Вы тут

Як сястра міласэрнасці 15 гадоў даглядае адзінокіх старых


«Сёння да трох гадзін ночы не спала, хвалявалася перад інтэрв'ю», — прызнаецца пры сустрэчы сястра міласэрнасці Іна ДАЎГУЛЕВІЧ. Нераўнадушна яна ставіцца і да сваёй работы. Былая акушэрка, 15 гадоў таму яна прыйшла ў Дарожную арганізацыю Беларускай чыгункі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Штодзень Іну чакаюць у мінскіх кватэрах адзінокія старыя. Яна мерае ім ціск, прыносіць прадукты і лекі, працірае пролежні, ходзіць да тэрапеўта па рэцэпты, прыбірае, гатуе, стрыжэ, голіць, мые, корміць катоў... За сваю працу сястра атрымлівае 500 рублёў у месяц — гэта з даплатай за паўтары стаўкі і пашыраную зону абслугоўвання. Сціпла жыве ў аднапакаёвай кватэры разам з мужам і двума сынамі і ведае, што шчасце — у блізкіх людзях побач.


Да ве­тэ­ра­на вай­ны Ва­лян­ці­ны Паў­лаў­ны Чу­да­е­вай сяст­ра мі­ла­сэр­нас­ці пры­хо­дзіць двой­чы на ты­дзень.

«Нам такія рукі патрэбны»

Тое, што Іну занесла ў медыцыну, напэўна, лёс. Бо марыла яна аб іншай прафесіі — быць выхавальніцай у дзіцячым доме. Думала, што не выйдзе замуж. Пасля васьмі класаў скончыла педагагічныя курсы ў вячэрняй школе, працавала нянькай у садку, потым лабаранткай у медвучылішчы.

— Загадчыца фельчарска-акушэрскага аддзялення вучылішча заўважыла мяне, прапанавала: «Іна, паступай да нас. Нам такія рукі патрэбны». А я крыві баюся! Але вырашыла здаваць экзамены, — успамінае жанчына.

Па размеркаванні яна трапіла ў радзільны дом, у палату для нованароджаных. Потым замужжа, адзін дэкрэт, другі. Магчыма, Іна і працягвала б працаваць у радзільні, але памерла яе мама. Прыйшлося вырашаць з мужам, каму сысці з работы: ні ў аднаго з іх графік не дазваляў глядзець сыноў, адводзіць іх у сад. Муж больш атрымліваў, таму звольнілася Іна. Калі дзеці крыху падраслі, жанчына зноў стала шукаць працу.

— Абышла навакольныя паліклінікі і бальніцы — нідзе не бралі з маленькімі дзецьмі. Я стала на біржу — мне прапанавалі вакансію на заводзе Вавілава, які прастойваў. Натуральна, мяне не ўзялі, я там непатрэбна была. Пасядзела тыдзень дома, прыйшла ў службу занятасці зноў. Сказала: дайце хоць якую работу. Уручылі мне раздрукоўку з вакансіямі, а там — Чырвоны Крыж. Сяброўка, медработнік, параіла: «Ідзі, не думай, нармальна будзе». Як уладкавалася сястрой, так і засталася.

Іна працуе на паўтары стаўкі. Па норме павінна быць 11 падапечных, але цяпер іх дзевяць — двое памерлі некалькі месяцаў таму. Да ляжачых жанчына ходзіць штодзень (а калі трэба ранкам і ўвечары калоць лекі, то і двойчы на дзень), да астатніх — па некалькі разоў на тыдзень.

— У мяне падапечны быў — паралізаваны мужчына, 64 гады. Ён саромеўся, калі я яго мыла. Кажу: «Вы ўспрымайце мяне не як жанчыну, а як медработніка», — расказвае сястра міласэрнасці.

На кожны візіт адведзена гадзіна: 20 хвілін — на дарогу, 40 — на догляд. Але, прызнаецца Іна, за гэты час паспець амаль нерэальна. Адрасы раскіданы па ўсім горадзе, ды і абавязкаў шмат. Справаздачы жанчына піша ўночы — тады ж, калі збірае мужу «ссабойкі» на работу. На выхадных не да гэтага — трэба на лецішча з'ездзіць, сына ў арміі праведаць.

Шкарпэткі, якія сагрэлі ветэрана

Раніцай, яшчэ да нашай сустрэчы, Іна паспела з'ездзіць у паліклініку па даведку ў санаторый. Яе чакаюць у кватэры на праспекце Пераможцаў. Дзверы нам адчыняе ветэран вайны Валянціна Паўлаўна Чудаева. «Звязда» ўжо расказвала гісторыю гэтай легендарнай жанчыны (нумар за 3 ліпеня 2014 года). Зенітчыца, адзіная жанчына — камандзір гарматы ў Беларусі. Яе лёс апісала Святлана Алексіевіч у раздзеле «Тэлефонная трубка не страляе...» сваёй славутай кнігі. Пра тое, як 17-гадовая дзяўчына Валя трапіла на фронт, як ледзь не засталася без ног пасля абмаражэння, як крыўдна было, калі пасля вайны ўшаноўвалі толькі мужчын, а на жанчын быццам забыліся... Цяпер Валянціне Паўлаўне 93 гады, але яна не страціла востры розум і пачуццё гумару.

