Обергаўзен завяршыўся найстарэйшы міжнародны кінафестываль кароткаметражных фільмаў. Ён існуе з 1954 года і фарміруе некалькі конкурсаў, у тым ліку нямецкі, паказвае фільмы для тынэйджараў і дзяцей, у асобную праграму збірае найцікавейшыя музычныя відэа, прасцей кажучы, кліпы, і робіць шмат чаго іншага. Невялікі індустрыяльны горад, дарэчы, пабрацім беларускай Вілейкі, на некаторы час стаў прыстанкам для аматараў і прафесіяналаў кіно, але многіх з іх пакінуў са, шчыра кажучы, супярэчлівымі пачуццямі.


«Са­ра Ф».

Міжнародны — альбо «асноўны» — конкурс сёлета ўключыў у сябе 53 фільмы і быў галоўным аб'ектам журы FIPRESCI, часткай якога стала і я. Такога кшталту праграма не можа дазволіць сабе быць проста калекцыяй работ, што па розных прычынах спадабаліся адборшчыкам: апроч іншага, гэта цэльная структура з асобным сэнсам. Таму мы знайшлі тут і пэўны пасыл, і своеасаблівае бачанне кіно, і спробу паказаць кірунак яго развіцця. Тым больш што становішча фэсту ў Обергаўзене як найстарэйшага міжнароднага кінафестывалю кароткаметражнага кіно быццам абавязвае яго быць у авангардзе і трансляваць сучасныя цячэнні і тэндэнцыі. Прынамсі, такімі, якімі яны бачацца аўтарам праграм.

У выніку асноўным кантэнтам конкурсу стала ненаратыўнае кіно (у тым ліку ўвогуле без сюжэту, герояў і дыялогаў), рознага кшталту эксперыменты з формай, што рэдка рызыкуе быць нечым сапраўды новым, і работы, якія больш падыходзяць пад азначэнне «відэа-арт».

На іх фоне прыцягальнай выглядала падборка анімацыйных работ, здольная крануць як прыгажосцю і вынаходлівасцю вобразаў, так часам і эмацыянальна. Маю глыбокую прыхільнасць выклікала іранічная і бестурботная экстрэмальна кароткая польская карціна «О Jеzu» (ужо сам выраз прыўносіць у фільм пацешную танальнасць і без сумненняў з'яўляецца яго «вішанькай на торце»). Гэта нават сімвалічна — назваць «О Jеzu» ў якасці першага прыкладу, таму што мая рэакцыя на паказы Міжнароднага конкурсу часам была адпаведнай. Фільм складаецца з невялічкіх эпізодаў, вобразы якіх адсылаюць да свавольных ліній жывапісу XX стагоддзя. Кожная сцэна знікае сама ў сабе — то-бок персанажы літаральна прападаюць у прамым і пераносным сэнсах (можна лічыць, то ад алкаголю, то ад нераздзеленага кахання, то яшчэ ад чаго). І завяршаецца гэта ўсё лянотным, абыякавым барменам, які ў самоце перадранішняга часу выдае ўсяму гэтаму непараўнальны каментарый «О Jеzu».

На обергаўзенскім фестывалі кінулася ў вочы, што кіно значна прайграе «постпрадукцыі», якая выкарыстоўвае нешта ўжо створанае, кшталту хронікі, відэа на Yоutubе альбо фотаздымкаў, і гэтым спрабуе сканструяваць пэўную ідэю. То-бок Міжнародны конкурс выдатна паказаў, што ўсё гэта з'яўляецца трэндам, але амаль не прадставіў фільмаў, якія б трымаліся балансу і ўсё яшчэ заставаліся кіно. Тым больш што пасля карцін Жан-Люка Гадара кшталту «Бывай, мова» гэта ўжо не выглядае наватарскім.

