Вы тут

У НАН Беларусі пройдзе Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі


17—18 мая ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. У межах маштабнага мерапрыемства пройдуць навуковая канферэнцыя, круглы стол, выступленні майстроў казачнага жанру. Арганізатарам форуму з'яўляецца Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Казачны эпас — найбуйнейшы здабытак беларускай нацыянальнай культуры, які і сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнні. Беларускія казкі трывала ўбудаваныя ў сусветную казачную скарбніцу, але пры гэтым характарызуюцца пэўнымі асаблівасцямі на розных узроўнях — сюжэтна-вобразнымі, матыўнымі. Таксама вылучаюцца яны і мовай, якая тут набывае асаблівы каларыт і выразнасць.

Развіццё пісьмовай беларускай культуры, натуральна, прывяло да ўзнікнення і пашырэння аўтарскіх казак. Традыцыі казачнай літаратуры ў жыцці беларускага народа вельмі моцныя і трывалыя. Гэта адзін са складнікаў нацыятварэння беларусаў. І ўсё ж сучасныя цывілізацыйныя працэсы адсоўваюць казку на перыферыю прыгожага пісьменства. Таму ёсць патрэба акцэнтаваць важнасць мастацтва казкі для грамадства і для кожнай асобы.

Мерапрыемствы форуму адкрытыя. 17 мая ў 10.30 пройдзе пленарнае пасяджэнне (вул. Сурганава, 1, корп. 2, актавая зала на другім паверсе), яму будзе папярэднічаць канцэрт, які пачнецца ў 10.00. У 14.00 выступяць майстры казачнага жанру, носьбіты традыцыі Соф'я Каток з вёскі Пласток Любанскага раёна, Людміла Глухатарэнка з вёскі Санюкі Ельскага раёна, Аляксандр Галкоўскі з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна. Выступяць таксама пераймальнікі традыцыі. Пройдзе прэзентацыя фальклорнага зборніка тэкстаў з Любанскага раёна «Казка з быллю напалову». На працягу дня будзе працаваць выстаўка дзіцячых малюнкаў.

18 мая з 9.00 да 17.00 пройдуць пасяджэнні секцый канферэнцыі «Народная казачная проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя».

У форуме возьмуць удзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Эстоніі, Расіі, Украіны і Балгарыі, сярод якіх прэзідэнт Акадэміі навук Абхазіі Зураб Джапуа з дакладам «Асноўныя персанажы абхазскіх казак пра жывёл», кіраўніца сектара «Балканская этналогія» Балгарскай акадэміі навук Кацярына Анастасава з дакладам «Беларуская казка ў Балгарыі», загадчыца аддзела нематэрыяльнай культурнай спадчыны Дзяржаўнага Расійскага Дома народнай творчасці Варвара Дабравольская з дакладам «Рускія казачнікі ў XXІ стагоддзі», загадчыца навукова-адукацыйнай лабараторыі рэгіянальных філалагічных даследаванняў Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Бальшакова з дакладам «Пскоўская казка ў кантэксце тэмы дзяцінства ў традыцыйнай культуры».

У канцы мерапрыемства ўдзельнікі і госці будуць мець магчымасць пазнаёміцца з «Калыханкай» — найстарэйшай штодзённай вечаровай дзіцячай перадачай на Беларускім тэлебачанні, першы выпуск якой пабачыў свет у студзені 1981 года.

Загаловак у газеце: Справы казачныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».