Вы тут

Як зменшыць колькасць разводаў і абортаў?


Адказы на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі дыскусіі, прымеркаванай да Міжнароднага дня сям'і.

Сучасная моладзь не падрыхтаваная да шлюбу, не хоча несці адказнасць за ўстойлівасць сямейных адносін. Аб гэтым сведчыць высокі ўзровень разводаў у нашай краіне.


— 32 тысячы разводаў у мінулым годзе (гэта пры тым, што летась было заключана 66,2 тысячы шлюбаў), столькі ж у пазамінулым, — адзначыла Святлана БЕЛАШ, кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — Практычна 40 % шлюбаў, якія распадаюцца, — маладыя, у якіх сужэнцы пражылі менш за пяць гадоў. Штогод практычна 25 тысяч дзяцей перажываюць развод бацькоў, пасля чаго выхоўваюцца ў няпоўнай сям'і. Таму сёння вельмі актуальнай з'яўляецца задача па ўмацаванні шлюбна-сямейных адносін. Неабходна ўдасканальваць не толькі заканадаўства па сямейнай палітыцы, але і сістэму падрыхтоўкі моладзі да шлюбу. Павышаць даступнасць кансультацыйных паслуг для пар, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, развіваць сямейную медыяцыю, распрацоўваць праграмы, накіраваныя на павышэнне прававой культуры сужэнцаў.

Большасць сучасных жанчын і мужчын, на думку ўдзельнікаў дыскусіі, не гатовыя да сямейнага жыцця, бацькоўства.

— Як жыць у шлюбе, як выходзіць з крызісных сітуацый — гэтаму трэба вучыць, гэтак жа, як і мацярынству, — пераканана Вераніка СЯРДЗЮК, старшыня Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля». — Так, Міністэрствам адукацыі распрацавана некалькі сямейных праектаў. Але людзей, якія адказваюць за іх ажыццяўленне і пры гэтым насамрэч гараць сваёй справай, не хапае. Я ведаю некалькі такіх энтузіястаў — у Барысаве, Міры, Вілейцы — іх вельмі мала. У кожнай школе павінен быць такі чалавек. І яны павінны атрымліваць дадатковы матэрыяльны стымул.

Алена СІМАКОВА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, адзначыла, што ў школах з кожным годам павялічваецца колькасць факультатываў, накіраваных на падрыхтоўку да стварэння сям'і. Праўда, наведванне іх на сёння добраахвотнае. «Часта бацькі, выбіраючы, які факультатыў будзе наведваць дзіця, аддаюць перавагу вучэбным прадметам».

Вераніка Сярдзюк таксама звярнула ўвагу прадстаўнікоў міністэрстваў на тое, што ў нашай краіне дагэтуль няма праграмы падтрымкі студэнцкай сям'і. «Калі мы хочам, каб дзеткі з'яўляліся на свет здаровымі, жанчыны павінны пачынаць нараджаць з 20 гадоў. У нас жа сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб — ажно 28 гадоў. Зараз на ўсю краіну ўсяго толькі 400 студэнцкіх сем'яў, мы павінны ведаць сваіх герояў у твар».

Акрамя таго, старшыня «Матулі» падзялілася вынікамі ўнутранага даследавання аб прычынах перапынення цяжарнасці.

— Калі казаць пра агульны партрэт жанчыны, якая перапыняе цяжарнасць, гэта не 16-гадовая дзяўчына, якая аступілася, як думаюць многія. А замужняя спадарыня (ці ў адносінах), якая мае аднаго ці больш дзяцей. Ёсць дзве асноўныя прычыны, чаму жанчына ідзе на аборт. Па-першае, жорсткія рэпрадуктыўныя ўстаноўкі, якія мы павінны пераадольваць. У нас дагэтуль нормай лічыцца мець аднаго ці двух дзяцей. Імідж шматдзетнасці ў нашай краіне, на жаль, дагэтуль не на вельмі высокім узроўні. Звярніце ўвагу, як рэкламуюць сваю прадукцыю беларускія вытворцы: адзінкавыя з іх змяшчаюць фотаздымкі са шчаслівымі шматдзетнымі сем'ямі. У асноўным адзін-два дзіцяці і сабачка. Гэта важна. Па-другое, не фінансавы стан штурхае жанчын на аборты, а дрэнныя адносіны з татам дзіцяці, якое яна носіць пад сэрцам. Вельмі часта гэта сужыцельства. Тады жанчына не мае ніякіх гарантый, што мужчына будзе дапамагаць ёй у дэкрэтным водпуску. А гэта час, калі яна, як ніколі, мае патрэбу ў падтрымцы.

— Хачу прывесці прыклад Японіі. Там я нідзе не знайшоў сродкаў кантрацэпцыі на касах прадуктовых крамаў, як у нас, — дадаў протаіерэй Павел СЯРДЗЮК, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску. — Нідзе не бачыў сексуалізацыі ў візуальнай рэкламе ў месцах, дзе бавяць час маладыя людзі. Нідзе не пачуў агрэсіўнай, бессэнсоўнай музыкі, нават у самай таннай забягалаўцы гучыць джаз і прыемныя класічныя кампазіцыі. Калі мы зацікаўлены ў фарміраванні вобраза сям'і, у якой нараджаецца трое і больш дзяцей, трэба перагледзець шэраг практык, якія транслююцца ў масавую свядомасць грамадства.

У канцы дыскусіі ўсе яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што было б цудоўна, каб з'явілася вельмі якасная адукацыйная праграма, якая была б рэалізавана па ўсёй краіне. У яе маглі б увайсці многія аспекты сямейнай палітыкі: пачынаючы ад падрыхтоўкі да шлюбу, заканчваючы дапамогай сужэнцам у крызісных сітуацыях.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Нават у самай таннай забягалаўцы павінен гучаць джаз

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».