Відавочным прыкладам удалага і лагічнага выкарыстання «постпрадукцыі» стаў фільм «Сара Ф». На дзіва, ён застаўся без узнагарод, але, на мой погляд, аказаўся найбольш адэкватным вобразам кіно, якое імкнуліся перадаць адборшчыкі кінафестывалю ў Обергаўзене, і прыкладам таго, што такое сучасны, асэнсаваны эксперыментальны фільм. У галоўнай ролі — школьніца Сара, якая на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» атрымлівае абражальныя паведамленні ад незнаёмай дзяўчыны. Апавяданне пра яе маўклівыя, нават надрыўныя будні і некамунікацыю з бацькам перамяжаецца падборкамі вытрымак з відэа-кантэнту, даступнага ў інтэрнэце. Усё гэта паказвае магутны і рандомны паток інфармацыі, пад якім аказваецца кожны чалавек, у тым ліку Сара, і пры якім ён парадаксальна пачувае сябе адзінокім. Падборкі ўрыўкаў з відэа нават у сваёй выпадковасці выглядаюць уражальна і небяспечна, а «ігравая» частка кіно дэманструе прадуманыя дэталі, гульню з ценямі і добрую перадачу такой сабе меланхоліі ў лічбавую эпоху. Ну і самае галоўнае — апошнія сцэны выкрываюць, што абражальныя паведамленні Сара шле сабе сама, ад чаго памеры яе адзіноты ўяўляюцца безданню. Апошнім паведамленнем у найбольш, можна разумець, складаны для Сары момант быў тэкст «Не хвалюйся, я з табой». Пры ўсім багацці таго, што сёння можа цябе заняць, адзіны, хто з табой застаецца, — ты сам.

Кадры пад вадой фільма «З цёмных глыбінь».

У падборку з 53 фільмаў трапіла некалькі дакументальных работ, дзе я знайшла аднаго з маіх фаварытаў — проста-складаны ўкраінскі «Фільм пра Кіеў. Эпізод першы». Надзвычай тактоўнае, ненавязлівае, прытым іранічнае апавяданне пра боль і разбітыя надзеі краіны і адзін з самых метафарычных фільмаў Міжнароднага конкурсу. Кароткаметражка паказвае незавершаны мост, будаўніцтва якога дзеля аб'яднання дзвюх частак Кіева пачалося яшчэ ў 1990-х. Людзі розным чынам кантактуюць з закінутай пабудовай, даследуюць яе, выкарыстоўваюць дзеля якіх хочаце мэт, але, вядома ж, не па прызначэнні. Тут жа адбываецца сустрэча мэра Кіева Віталя Клічко з нямецкім дыпламатам, абодва ў выніку злятаюць на верталёце. Вонкава «Фільм пра Кіеў. Эпізод першы» даволі нудны і «незачэпісты», але сэнсава не мае, напэўна, ніводнай лішняй дэталі. Мост, што сімвалізуе шлях Украіны ў Еўропу, неадназначная фігура Віталя Клічко, якая адсылае да вобраза ўкраінскай палітыкі, і нечаканае, нелагічнае прыпыненне фільма, што паказвае на пакуль што безвыніковыя высілкі стаць квітнеючай часткай Еўрапейскага саюза. І толькі «эпізод першы» у назве дае падставу меркаваць, што аўтар захоўвае надзею на шчаслівую развязку.

Обергаўзен прадставіў «альтэрнатыўны» погляд на сам від мастацтва — кіно, у азначэнне якога трапілі кароткаметражкі, якім правільней было б аказацца ў паралельных праграмах, музеях ці школах. Праграма была насычана эксперыментам дзеля эксперымента, абсурдам дзеля абсурду, бессэнсоўнасцю як прынцыповай пазіцыяй у той час, як хацелася бачыць не «пошукі» аўтараў, а апраўданае іх выкарыстанне. Таму не дзіўна, што, калі адзін з анімацыйных фільмаў перапыніўся з-за тэхнічных непаладак, публіка, зразумела, убачыла такі «канец» крыху нелагічным, але паглядзела на гэта ўжо прызвычаенымі вачыма. Маўляў, і не такое бачылі.

«О Jеzu».

