Вы тут

Сіла слабых


 Чалавек-гара паводле Андрэя Куцілы.

Лідар беларускага маладога дакументальнага кіно Андрэй Куціла зняў новы фільм «Цар гары». Гэты сямейны партрэт асветлены мяккім гумарам і добрасардэчнасцю. Але адначасова «Цар гары» — драма, у якой узаемазамяшчаюцца псіхалагічныя і сацыяльныя матывы, унутраныя і знешнія бар’еры, відавочная слабасць і нябачная моц.


Сямён Дзьячок пасяліўся на хутары гады тры таму, абзавёўся чарадой авечак і пачаў фермерскае жыццё. У памочніках у яго — жонка і два зусім малыя сыны. Аднак справа на лад не ідзе: судовыя цяжбы, штрафы, пагроза збяднення.

Сітуацыя прадстаўлена з двух пунктаў гледжання. Адзін належыць герою фільма Сямёну. У відэаблогу ён раскрывае свае добрыя намеры (вяртанне да прыродных першаасноў) і, па сутнасці, апісвае праславуты шлях, імі выбрукаваны.

Іншы ракурс — пабочны. Гэта пункт гледжання рэжысёра і аператара Андрэя Куцілы. Яго аб’ектыў, ужыўляючыся ў абмежаваную прастору сельскага дома, далікатна ўцягвае ў кадр іншых дзеючых асоб — жонку і дзяцей Сямёна, а таксама — навакольныя тужлівыя пейзажы, як знакі захраслага часу.

Такая двухмернасць карэктуе намер рэжысёра, схаванага за цытатай з Другога паслання да Карынфянаў святога апостала Паўла: «Але Гасподзь сказаў мне: “досыць табе благадаці Маёй, бо сіла Мая здзяйсняецца ў немачы”. І таму я значна ахвотней буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстова». Гэтыя радкі загадзя дадзены ў якасці эпіграфа да фільма.

«Немач» Сямёна Дзьячкова відавочная, калі ўзяць пад увагу яго буйнагабарытную фігуру вагой больш як 100 кг, што афарбоўвае вытанчаным камізмам вобраз героя. Але не больш. Галоўным люстрам служыць персона жонкі Ірыны, якая адцяняе непаваротлівасць Сямёна, яго няўменне даводзіць пачатае да хоць трохі адчувальнага выніку: ці гэта ўласны падворак, фермерская справа або галадоўка, якую малады чалавек анансуе, што называецца, на ўсю віртуальную сетку. Але «жыве на вадзе» Сямён толькі тры дні. Субтыльная Ірына, наадварот, нібыта мімаходам і волю дэманструе, і характар, і ўстойлівасць.

Сям’я Дзьячкоў — адзіныя героі фільма. Усе астатнія (жыхары блізкай вёскі, мясцовыя чыноўнікі) прадстаўлены апасродкавана — у характарыстыках Сямёна. Яго несупадзенне з імі афарбавана суб’ектыўнай эмоцыяй. Яго душа і цела знясіленыя бясконцым супрацьстаяннем з асяроддзем, што ўцягвае маладога чалавека літаральна ў стан абломаўскі. Таму ён дома адпачывае, у той час як яго жонка безупынна завіхаецца па гаспадарцы.

Аказваецца, што славутая сіла слабага ўвасоблена хутчэй у вобразе нешматслоўнай Ірыны. Магчыма, падобнае бачанне не супадае з рэжысёрскім. Магчыма, гэта трэці — «жаночы погляд». Тым лепш для фільма, які самараскрываецца, аддаляючыся ад аўтара да гледача.

Яшчэ адзін падводны рыф «Цара гары» — хрысціянскае вымярэнне. Адасобленае існаванне маладой сям’і Дзьячкоў, якія спрабуюць абжыць закінуты хутарскі куток, немагчыма без цяжкай бясконцай працы і веры. Веры, якая ўмацоўваецца паслухмянасцю. І гэта для герояў, напэўна, найцяжэйшае выпрабаванне. Спадзяванне на Бога тут парадаксальна суседнічае з «арлом або рэшкай» вёрткай манеты, якая вызначае выбар Сямёна тыпу «быць ці не быць».

Спроба ўкараніцца, упёршыся нагамі ў зямлю, а душой — у неба, пакуль для Сямёна Дзьячка становіцца няўдачай. Ён занадта далікатны, хоць і чалавек-«гара».

Андрэй Куціла скончыў Інстытут журналістыкі БДУ, затым БДАМ (майстэрня Аляксандра Карпава-мал.) па паскоранай двухгадовай праграме павышэння кваліфікацыі. Заняць чаргу ў гавані дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільма» ён увогуле ніколі не імкнуўся. Бо, шчыра кажучы, ісці лепш, чым стаяць на прыколе.

Наталля АГАФОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».