— Давай свае паперы, буду распісвацца. З мужам адзін раз, а з табой — сто, — жартуе ветэран з маладым кур'ерам, які прывёз ёй прадукты. І дае яму наказ на дарогу. — Міру вам, каб вы не ведалі, што такое вайна. На нашу долю дасталася спаўна, а вам дорым духоўную спадчыну. (І з усмешкай.) А любіць толькі раз — дзяўчат не падманвай.

Пакуль сястра міласэрнасці выгружае прадукты, Валянціна Паўлаўна дзеліцца апошнімі навінамі.

— Сёння крама прыслала мне сукенкі, штук 20 на выбар, напэўна. Я адну купіла. Але ўсё — хімія-хімія. Кажу: «Дзяўчаты, што ж вы сацін не прывезлі?». А яны бавоўну атрымліваюць у панядзелак, будуць мне званіць.

З Інай ветэран пазнаёмілася 12 гадоў таму. «Я заходзіла да Ізольды (Ізольды Семушынай — галоўнай медсястры службы сясцёр міласэрнасці чыгункі. — Аўт.) пагутарыць. Скардзілася: «Ногі мерзнуць, мне б шкарпэткі вязаныя, з натуральнай воўны», — успамінае Валянціна Паўлаўна. — І стаяла гэтая дзяўчынка, пачула. А ў яе маці — рукадзельніца найвышэйшай маркі. Наступны раз завітваю да Ізольды — і Іна з'яўляецца. Са шкарпэткамі. І такімі беласнежнымі — яны нават ніткай звязаныя былі, не адзетыя ні разу. Дагэтуль у мяне цэлыя захоўваюцца, толькі не налазяць ужо. Дробязь, а як прыемна. Пасля гэтага Іна стала маёй».

Пенсіянерка прызнаецца: сястра міласэрнасці прыносіць у дом супакой і надзею.

— Свой працоўны час яна не лічыць. Гэта не проста медсястра: прыйшла на пару хвілін — і чава-какава. Я, бывае, тэлефаную Іне дадому, а яе яшчэ няма, а часу ўжо — дзявятая гадзіна. Сын трубку здымае: «Мама на рабоце»... (да Іны) Беражы сябе. Я цябе чакаю, як анёла ў белым халаце.

Сястра пазней раскажа, як выязджала да сваіх падапечных нават уночы. «На Чкалава муж з жонкай жылі. Ёй 84, яму 89. А ў мужчыны — апошняя стадыя анкалогіі. Блізкія сваякі — у Гродне і Віцебску. Пенсіянерка пытае: «Калі ён памрэ, што рабіць?». Я і кажу: «Званіце мне». А наперадзе выхадныя. Думаю: «Божа, толькі б не ў гэтыя дні». Толькі ўлегліся спаць, у гадзіну ночы званок на мабільны тэлефон. «Іна, ён памёр. Ты прыедзеш?» — чую ў трубцы. А я ж паабяцала. Муж: «Ну што рабіць, збіраемся».

Спіс пакупак для іншых

Іна Даў­гу­ле­віч да­па­ма­гае па­да­печ­най на кух­ні.

— Я неяк днямі заплаціла за праезд за бамжа. Ну так атрымалася, — з усмешкай апраўдваецца Іна, пакуль чакаем на прыпынку патрэбны аўтобус. — Ён з бальніцы хуткай дапамогі ехаў. Зайшлі кантралёры, кажуць: «Выходзь». А ён бурчыць, што дадому трэба. Я купіла яму білет. Гэта ж таксама чалавек. Ды і выглядаў ён не зусім дрэнна: так, зарослы, але кашуля, красоўкі чыстыя.

...Дом на вуліцы Розы Люксембург. І яшчэ адна Валянціна — Васілеўна. Пенсіянерка жыве адна 22 гады з таго часу, як памёр муж. З родных у Валянціны Сарамоцінай — пляменнікі, якім самім па 60. Раз на тыдзень заязджаюць да яе, прывозяць прадукты.

Сястра міласэрнасці дапамагае пенсіянерцы памыцца самой, мые адзенне, і бялізну.

— Нам у пральню трэба рэчы завозіць, але адсюль яна далёка — лягчэй самой памыць, — тлумачыць Іна.

— Яна заўсёды пра нас памятае. Убачыла парашок на зніжцы — купіла, — дадае Валянціна Васілеўна.

— Я запісваю, каму што трэба. Калі ведаю, што ў нейкай краме акцыя, заходжу туды. Сын едзе з працы, пасля 12-гадзіннай змены, і пытае: «Мама, куды трэба заехаць?».

Ініны хлопцы часта дапамагаюць. Калі былі дзецьмі, хадзілі ў чыгуначны садок, а ён закрываўся на лета. Таму сыноў жанчына брала з сабой на работу: яны і памперсы выносілі, і парадак наводзілі.