Тым не менш і сярод ненаратыўнага кіно мы знайшлі, як ні дзіўна, абсалютна кінематаграфічны фільм «Гімны Масковіі», які адмыслова працуе з прасторай, рухамі і вобразамі Масквы. Здавалася б, усё даволі проста: аўтар зняў сталінскую і сучасную архітэктуру горада, што размежаваў праездам у агнях тунэля, перавярнуў выяву так, што пабудовы сталі навісаць над небам, і паказаў гэта ў павольных гіпнатычных рухах. Ці то ода Маскве, ці то дэструкцыя метраполіса з яго імперскімі амбіцыямі. Дарэчы, «Гімны Масковіі» атрымалі прыз журы FІРRЕSСІ і адзін з прызоў міжнароднага журы.

У двух фільмах з Бразіліі знайшліся актуальныя палітычныя пасылы. «Фільм для Эхуаны» ходзіць за сваёй гераіняй з абшчыны Яномамі, што мае, можна сказаць, племянны лад жыцця. У канцы фільма гучыць закадравы голас, напэўна, прадстаўніка «жыхароў лесу», які кажа, што не дасць ураду выгнаць іх з гэтай зямлі. Другая бразільская карціна «больш сумна, чым час гульні ў дажджлівы дзень» сарыентавалася ў палітычным полі віртуозней і запаралеліла выступленні прадстаўнікоў партый перад народам і пройгрыш бразільскай футбольнай зборнай Германіі.

Знайшлі мы на фестывалі і знаёмую эстэтыку кіно Казахстана. Фільм «У пошуках дома», відавочна спекулятыўны ў спробах прымусіць сэрца гледача зашчымець, расказвае пра дзетдомаўскага хлопчыка, які дзеліць лінейкай снікерс, каб аддаць яго малышам, аказваецца збітым старэйшымі, спрабуе скрасці ў краме бляшанку згушчонкі і адсылае маці канверт з малюнкам і подпісам «Мама, я цябе люблю». Малюнак вяртаецца разарваным. У вечаровай смузе хлопчык намагаецца ўбачыць твар жанчыны, якая сыходзіць, ці трапляе ў закінуты дом з дрэвам унутры. Нічога новага для Казахстана, але для праграмы Обергаўзена — адзін з нямногіх наратыўных фільмаў.

«Гім­ны Мас­ко­віі».

У выніку ў Міжнародным конкурсе давялося ўбачыць даволі мала кіно і тым больш добрага кіно (затое калегі хваліліся знаходкамі ў іншых праграмах). Большую частку праглядаў мне хацелася абараніць мастацтва ад гарэзлівай гульні ў альтэрнатыву. Кароткаметражка з Брытаніі «Нізінныя масты: сорак футаў ад вусця Вермудэна да Грэйт-Уз» адзін за адным паказвала падобныя між сабой масты. На дваццаць першым за спінай пачуўся працяжны стогн майго калегі. У анімацыйнай рабоце «Вусенічная пластыка» мужчыну ператварылі ў матылька. У брытанскай дакументалцы «Каралі, Барбара і Ганвар» тры жанчыны сталага ўзросту расказваюць, што для іх значыць рабіць свае аматарскія фільмы. «Узоры заваёўнікаў» праехаліся па індыйскім тэкстылі з закадравымі аповедамі даследчыкаў. Аўтарка «Візіту» паказвала рэчы з бабулінага дома і падбірала да іх прамыя і асацыятыўныя назвы. «Апатыя» прачытала мараль з адсылкамі да класікаў. Фільмам «Споведзь Клабаўтэрмана» павінен займацца Фрэйд.

Обергаўзен, найстарэйшы міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно, які быццам павінен паказваць кірунак развіцця кінамастацтва, гулліва і па-наватарску зайшоў настолькі далёка, што мяжа паміж фільмам і іншымі відамі мастацтва на яго пляцоўках размылася. І размылася, на жаль, дзеля даволі нудных, а часам і бессэнсоўных рэчаў. Тэндэнцыя зразумелая, дзякуй. З задавальненнем вяртаюся да наратыву.
«О Jеzu».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.