Вы тут

Пабачыла свет кніга вершаў Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей»


У выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Кнігарня пісьменніка», заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў, пабачыла свет кніга вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей».


Ужо болей за чатыры гады назад пайшоў з жыцця майстар беларускага верша, таленавіты мастак слова, а кнігі яго і зараз прыходзяць да чытача. Відаць, у гэтым і заключаецца неўміручасць сапраўднага мастацтва — калі дыялог з чытачом, гледачом вядзецца незалежна ад нейкіх штучных намаганняў. Адным словам, жыццё Рыгора Барадуліна ў літаратуры прадаўжаецца. Калі быць дакладнымі, то кніга яго твораў, адрасаваных дзецям, выйшла ў падсерыі «Каляровы ровар». Наклад па сённяшнім часе досыць прыстойны — 1000 экзэмпляраў. Ілюстрацыі да зборніка зрабіла Лізавета Лянкевіч.

Можна нават знаёмства з кнігай раскласці на дзве часткі: першая — чытанне бацькамі для дзяцей ці чытанне самімі дзецьмі, а другая — разгляданне малюнкаў, якія мне асабіста падаюцца надзвычай красамоўнымі і істотна пашыраюць прастору тэкстаў, уплываюць на іх засваенне.

«Вулей ёсць // такі вясёлы, // пчолы // з гэтага вулля // прывядуць цябе // да школы...» Лепшага пачатку і не прыдумаеш! Адразу разумееш, чаму паэт пайшоў па шляху такога параўнання: азбука — вулей. Літары — пчолы. Чытаем ад паэта-настаўніка Рыгора Барадуліна: «Літары // ад А да Я — // пчолак дружная сям'я // носіць мёд у соты ведаў, // просіць, каб усё ты ведаў...» Прыдумак у паэта-штукара хапае. Непаседлівыя літары вядуць у кнізе сваё жыццё: Д дрэсіруе дога, Ёрш... сагравае лёд, Ж апякуецца жнівом, перавязвае жытні сноп і яшчэ шмат што робіць. З зубрам блукае ў пушчанскай завеі. Чытаць кароткія, лаканічныя мініяцюры, паяднаныя адным клопатам, — суцэльнае задавальненне, сапраўдная асалода судакранання з роднай мовай, роднымі словамі.

Вось дзе пераконваешся, што кніга з'яўляецца падарункам. Гэтым разам — падарункам бацькоў дзецям, якія яшчэ толькі-толькі пачынаюць жыць клопатам чытання.

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Спадчына народнага паэта, адрасаваная дзецям

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.