«Няўжо можна інакш?»

— Я да чалавека стаўлюся як па біблейскім запавеце: так, як хачу, каб ён да мяне ставіўся. Адчуваю яго боль, — Іна дзеліцца асабістым. — У мяне мама ляжала, свякроў. Свякроў захварэла, калі мае дзеці былі школьнікамі. Мы забралі яе да сябе ў аднапакаёвую кватэру, хоць у яе яшчэ два сыны. Мне ўсе казалі: «Дурніца». А няўжо можна было інакш?

За 15 гадоў, што жанчына працуе сястрой міласэрнасці, пад яе доглядам было 117 падапечных. Пра многіх расказвае з цеплынёй.

— Быў мужчына сляпы. У яго заўсёды шторка была адвешана. Сыходзіш — ён стаіць каля акна і махае табе, хоць не бачыць.

Іна не хавае: не з усімі лёгка паладзіць. Складаны характар у былых кіраўнікоў. А калі яна толькі пачынала працаваць, да некаторых падапечных баялася заходзіць. Адна бабуля, напрыклад, заўсёды адчыняла дзверы з нажом у руцэ. У іншай жанчыны дома была страшэнная антысанітарыя: усё завалена хламам, бегалі прусакі. Іна не асмельвалася торбу на падлогу ставіць, каб не прыцягнуць тых прусакоў сабе ў кватэру.

Раней служба міласэрнасці брала пад апеку не толькі адзінокіх, але і тых, каго дзеці проста не глядзелі. Сястра ўспамінае сляпога пенсіянера, які пражываў разам з сынам-алкаголікам у аднапакаёўцы, раздзеленай шафай на дзве паловы. П'яніцу не было ніякай справы да бацькі: толькі кампаніі ў дом вадзіў.

— Паміж намі кажучы, практычна ва ўсіх падапечных ёсць сваякі. Пляменнікі, унукі, дзеці за мяжой. Яны ўсе чакаюць... — Іна робіць шматзначную паўзу. — Жанчына вось нядаўна памерла. У яе ўнук жыў у тым жа раёне, што яна. Хлопцу 20 гадоў. Неяк са сваім малодшым сынам прыношу пенсіянерцы тры торбы прадуктаў. І ўспомніла, што капусту не купіла. Унук той якраз у бабулі сядзеў. Кажу: «Няхай збегае». А ён толькі хмыкнуў і на майго сына кіўнуў: «Лепш ён». Уяўляеце? У бабулі 200 рублёў на дзень нараджэння папрасіў, каб у кальянную схадзіць. Тая адмовіла. Пакрыўдзіўся на яе і прыйшоў толькі ў рытуальную залу. Ужо там расплакаўся. Хлопцу, праўда, сваякі тады сказалі: «Цябе твая бабуля не пакрыўдзіла, а ты яе — вельмі».

Іна перажывае за ўсіх. Толькі на сябе ў яе часу не заўсёды хапае. На сераду брала талончык да тэрапеўта, каб выпісаць лекі: у жанчыны праблемы з сэрцам. Але да ўрача не паспела, затрымалася на візіце.

— Былі, вядома, перыяды, калі здавалася: надакучыла, — не ідэалізуе суразмоўніца. — Але да людзей прывыкаеш. Думаю: добра, дагледжу ўсіх гэтых падапечных, а ўжо потым сыду.

— Вы столькі бачылі — абыякавасці, адзіноты, няўдзячнасці. Не баіцеся старасці?

— Са сваёй сям'ёй не баюся. Мы вельмі дружныя.

Кампетэнтна

Начальнік аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Наталля ПУГАЧОВА:

— Больш за 60 працэнтаў пажылых і людзей з інваліднасцю аддаюць перавагу мадэлі жыцця, пры якой яны могуць атрымліваць медыка-сацыяльную дапамогу дома, а не быць размешчанымі ва ўстановы стацыянарнага тыпу. Таму прыярытэтным кірункам дзейнасці службы сясцёр міласэрнасці з'яўляецца аказанне гэтай дапамогі адзінокім і адзінока пражываючым старым.

У службе на пачатак года працавала 169 медыцынскіх сясцёр і 38 малодшых сясцёр міласэрнасці. Догляд дома летась атрымалі 1338 чалавек.

З 2013 года Беларускі Чырвоны Крыж сумесна з мясцовымі органамі паспяхова рэалізуе механізм дзяржаўнага сацыяльнага заказу. За пяць гадоў было падпісана 137 дагавораў на выкананне дзяржсацзаказу. Дзякуючы гэтаму штат службы сясцёр міласэрнасці павялічыўся на 37 працэнтаў.

Іншыя крыніцы фінансавання Беларускага Чырвонага Крыжа — гэта добраахвотныя членскія ўзносы і ахвяраванні грамадзян, спонсарская дапамога беларускіх арганізацый. Найбольшую ўдзельную вагу ў структуры затрат таварыства займаюць ахова здароўя і догляд, а таксама аказанне гуманітарнай дапамогі ўразлівым катэгорыям.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Анёл у белым халаце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...